На Копыльщине прошли «Зажинки-2017»

Актуально Жатва-2017 Экономика

Афіцыйны старт уборачнай кампаніі на Капыльшчыне дало найстарэйшае земляробчае свята, вядомае спрадвеку як «Зажынкі», — свята першага снапа. Сёлета ўрачыстасць прымала адно з вядучых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — ААТ «Піянер-Агра».

На ўпрыгожанай пляцоўцы непадалёку ад аграгарадка  Мажа  сабраліся  ганаровыя  госці,  прадстаўнікі раённай улады, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і мясцовыя жыхары. Пачэснае месца было адведзена камбайнёрам і механізатарам, якія з’яўляюцца галоўнымі героямі свята.

Снапы галоўным героям свята - механізатарам
Снапы галоўным героям свята — механізатарам

З пачаткам жніва прысутных павіншаваў старшыня Капыльскага раённага выканаўчага камітэта  Анатоль Ліневіч. «Паважаныя сябры! Сёння вялікае свята. На гэтай урачыстасці мы зажнем першы сноп, з якога будзе спечаны каравай Капыльскага раёна, — адзначыў старшыня райвыканкама. — Нам неабходна ўбраць вельмі вялікую плошчу — 35 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Гэта важкі ўклад у каравай вобласці — амаль 10% ураджаю Міншчыны. Таму мы сваімі намаганнямі, сваёй працай павінны сабраць зерне і засыпаць у засекі. Мы знаходзімся на землях ААТ «Піянер-Агра». Аляксандр Рыгоравіч Макарчук — адзін з тых кіраўнікоў, чыімі намаганнямі штогод прырастае скарбонка раёна. Таму я спадзяюся, што, праводзячы «Зажынкі» на гэтай зямлі, мы атрымаем добры вынік». Анатоль Ліневіч звярнуўся і да механізатараў сельгаспрадпрыемства. Ён адзначыў, што, не зважаючы на складаныя ўмовы надвор’я, ім неабходна своечасова і якасна ўбраць ураджай.

Падчас асвячэння хлебнай нівы
Падчас асвячэння хлебнай нівы

Па традыцыі Боскае благаславенне прагучала ад Благачыннага цэркваў Капыльскай акругі протаіерэя Сергія. Святар акрапіў святой вадой механізатараў, тэхніку і хлебную ніву. Пасля благаславення жнеі мясцовай гаспадаркі Валянціна Ясючэня, Валянціна Казлоўская і Ганна Макарчук, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, з прымаўкамі і святочнай песняй адправіліся зажынаць першыя снапы. Іх атрымалі Анатоль Ліневіч, Аляксандр Макарчук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. Маладыя дзяўчаты — удзельнікі гуртка раённага Цэнтра культуры — таксама ўручылі ўпрыгожаныя снапы гасцям, якія прысутнічалі на ўрачыстасці. Па народнай традыцыі старшыня райвыканкама пад першы сноп, памешчаны на ручнік, паклаў чатыры манеты, каб будучы каравай быў важкім.

Анатолю Ліневічу ўручае сноп Валянціна Казлоўская
Анатолю Ліневічу ўручае сноп Валянціна Казлоўская

Кароткі дождж, які намачыў на зажынках першы сноп, прысутныя ўспрынялі як добрую народную прымету. Дарэчы, здаўна лічылася: такая з’ява прыроды падчас свята гаворыць пра тое, што ўборачная не зацягнецца, а ўраджай будзе багатым.

Шчырыя словы віншавання са святам прагучалі таксама ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Ніжэвіч. «Мне вельмі прыемна прысутнічаць на гэтым свяце і раздзяляць радасць і тыя пачуцці, якія перапаўняюць кожнага з вас. Таму што няма больш высакароднай працы, чым праца на зямлі. Менавіта тут ствараецца галоўнае багацце ўсіх часоў і народаў — хлеб, — адзначыла Людміла Іванаўна. — Хлеб — гэта жыццё, гэта — бяспека нашай краіны. Ад усёй душы жадаю нашым хлебаробам, каб гэта праца ўвянчалася вялікім ураджаем. Я ведаю, колькі робіцца і колькі будзе зроблена на капыльскай зямлі. Вы ўсе прыклалі шмат намаганняў для таго, каб унесці добры ўклад у скарбонку Міншчыны. Жадаю, каб наш капыльскі каравай быў самым важкім у вобласці».

Кранулі душу і словы гаспадара свята Аляксандра Макарчука, які падкрэсліў: «Пачатак уборкі ўраджаю, першы праход камбайна, напэўна, — самыя хвалюючыя хвіліны ў жыцці земляроба. Каб надышоў гэты дзень, трэба было прыкласці шмат намаганняў». Дырэктар гаспадаркі заклікаў хлебаробаў не толькі сабраць ураджай да апошняга зярняці, але і паклапаціцца пра сваё здароўе, захоўваючы тэхніку бяспекі.

Удзельнікаў «Зажынак» вітае Аляксандр Макарчук
Удзельнікаў «Зажынак» вітае Аляксандр Макарчук

Для ўдзельнікаў «Зажынак» у выкананні народнага ансамбля народнай песні «Спадчына», а таксама артыстаў самадзейнасці Ванелевіцкага цэнтра культуры і вольнага часу прагучалі добра вядомыя святочныя песні. Пакуль над хлебнай нівай лілася мелодыя, гасцям і хлебаробам уручылі хлеб з мукі мінулагодняга ўраджаю.

Выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці Ванелевіцкага цэнтра культуры і вольнага часу
Выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці Ванелевіцкага цэнтра
культуры і вольнага часу

Нарэшце надышоў кульмінацыйны момант: Аляксандр Макарчук  аддае каманду экіпажам: «Па машынах!» І магутныя камбайны накіроўваюцца да хлебнай нівы, даючы старт жніву-2017 на Капыльшчыне.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *