Хлебная нива в ОАО «Тимирязевский» — одна из самых больших на Копыльщине

Актуально Жатва-2017 Экономика

Тут неабходна ўбраць чатыры тысячы гектараў.

Перш за ўсё накіраваліся камбайны на рапсавыя палеткі, якія займалі ў гаспадарцы 620 гектараў.

■ Яўген Скарбіч і Мікалай Ермаковіч — маладзёжны экіпаж-«тысячнік»
■ Яўген Скарбіч і Мікалай Ермаковіч — маладзёжны экіпаж-«тысячнік»

— Рапс — культура патрабавальная да абмалоту, капрызная, — адзначае дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатоль Ладыга. — Але нашы механізатары ўжо спрактыкаваныя ў няпростых працоўных буднях, апантаныя работай і жаданнем выканаць яе «на выдатна». Таму аднымі з першых у раёне ў сціслыя тэрміны справіліся з даведзеным заданнем.

■ Дырэктар Анатоль Ладыга
■ Дырэктар Анатоль Ладыга

Адразу ж, без раскачкі, перайшлі да ўборкі збожжавых. Усяго сёлета на жніве задзейнічаны 11 камбайнавых экіпажаў. Нагрузка на адзін складае звыш 400 гектараў (гэта таксама адна з найбольшых у раёне). З 11 экіпажаў чатыры маладзёжныя. Менавіта яны задаюць тон у рабоце. Напрыклад, першым, хто ў раёне намалаціў тысячу тон збажыны, стаў экіпаж у скла-дзе Яўгена Скарбіча і Мікалая Ермаковіча. Павіншаваць лідараў з працоўнай перамогай на поле прыехалі прадстаўнікі адміністрацыі сельгаспрадпрыемства і райкама ГА «БРСМ». У гонар перадавікоў гучалі цёплыя словы, ім выказалі падзяку за стараннасць, уручылі падарункі і грашовыя прэміі. У складзе экіпажа Яўген і Мікалай працуюць упершыню, аднак у іх атрымліваецца знаходзіць разуменне. Абодва хлопцы мясцовыя. Яўген пасля заканчэння Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа працуе механікам, Мікалай — індывідуальны прадпрымальнік, аднак на перыяд гарачай пары вырашыў аказаць дапамогу роднай гаспадарцы.

■ Механізатар Сяргей Пяцігорац на прасаванні сена
■ Механізатар Сяргей Пяцігорац на прасаванні сена

Падчас размовы спыталі ў камбайнераў, ці задаволены ўраджаем. У адказ пачулі, што хлеб на ціміразеўскіх палетках сёлета ўрадзіў нядрэнны — звыш 30 цэнтнераў з гектара атрымліваюць. Не маглі не спытаць і пра ўмовы працы. Як адзначылі хлопцы, безумоўна, праца на зямлі не з лёгкіх, але ў гаспадарцы робіцца ўсё дзеля таго, каб не адчуваць яе цяжар. Механізатары забяспечаны двухразовым харчаваннем, у кабіне камбайна працуе кандыцыянер, пасля напружанага дня ёсць магчымасць прыняць душ. Наша гутарка была нядоўгай, бо камбайнеры спяшаліся ўхапіць кожную пагодлівую хвіліну. Ва ўсіх адчуваўся пазітыўны настрой і радасць ад выкананай справы.

■ За работай аператары ЗСК-40 Міхаіл Мікуліч і Аляксандр вайтовіч
■ За работай аператары ЗСК-40 Міхаіл Мікуліч і Аляксандр вайтовіч
■  Галоўны аграном Віталь Гаўрыс і  механізатар Уладзімір Казакевіч на ворыве глебы пад азімыя
■ Галоўны аграном Віталь Гаўрыс і механізатар Уладзімір Казакевіч на ворыве глебы пад азімыя

Ціміразеўская збажына няспыннай плынню паступае на сушылку, дзе ўсім працэсам кіруе аграном-насеннявод Святлана Шчалкун. Сушкай збожжа кругласутачна займаюцца дзве змены аператараў ЗСК-40: Міхаіл Мікуліч, Аляксандр Вайтовіч, Валерый Панцэвіч і Сяргей Чарніковіч, на адвозцы заняты вадзіцель Анатоль Пячонкін. На момант нашага наведвання рыхтаваўся на адгрузку піваварны ячмень. Штодзень збожжа паступае на піўзавод «Крыніца», хлебапрыёмны пункт і іншыя прадпрыемствы. Таксама ў сельгаспрадпрыемстве працуюць над тым, каб забяспечыць сябе і гаспадаркі раёна насеннем першай рэпрадукцыі ці эліты. Дарэчы, сяўба азімых павінна пачацца з дня на дзень. Ужо заарана каля 450 гектараў глебы пад азімы рапс, на чарзе — азімая сурэпіца. Для сяўбы ў аптымальныя тэрміны ў навукова-практычным цэнтры набыты новы пасяўны агрэгат. Гэтымі днямі на ворыве заняты адзін з вопытных механізатараў Уладзімір Казакевіч. Акрамя таго, ціміразеўцы вядуць нарыхтоўку кармоў. Напрыклад, на прасаванні сена цяпер заняты добра вядомы нашым чытачам па мінулагодніх уборачных Сяргей Пяцігорац.


Карысны адрас:

223930, Мінская вобласць, Капыльскі р-н, аграгарадок Быстрыца, вул. Ціміразеўская. Тэлефоны: (8-01719) 4-84-68 — прыёмная, 4-84-41 — бухгалтэрыя, 4-84-97 — дыспетчарская, факс 48-4-31.


— Усе, і механізатары, і спецыялісты, вельмі адказна адносяцца да даручанай справы, — падкрэслівае Анатоль Ладыга. — Разумеюць, што працаваць на хлебнай ніве трэба з энтузіязмам, аптымізмам і ўпэўненасцю, што ціміразеўскія засекі будуць поўныя.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *