Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, славутага беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча

Актуально Память

Сапраўднае імя Алеся Адамовіча — Аляксандр Міхайлавіч. Нарадзіўся ён 3 верасня 1927 года ў сям’і служачых. Месца нараджэння — вёска Канюхі. У 1928 г. бацькі Міхаіл Іосіфавіч і Ганна Мітрафанаўна — медыкі па прафесіі — пераехалі з Канюхоў у пасёлак Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Тут будучы пісьменнік вучыўся з першага па сёмы клас.

■ На святкаванні 50-годдзя газеты «Слава працы» - Алесь Адамовіч, Віктар Семянкевіч, Усевалад Гурыновіч, Мікола Хведаровіч, Іван Пракарына, Іван Холад. 1980 г.
■ На святкаванні 50-годдзя газеты «Слава працы» — Алесь Адамовіч, Віктар Семянкевіч, Усевалад Гурыновіч, Мікола Хведаровіч, Іван Пракарына, Іван Холад. 1980 г.

Любіў кнігі, асабліва А. Пуш-кіна, шмат разоў перачытваў «Вайну і мір» Л. Талстога, творы М. Горкага, захапляўся В. Бялінскім. Найвялікшым «мужчынскім» аўтарытэтам для школьніка былі бацька і дзядзька (брат маці Антон Мітрафанавіч Тычына — настаўнік матэматыкі). Бацька, які працаваў урачом, самааддана адносіўся да сваёй справы, яго паважалі мясцовыя жыхары, сяляне навакольных вёсак. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька пайшоў на фронт, а маці стала актыўнай удзельніцай падполля, створанага ў пасёлку Глуша. Тады ж, у 1942 г., да партызанскай барацьбы далучыўся і Алесь Адамовіч, якому споўнілася толькі 15 гадоў. У пачатку 1943 г.  уся сям’я Адамовічаў пайшла ў партызанскі атрад імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі Мінскага злучэння. Пазней, пасля выхаду дылогіі «Партызаны», пісьменнік адзначаў: «Калі мне што і ўдалося ў рамане «Вайна пад стрэхамі», дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём». Радавым байцом ваяваў ён у партызанскім атра-дзе, які дзейнічаў у Бабруйскім і Акцябрскім раёнах. У канцы 1943 г. частка атрада злучылася з часцямі Чырвонай Арміі (усе гэтыя падзеі знайшлі сваё адлюстраванне ў рамане «Сыны ідуць у бой»).

У самым пачатку 1944 г. па пуцёўцы Цэнтральнага штаба партызанскага руху 17-гадовы юнак паехаў на Алтай. Вучыўся ў Ленінагорскім горна-металургічным тэхнікуме і адначасова працаваў. Але яго ўвесь час цягнула дамоў, нясцерпна хацелася даведацца, хто з блізкіх застаўся жывы. Вярнуўшыся ў 1945 г. на Беларусь, А. Адамовіч экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Стаў камсамольцам. Скончыўшы ў 1950 г. універсітэт, у 1953 г. аспірантуру пры ім, два гады працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці К. Чорнага (1953 г.). З 1954 г. —  навуковы супрацоўнік, з 1976 г.  —  загадчык сектара ўзаемасувязяў літаратур Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. Пасля абароны доктарскай дысертацыі (1962 г.) вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве (1962–66 гг.), адначасова выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце (1964–66 гг.). З 1987 г. — дырэктар Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута кінамастацтва Міністэрства культуры СССР (Масква).

Літаратурную дзейнасць пачаў як крытык, літаратуразнавец у 1950-м, хаця яшчэ падчас вучобы ў аспірантуры пісаў асобныя старонкі свайго першага рамана.

Апублікаваў пятнаццаць манаграфій, шмат літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў. А. Ада-мовіч — адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры».

Часта выступаў з лекцыямі і дакладамі перад насельніцтвам, неаднойчы за мяжой на міжнародных навуковых з’ездах і канферэнцыях: даклады на 8-м Міжнародным з’ездзе славістаў у Заграбе, на Шолахаўскай канферэнцыі ў Лейпцыгу, на сустрэчы нарысістаў і публіцыстаў у Празе. Яго выступленні, лекцыі, даклады прасякнуты антываенным пафасам, якім насычаны і мастацкія, мастацка-дакументальныя творы. Большасць з іх прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, партызанскай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, раскрываюць вытокі мужнасці, няскоранасці савецкіх людзей, іх маральную перавагу над ворагам.

Па сцэнарыі А. Адамовіча на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1970 г. была знята кінадылогія «Партызаны». Па матывах «Хатынскай аповесці» ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР у 1977 г. пастаўлена п’еса «Вяртанне ў Хатынь». Па матывах кнігі «Я з вогненнай вёскі…» В. Дашук зняў дакументальны фільм «Суд памяці», кампазітар Л. Шлег напісала рэквіем «Памятайце», Навасібірскі тэатр драмы зрабіў інсцэніроўку. У 1985 г. кінарэжысёрам Э. Клімавым у суаўтарстве з А. Адамовічам знята мастацкая кінастужка «Ідзі і глядзі» (кінастудыі «Масфільм» і «Беларусьфільм»), у аснову якой пакладзена «Хатынская аповесць». Фільм атрымаў першую прэмію на Сусветным кінафестывалі ў Маскве (1985 г.) і ўзнагароджаны залатым прызам, атрымаў сусветнае прызнанне, з поспехам дэманструецца на экранах многіх краін свету.

Алесь Адамовіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Шмат увагі надаваў выхаванню маладых кадраў. Быў членам Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, намеснікам старшыні па справах ЮНЕСКА пры Савеце Міністраў СССР, членам рэдкалегіі часопіса «Неман», членам рэдсавета кінастудыі «Беларусьфільм». У 1982 г. як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 37-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. У складзе дэлегацый СП СССР неаднойчы выязджаў за мяжу для творчых сустрэч з замежнымі чытачамі. Пабываў у Югаславіі, Італіі, ГДР, Польшчы, Балгарыі, ЧССР, ФРГ, Індыі, Малайзіі, Сінгапуры, Нарвегіі, Індыі  і іншых краінах.

Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Народны дэпутат СССР з 1989 г.

Памёр 26 студзеня 1994 г. ад хваробы сэрца. Пахаваны ў Глушы, непадалёк ад магіл бацькі, маці, брата, бабулі Ефрасінні Іосіфаўны.

Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *