Савичи — не узнать!

Культура Навіны

savichy-1-vinakurnya-2855-1416589551_b1

Нядзельным днём, 4 чэрвеня, вёска Савічы сустракала шматлікіх гасцей.

З раніцы гучала вясёлая музыка, якая заклікала ўсіх жыхароў на свята. З розных бакоў з’язджаліся легкавыя машыны з былымі жыхарамі гэтай знакамітай вёскі. Пляцоўка, на якой ладзілася дзейства, напаўнялася людзьмі рознага ўзросту: ад малога да старога. Даўно вуліцы гэтай невялічкай вёсачкі не бачылі столькі народу, напэўна, з часоў Вайніловіча.

Вядома, што вёска Савічы — радавое памесце роду Вайніловічаў. Эдвард Вайніловіч пабудаваў у Мінску касцёл у гонар сваіх памерлых дзяцей Алены і Сымона. У самой жа вёсцы знаходзяцца радавыя могілкі, дзе былі пахаваны Алена, Сымон і іншыя блізкія родзічы Эдварда Вайніловіча.

Свята вёскі, як адзначаюць старэйшыя жыхары, ладзілася ўпершыню. Многія пыталіся яшчэ напярэдадні: што будзе на гэтым свяце, напэўна, і сталічныя артысты прыедуць? Не, сталічных артыстаў на свяце не было, але свае, мясцовыя, парадавалі не горш за сталічных.

Падрыхтоўка да свята вялася доўга: больш за год. Пачалося ўсё яшчэ вясной 2016-га, калі на пасяджэнні Цімкавіцкага сельвыканкама было прынята рашэнне прывесці ў належны стан мясцовыя могілкі. Даручана было пачаць работы па навядзенні парадку філіялу дзяржаўнага прадпрыемства «Мінаблпаліва», якое пачало выразку дрэў, кустоўя і парасніку. Пасля да іх далучыліся і сельвыканкам, і ўстановы сацыяльнай сферы Цімкавіцкага сельсавета, мясцовая гаспадарка. І работа закіпела. У кастрычніку гэтага ж года на могілках ужо стаяла новая пафарбаваная  агароджа.

Склалася так, што патрабавала добраўпарадкавання і сама вёска, якая яшчэ ў другой палове ХХ стагоддзя налічвала каля 400 жыхароў. За апошнія 50 гадоў яна прыйшла ў заняпад, і сёння ў ёй зарэгістравана ўсяго 27 чалавек, фактычна ж пражывае не больш за 15. Зарослыя прысядзібныя надзелы, паўразбураныя дамы і надворныя пабудовы, пахіленыя гнілыя агароджы — гэта ўсё кідалася ў вочы кожнаму, хто сюды наведваўся. А прыязджалі не толькі былыя мясцовыя жыхары, але і госці з блізкага і нават далёкага замежжа. Таму ў снежні 2016 года райвыканкам прыняў рашэнне прывесці ў належны стан Савічы. Уся вёска была падзелена на ўчасткі, замацаваныя за раённымі арганізацыямі і прадпрыемствамі для навядзення парадку. Патрэбна выказаць вялікую ўдзячнасць калектывам раённых прадпрыемстваў і асабіста іх кіраўнікам: Капыльскага РБУ, РАНС, ПМК-11, ДРБУ № 124, райаграсэрвісу, філіяла «Мінаблпаліва» і Аўтамабільнага парку

№ 21, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, раёна электрасетак, якія адказна аднесліся да гэтай справы і арганізавалі работу так, што ў хуткім часе Савічы нельга было пазнаць. Пачынаючы з сакавіка, на працягу двух месяцаў на ачышчаных участках працавала тэхніка Ляхавіцкага ПМС, дзякуючы якой было распрацавана, а мясцовай гаспадаркай —  СГФ «Руднае»  —  уведзена ў севазварот больш за 50 надзелаў. Разам з тэхнікай штодзённа працавалі работнікі Цімкавіцкага сельвыканкама, сацыяльных устаноў сельсавета.

І вось у новым сваім выглядзе Савічы адзначалі свята роднай вёскі, якое было падрыхтавана сумесна работнікамі і самадзейнымі артыстамі Руднянскага клуба-бібліятэкі, Вялікараёўскай бібліятэкі-клуба, Навасёлкаўскага і Цімкавіцкага дамоў культуры. Адкрыла свята старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава, якая спынілася на багатай гістарычнай спадчыне вёскі Савічы. Мясцовым жыхарам ёсць чым ганарыцца і патрэбна прыкласці ўсе намаганні, каб вёска Савічы не знікла з карты Капыльскага раёна, а захавала і прадоўжыла сваю гісторыю. Алена Мечыславаўна заклікала ўсіх нашчадкаў не забываць сцежкі да сваёй бацькаўшчыны і захаваць тое, што засталося.

На свяце былі адзначаны яе жыхары: дбайныя і сапраўдныя гаспадары. Віншаванні і памятныя падарункі атрымала сям’я Любові Васільеўны і Міхаіла Віктаравіча Падгалых, якія напрыканцы мая адзначылі 45 гадоў сумеснага жыцця. падарункам і віншавальнымі словамі была ўшанавана 80-гадовая юбілярка Лёля Іванаўна Рымашэўская. Музычныя віншаванні атрымалі 50 і 55-гадовыя юбіляры Уладзімір Іванавіч Крывецкі і Аляксандр Анатольевіч Крывецкі. На жаль, намінацыя «Лепшае падвор’е» засталася без узнагароджаных, і савічанам ёсць над чым працаваць, каб на наступным свяце выправіць памылку. Кожная намінацыя суправаджалася добрай песняй у выкананні сама-дзейных артыстаў. Бурнымі апладысментамі сустракалі савічане землякоў Марыю Аляксееўну Гарбуз, якая весяліла прысутных сваімі байкамі, а таксама баяніста Валянціна Смольскага, у выкананні якога гучалі знаёмыя ўсім мелодыі.

Свята завяршылася, але яно надоўга застанецца ў памяці жыхароў вёскі і стане стымулам для далейшых добрых спраў па прывядзенні Савіч у належны санітарны стан. Работы наперадзе яшчэ многа, і якойстане вёска праз год, залежыць ад кожнага, хто мае хоць малое да яе дачыненне. А справаздачу савічане будуць трымаць у чэрвені 2018 года на чарговым свяце вёскі.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *