В агрогородке Песочное прошел праздник деревни

Актуально Культура

На Капыльшчыне стала добрай традыцыяй праводзіць святы вёсак. Сёлетні год унёс у гэтую справу новыя павевы: рыхтавацца дапамагаюць ледзь не ўсе прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Прынамсі, вельмі шмат было зроблена для навядзення парадку ў вёсцы Савічы Цімкавіцкага сельсавета, нямала давялося папрацаваць і ў Пясочным. Затое ёсць на што паглядзець і чаму парадавацца.

Ірына Кісляк уручае падарунак сям'і Грыцкевіч
Ірына Кісляк уручае падарунак сям’і Грыцкевіч

У аграгарадку Пясочнае прайшло свята вёскі. Да яго старанна рыхтаваліся не толькі мясцовыя жыхары і арганізацыі, размешчаныя на тэрыторыі Бабаўнянскага сельсавета. Дапамогу аказвалі многія прадпрыемствы Капыля.

Землякоў віншуе Леанід Станіслаўчык
Землякоў віншуе Леанід Станіслаўчык

Да таго ж ход навядзення парадку ў гэтым населеным пункце пастаянна быў на кантролі ў раённай улады: неаднаразова арганізоўваліся выезды членаў райвыканкама і кіраўнікоў зацікаўленых службаў, ішоў кантроль за выкананнем даручэнняў. Таму не дзіўна, што на свяце вёскі госці з Капыля былі ў ліку ганаровых. Шчыра вітаў жыхароў Пясочнага старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч, гучалі віншаванні са святам ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Кісляк, якая, дарэчы, уручыла падарунак шматдзетнай сям’і Грыцкевіч. Вялікую ўдзячнасць усім за ўдзел у навядзенні парадку ў аграгарадку выказала старшыня Бабаўнянскага сельвыканкама Ірына Запольская, са словамі віншавання звярнуўся да землякоў і дырэктар УП «ПІК-Лясное» Леанід Станіслаўчык.

Валянціна Шыманская і Галіна Дрожжа ў ролі казачных персанажаў
Валянціна Шыманская і Галіна Дрожжа ў ролі казачных персанажаў

Па традыцыі былі ўшанаваны самыя старэйшыя жыхаркі Пясочнага Марыя Фёдараўна Кузняцова і Таццяна Мікалаеўна Астрэйка (ім споўнілася больш за 90 гадоў). Словы павагі гучалі ў адрас воіна-інтэрнацыяналіста Фёдара Шаблюка, ветэранаў і лепшых працаўнікоў мясцовага сельгас-прадпрыемства. Былі адзначаны гаспадары лепшых сядзіб, сем’і, якія пражылі разам больш за 60 гадоў, і тыя, што толькі пачынаюць адлік сямейнага стажу.

І вядома ж, у гэты дзень гучалі песні ў выкананні мясцовых самадзейных артыстаў і гасцей з Капыля, дасціпнымі жартамі радавалі прысутных Ліса Аліса і Кот Базіліа (іх ролі як заўсёды яскрава выканалі работнікі Лоцвінскага цэнтра аматарскай творчасці Галіна Дрожжа і Валянціна Шыманская). Дзеці радаваліся магчымасці пакатацца на каруселях, з’ехаць з надзіманай горкі і паскакаць на батуце, а таксама паласавацца прысмакамі, якія прапаноўвалі гандлёвыя кропкі.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *