Фестивальный дух Молодечно

Культура

Гульнёвыя пляцоўкі, горад майстроў, выступленні артыстаў мастацкай самадзейнасці і, самае галоўнае, вялікая прэм’ера канцэрта заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь прафесара Міхаіла Фінберга — гэта і многае іншае змаглі ўбачыць госці і жыхары горада Маладзечна ў першы дзень ХVІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017». Цікавыя мерапрыемствы наведалі і капыляне.

Уладальніца Гран-пры Вольга Булай (у цэнтры)
Уладальніца Гран-пры Вольга Булай (у цэнтры)

Яшчэ да пачатку афіцыйнага адкрыцця фестывалю, якое адбылося на сцэне летняга амфітэатра познім вечарам, увесь горад ужо жыў фестывальным духам. Пешаходная вуліца каля парку Перамогі стала галоўнай гульнёвай пляцоўкай: сувеніры, шашлыкі і атракцыёны — ёсць, дзе разгуляцца. На цэнтральнай плошчы — вялікая сцэна, адкуль гучалі беларускія песні ў выкананні артыстаў мастацкай самадзейнасці, а насупраць, у парку, можна было ўбачыць выступленні  самых  юных  зорак Маладзечна — выхаванцаў узорных студый і іншых дзіцячых калектываў.

Сваё прывітанне ўдзельнікам фестывалю даслаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Яго зачытаў міністр культуры Барыс Святлоў падчас галоўнага мерапрыемства першага дня — канцэрта Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі «Купала і Колас.  Вы нас гадавалі», прысвечанага 135-годдзю народных паэтаў  Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Свае віншаванні прысутным выказаў таксама старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі.

З пачатку (а гэта значыць з 1993 года) адной з галоўных падзей фэсту застаецца конкурс маладых выканаўцаў, які праводзіцца ў тры туры. Два з іх праходзяць тут, у Маладзечна. Такім чынам, у дзень адкрыцця ў выканаўцаў адразу два выступленні, але на розных пляцоўках. Урачыстая ж цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых  выканаўцаў беларускай эстраднай песні адбылася адразу пасля адкрыцця фестывалю на сцэне летняга амфітэатра. Гран-пры заваявала ўдзельніца з Мінскай вобласці Вольга Булай, журы прысудзіла дзяўчыне і прыз імя Уладзіміра Мулявіна.

Пасля гэтага гледачоў парадавалі яркія выступленні артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Прысутныя пачулі прыгожыя песні ў выкананні яго салістаў Дзмітрыя Качароўскага, Галіны Грамовіч, Яўгена Цымбаліста, Аляксандра Дзяржаўца, Таццяны Глазуновай і іншых. Вакальныя нумары падарыла гледачам заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамэла.

Закончыўся першы святочны дзень яскравым феерверкам, які асвяціў начное неба ў парку над летнім амфітэатрам Маладзечна.

Крысціна ЖОГАЛЬ

Фото Сяргея ЛАЗОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *