Осенние работы набирают обороты

Актуально Экономика

На палетках КСУП «Доктаравічы» гэтымі днямі асеннія работы набіраюць абароты.

Пасля заканчэння жніва ў гаспадарцы адразу ж прыступілі да сяўбы азімых. У аптымальныя тэрміны — да 25 жніўня — пасеялі азімыя рапс і ячмень, да 15 верасня плануюць справіцца з азімымі пшаніцай і трыцікале. Зараз жа поўным ходам ідуць работы па сяўбе азімай свірэпіцы.

■ Галоўны заатэхнік Іна Храмцэвіч, дырэктар Сяргей Шарупіч і в.а. галоўнага агранома Валянціна Бархат вывучаюць карту пасеваў
■ Галоўны заатэхнік Іна Храмцэвіч, дырэктар Сяргей Шарупіч і в.а. галоўнага агранома Валянціна Бархат вывучаюць карту пасеваў

— Свірэпіца — культура, багатая на бялкі, таму ў першую чаргу з яе можна нарыхтоўваць добры корм, — расказвае дырэктар КСУП «Доктаравічы» Сяргей Шарупіч. — Плануем пасеяць яе 150 га. Прыкладна з паловы плошчаў яна будзе ўбрана наступнай вясной у якасці першага зялёнага корму, што стане добрай падмогай для гаспадаркі. Частка будзе скошана на сілас (перавагай сіласу са свірэпіцы з’яўляецца тое, што ён гатовы да ўжывання ўжо праз 21 дзень). Астатняе пойдзе на насенне і будзе пасеена ў якасці сідэрату. Расліны-сідэраты выкарыстоўваюцца як натуральныя, жывыя ўгнаенні. Яны хутка набіраюць зялёную масу, узбагачаюць глебу арганічнымі элементамі і паляпшаюць яе структуру. Сярод вялікай разнастайнасці азімых сідэратаў асаблівай папулярнасцю карыстаецца менавіта свірэпіца. Яшчэ адной немалаважнай перавагай свірэпіцы — культуры прамежкавай — з’яўляецца магчымасць дадатковага выкарыстання поля. Пасля ўборкі звычайна сеюць іншую культуру і атрымліваюць яшчэ адзін ураджай. Варта адзначыць і той факт, што вырошчванне самой культуры не патрабуе вялікіх выдаткаў, яна не вельмі патрабавальная да глебы і клімату.

■ Механізатар Аляксандр Шчэрба
■ Механізатар Аляксандр Шчэрба

Сяўбой азімай свірэпіцы ў сельгас-прадпрыемстве займаецца ўжо не першы год вопытны механізатар Аляксандр Шчэрба. З пасяўным агрэгатам «Бярэсце» ён засявае гектар за гектарам. Пасяўны працэс ідзе зладжана, пад пільным кантролем спецыялістаў не толькі агранамічнай, але і зоатэхнічнай службаў.

— Пад усе плошчы азімай сяўбы ўнесена неабходная колькасць мінеральных і арганічных угнаенняў, — тлумачыць в.а. галоўнага агранома КСУП «Доктаравічы» Валянціна Бархат. — Закуплена якаснае насенне элітных гатункаў. У сярэднім за дзень засяваецца па 35 га. Сяўба вядзецца ў аптымальныя тэрміны, неабходныя для нашай агракліматычнай зоны. Для матэрыяльнага стымулявання механізатараў распрацаваны прагрэсіўны метад расцэнак, каб была зацікаўленасць у выкананні большага аб’ёму задання.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *