В Копыльском районе прошел праздник «Дожинки-2017»

Актуально Жатва-2017 Экономика

«Дажынкі-2017»: Глыбока сімвалічна, што якраз напярэдадні свята горада хлебаробы Капыльшчыны завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых. Намалочана 125 тысяч тон (адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці), а значыць зроблены важкі ўклад у агульны каравай Міншчыны.

■ Анатоль Ліневіч і Ірына Кісляк (у цэнтры) падчас ушанавання пераможцаў спаборніцтва на жніве
■ Анатоль Ліневіч і Ірына Кісляк (у цэнтры) падчас ушанавання пераможцаў спаборніцтва на жніве

Яшчэ па дарозе ў філіял «Лакнея», месца правядзення раённых «Дажынак», гасцей сустракалі кампазіцыі, створаныя з рулонаў саломы: карова і бычок, мядзведзь, паравоз з вагончыкамі і многае іншае. На ўездзе ў вёску Камсамольская арганізатары свята выдатна абсталявалі цэнтральную частку дажыначнага гуляння. Над ёй велічна ўзвышаўся млын, таксама створаны з рулонаў. Ля цэнтральнай сцэны пра моманты сёлетняга жніва яскрава расказвалі фотаздымкі, зробленыя раённымі журналістамі.

■ Людміла Ніжэвіч віншуе  Валянціну Бархат
■ Людміла Ніжэвіч віншуе Валянціну Бархат

Кожнае з сельгаспрадпрыемстваў абсталявала і ўпрыгожыла свой непаўторны падворак. Пачэснае месца тут было адведзена галоўным атрыбутам кожнага «двара» — дажыначнаму снапу і караваю, які быў выпечаны са збожжа новага ўраджаю. З песнямі, жартамі і танцамі сустракалі на кожным падворку гасцей. Сярод іх — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч, старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Ліневіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, старшыня праўлення «Прыорбанк» ААТ Сяргей Касцючэнка, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Рудакоўскі і Благачынны цэркваў Капыльскай акругі протаіерэй Сергій Чарны.

■ Сімвалічны сноп «Дажынак»
■ Сімвалічны сноп «Дажынак»

Падчас афіцыйнай часткі хлебаробы ў знак пажадання дастатку і дабрабыту ўручылі сімвалічныя сноп, вянок і каравай кіраўніку раёна Анатолю Ліневічу.

— Літаральна тры тыдні таму мы святкавалі «Зажынкі-2017», — сказаў у сваім выступленні Анатоль Канстанцінавіч. — Нам пашанцавала з надвор’ем, і можна ўжо адзначыць, што гэтае жніво стала гісторыяй. Шчыра хачу па-дзякаваць працоўным калектывам усіх 17 сельгаспрадпрыемстваў, а таксама спецыялістам упраўлення райсельгасхарчу, абслуговым арганізацыям, якія добрасумленна падышлі да ўборачнай кампаніі і своечасова аказвалі падтрымку і дапамогу. Мы сабралі добры ўраджай збожжа. За гэтымі дасягненнямі стаіць цяжкая і напружаная праца нашых людзей.

IMG_9969

На сёння ў нас больш за 60 экіпажаў камбайнаў сабралі і больш за 50 вадзіцеляў перавезлі звыш 1000 тон збожжа. Капыльскі раён адным з першых у вобласці скончыў жніво. Гэта азначае, што мы сапраўды правялі яго арганізавана. Патэнцыял капыльскай зямлі вялікі, аснову якой складаюць нашы людзі. Можна атрымліваць 200 тысяч тон! Неабходна нацэльваць свае калектывы на выкананне пастаўленай задачы. Шчыра спадзяюся, што, закладваючы ўраджай 2018 года, мы выканаем усе тэхналагічныя патрабаванні, каб атрымаць яшчэ большы паказчык».

Хлебаробаў Капыльшчыны павіншаваліа з добрым вынікам і заканчэннем жніва-2017 Людміла Ніжэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яна ўручыла Падзячныя пісьмы і памятныя падарункі першым тысячнікам — вадзіцелю ААТ «Капыльскае» Міхаілу Рыцьку, камбайнаваму экіпажу ААТ «Піянер-Агра» ў складзе Аляксандра Іваноўскага і Віктара Варэніка, маладзёжнаму экіпажу камбайна ў складзе Яўгена Скарбіча і Мікалая Ермаковіча, якія адкрылі Дошку гонару Капыльшчыны яшчэ напачатку жніва. Са словамі віншавання да земляробаў звярнуліся Сяргей Касцючэнка і айцец Сергій. Важкі ўклад у агульны каравай Капыльшчыны ўнеслі і жанчыны. Сярод іх — в.а. галоўнага агранома філіяла «Грозава» Дар’я Рудзеня, галоўны аграном КСУП «Доктаравічы» Валянціна Бахта, якія таксама атрымалі ўзнагароды ад дэпутата.

■ Весела сустракалі гасцей на кожным падворку
■ Весела сустракалі гасцей на кожным падворку

Прадстаўнікі раённай улады, раённага Савета дэпутатаў, начальнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, упраўлення райсельгасхарчу, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі і галоўныя аграномы сельгаспрадпрыемстваў, абслуговых арганізацый. Усе яны на свяце не асталіся без увагі і атрымалі сімвал дажынак — каравай.

Шэраг работнікаў сельскай гаспадаркі адзначаны за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё прафсаюзнага руху. Падзякі Мінскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК брыгадзіру вытворчай брыгады Марыне Васілеўскай і аграному ўчастка «Смалічы» Таццяне Хоміч з ААТ «Ціміразеўскі» уручыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Сцяпура.

IMG_9938

Былі ўзнагароджаны кіраўнікі гаспадарак, чые падворкі, караваі з мукі новага ўраджаю і дажыначныя снапы, на думку журы, былі самымі абсталяванымі, смачнымі і прыгожымі. Выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталь Ракевіч разам з Ірынай Сцяпурай уручылі грашовыя ўзнагароды пераможцам у розных намінацыях: за лепшыя снапы — філіялу «Лакнея», ААТ «Скабін» і «Прагрэс-2010»; за лепшыя падворкі — ААТ «Ціміразеўскі», «Старыца-Агра» і ЗАТ «Жыліхава»; за лепшыя караваі — ААТ «Піянер-Агра», філіял «В. Раёўка» і КСУП «Доктаравічы».

■ Госці і ўдзельнікі свята
■ Госці і ўдзельнікі свята

Кульмінацыяй урачыстасці стала ўручэнне ўзнагарод пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Перадавікоў віншавалі старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч і старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Кісляк.

Шчодрых апладысментаў у сувязі з нараджэннем сына ў час правядзення ўборачнай кампаніі ўдастоены дырэктар КСУП «Доктаравічы» Сяргей Шарупіч. Сяргей Яўгенавіч атрымаў каштоўны падарунак ад райвыканкама і раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». Дарэчы, КСУП «Доктаравічы» аб’яўлены як месца правядзення «Зажынак-2018».

А якое ж свята без песень? Цудоўны настрой гасцям «Дажынак» і мясцовым жыхарам дарылі работнікі ўстаноў культуры. Падчас канцэртнай праграмы кожны нумар мастацкай самадзейнасці ў выкананні народнага ансамбля народнай песні «Спадчына, вакальнага ансамбля РЦК «Сяброўкі», салістаў Вольгі Даманскай, Аліны Лапушанскай, Валянціны Зарамбоўскай і Сняжаны Фаміцкай успрымаўся гасцямі свята на «ўра». А з роляй вядучых выдатна справіліся Людміла Кудрачова і Вячаслаў Курчык. Рознакаляровымі фарбамі ззялі вырабы на выставе майстроў народнай творчасці. Былі арганізаваны і вясёлыя атракцыёны для дзяцей.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *