22 июня — День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны

Актуально Память

Ветэран Леанід Дзмітрыевіч Шаблюк з в. Рымашы, што ў Бабаўнянскім сельсавеце, памятае падзеі Вялікай Айчыннай: яе пачатак і салдацкія будні. Памятае і страты, якія яна прынесла  сям’і.

Яўгенія Вікенцьеўна і Леанід Дзмітрыевіч: успаміны, успаміны, успаміны....
Яўгенія Вікенцьеўна і Леанід Дзмітрыевіч: успаміны, успаміны, успаміны….

Па дарозе да Рымашоў я разважала над тым, што цікавага раскажа былы салдат? Якой засталася ў яго памяці тая жудасная вайна? А на справе атрымалася, што пра трагічныя падзеі ёсць чым падзяліцца і яго жонцы, Яўгеніі Вікенцьеўне. Ды і наогул, сустрэча атрымалася шчырай і эмацыянальнай.

Леанід Дзмітрыевіч Шаблюк
Леанід Дзмітрыевіч
Шаблюк

На хаце Шаблюкоў дзве шыльдачкі нагадваюць аб тым, што тут пражывае ветэран. У доме цёпла і ўтульна. На відным месцы вісіць пінжак ветэрана, на якім зіхацяць ордэн Айчыннай вайны, медалі «За победу над Японией», шматлікія юбілейныя і працоўныя ўзнагароды.

— Лёнічак мой залаценькі, да цябе з газеты прыехалі! — сустракае на парозе гаспадыня. — Праходзьце, калі ласка.

— Я добра памятаю пачатак вайны, — пачынае размову Леанід Дзмітрыевіч. — У нас дома ў Пясочным, дзе я, дарэчы, і нарадзіўся ў 1927 годзе, было радыё. З гэтай чорнай талеркі мы і пачулі, што Германія аб’явіла вайну СССР. Але мне, 14-гадоваму юнаку, неяк не ўяўлялася, чым для нас абернецца гэтая навіна. Дні стаялі спякотныя, таму мы з сябрамі плавалі ў Нёмане каля млына. І тут бачым:  па дарозе едуць нямецкія салдаты на матацыклах. Потым прайшлі браневікі і аўтамабілі з афіцэрамі. Немцы загадалі адкрыць магазін. Адзін з іх увайшоў у будынак, убачыў савецкі сцяг, падняў яго, паглядзеў ды і кінуў. Мы вельмі перажывалі, калі ўбачылі гэтую брыдоту. Памятаю, як праз нашу вёску адыходзілі савецкія салдаты. Да болю сумна было на іх глядзець. А той млын немцы потым бамбілі ажно двойчы, бо ён быў пабудаваны з каменя, і з першай спробы яго не ўдалося знішчыць. Справа ў тым, што млыном гэтым карысталіся і партызаны. Памятаю, як немцы засылалі ў нашу вёску правакатараў, якія прывозілі рэчы нібы на продаж, а самі выведвалі ў мясцовых жыхароў розныя звесткі і даносілі потым у Мінск вышэйстаячай уладзе.

Дарэчы, мой бацька Шаблюк Дзмітрый Фёдаравіч ужо знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі. Ён, былы галоўны ўрач Песачанскай амбулаторыі, быў прызваны яшчэ ў 1940 годзе і служыў у Беластоку. Пазней прыйшла афіцыйная папера, што тата прапаў без вестак. У 43-м годзе загінуў мой брат Уладзімір, які змагаўся ў партызанах недзе на Палессі. Другога брата Аляксандра немцы забілі прама ў роднай вёсцы. Яму было ўсяго 20. Закранула вайна і сястру Зіначку. Назіраючы за дзеяннямі немцаў ды паліцаяў, дзяўчынка спалохалася. Гэта прывяло да хваробы, і хутка Зіначка памерла.

Ведаеце, наша Пясочнае называлі «партызанскай Масквой», бо вакол вёскі — лясы, дзе знайшлі прытулак народныя мсціўцы. Мая матуля Надзея Іванаўна часта пякла для іх хлеб. А сама вёска была пад асаблівай увагай захопнікаў: калі наступалі халады, яны бралі Пясочнае ў так званую блакаду, і мясцовыя жыхары не маглі яго пакінуць.

Яўгенія Вікенцьеўна Шаблюк
Яўгенія Вікенцьеўна Шаблюк

У рады Чырвонай Арміі мяне прызвалі ў канцы 44-га года. Адразу мяне  адправілі ў вучэбны батальён малодшых камандзіраў, што знаходзіўся пад Масквой. Там я прабыў да мая 45-га года. І тут мы атрымалі звесткі аб Перамозе! Як тады ўсе радаваліся! Віншавалі адзін аднаго! Але сваю перамогу мы святкавалі рана. Хутка нас накіравалі на Далёкі Усход ваяваць з Японіяй. Я быў ужо камандзірам аддзялення. Эх, пяхота-матухна!

Пустыня Гобі (а менавіта там нам і давялося ваяваць) — гэта пустынная і паўпустынная вобласць у Цэнтральнай Азіі, на тэрыторыі Манголіі і Кітая. Пасля Сахары другая па велічыні пустыня Зямлі. Там нават у азёрах салёная вада. І шмат людзей загінула менавіта з-за дрэнных прыродных умоў. Але нягледзячы на гэта, мы праходзілі ў дзень па 90 кіламетраў! А японцы, скажу я вам, былі вельмі моцнымі ваякамі! Са мной разам служылі і мае землякі: Міхаіл Шкірыч з Капыля, Эдуард Мікуліч і Стэфан Ярмаліцкі з Бабоўні, Сцяпан Цвірка з Язвінаў, Васіль Астрэйка з Пясочнага. Усе мы дапамагалі адзін аднаму. Пазней я стаў ужо наводчыкам 57-міліметровай гарматы 312-га гвардзейскага стралковага палка. Страляў добра, за што і маю два знакі адрознення. Служба мая скончылася ў 1951 годзе, і я вярнуўся ў родную вёску.

— А ў гэты час там у магазіне працавала я, і «ўхапіла» Лёнечку, — уступае ў размову Яўгенія Вікенцьеўна. — Мне таксама ёсць што расказаць пра вайну тую. Нарадзілася я ў 1923 годзе ў Рымашах. Але наперад скажу, што бацька мой, старшыня калгаса, у 37-м годзе быў арыштаваны і сасланы ў лагер на 10 гадоў. Падставай стаў данос аднавяскоўца-камуніста.

…Памятаю, як аб пачатку вайны прыйшло паведамленне з раёна. А ў 43-м годзе, калі вяртаўся з партызанскага задання, загінуў мой брат Валік. Гэта здарылася недалёка ад вёскі Думічы. Разам з таварышам яны ішлі па полі. Раптам з’явіліся немцы і паліцаі. Таварыш неяк уцёк, а Валіка паранілі, потым нечым аблілі і падпалілі. Сямнаццаць гадкоў было Валіку, — уздыхае жанчына. — Таго ж чалавека, што некалі данёс на майго бацьку, расстралялі немцы, бо быў камуністам. І калі яго вялі да месца пакарання, ён крышачку затрымаўся каля мяне і толькі паспеў сказаць: «Жэнечка, даруй мне…». Я ўжо даўно ўсім даравала…

Застаецца толькі дадаць, што з таго моманта, як  у 51-м годзе Леанід Дзмітрыевіч і Яўгенія Вікенцьеўна пазнаёміліся, яны так і крочаць разам па жыцці. Ён ласкава называе жанчыну Мой начальнік, яна яго — Лёнічак мой залаценькі. Леанід Дзмітрыевіч адпрацаваў усё жыццё ў сельскай гаспадарцы, Яўгенія Вікенцьеўна — у райспажыўтаварыстве. Выхавалі разам пяцёра дзяцей. З гонарам называюць колькасць унукаў — 10 і праўнукаў — 9. Калі пачынаюць дзяліцца ўспамінамі, з захапленнем дапаўняюць адзін аднаго, бо жыццё іх — нібы адно на дваіх.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *