Весенний букет талантов

Артпроспект Культура

Раённы цэнтр ткацтва на чарговым ІХ Рэспубліканскім фестывалі–кірмашы рамёстваў «Вясновы букет» узнагароджаны Дыпломам і грашовым прызам у намінацыі «Лепшая калекцыя выставачных работ фестывалю–кірмашу».

За працай — семежаўскія ткачы
За працай — семежаўскія ткачы

На свята ў г. Мінск 26 мая з’ехаліся болей за 400 майстроў з розных куточкаў нашай краіны, каб прадэманстраваць свае цудоўныя вырабы, паказаць майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, абмяняцца вопытам, арганізаваць выставы-продажы творчых работ. Уся сталічная плошча Свабоды ператварылася ў сапраўдны горад майстроў. Тут можна было не толькі падзівіцца на жывапісныя карціны, вырабы з гліны, саломы, бісеру, разьбу па дрэве, вышыванкі, ткацтва, вязаныя сурвэткі, традыцыйныя касцюмы і шмат іншых сучасных відаў народнага мастацтва, але і парадавацца выступленням лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці вобласці.

Арганізатарамі фестывалю сталі Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам, ГА «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці». Свята адкрыў старшыня журы, старшыня названага аб’яднання, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута, які павітаў усіх удзельнікаў шчырымі словамі і пажадаў натхнення і поспехаў у працы.

Нашу Капыльшчыну прадстаўлялі самыя таленавітыя майстры сваёй справы: разьбяр па дрэве, неаднаразовы пераможца абласнога свята-конкурсу рэзчыкаў па дрэве  манументальнай скульптуры «Сонечная цеплыня дрэва» Іван Васілевіч, майстар па стварэнні сучасных відаў традыцыйнага мастацтва Марыя Канько, а таксама знакамітыя ткачыхі са статусам  «народны майстар Беларусі» Валянціна Кіеня і Вера Нікалаевіч, якія прадэманстравалі семежаўскае традыцыйнае закладное ткацтва чырвона-белых ручнікоў, якое занесена ў Спіс нематэрыяльна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.  Акрамя іх удзел у свяце прынялі майстры раённага цэнтра ткацтва — дырэктар Таццяна Волкава, Наталля Сафронава і навучэнцы «Школы ткачоў» Настасся Лянько, Данііл Сафронаў, Кацярына Бубніковіч, Дар’я Салановіч, Раман Волкаў, якія паказалі майстар-клас па ткацтве паясоў. Нашы ткачы дэманстравалі высокае ўменне валодання тэхнічнымі і мастацкімі прыёмамі ткацтва ручнікоў і паясоў. Творча выкарыстоўвалі вопыт старажытнага рамяства і пры гэтым беражліва ставіліся да мясцовых традыцый, чым і ўразілі журы. Упэўнена, што творчым суддзям было складана выбраць лепшага сярод 400 майстроў. Але ўсё ж мы лепшыя. Па выніках конкурсу атрымалі высокую ацэнку сваёй працы.

Галіна ГУРЛО,

дырэктар раённага цэнтра традыцыйнай культуры



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *