Харитоновская проща может возобновиться?

Актуально Страчаная спадчына

На Капыльшчыне нямала мясцін, якія маюць асаблівую прыцягальнасць. Адны з іх і сёння карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў жыхароў нашага раёна, пра іншых засталіся, бадай, толькі ўспаміны старажылаў ды нешматлікія гістарычныя звесткі.

На адно такое памятнае месца — Харытонаўскую прошчу — і завіталі члены клуба «Нітка Арыядны», які створаны пры аддзяленні дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту Капыльскага ТЦСАН і раённым краязнаўчым музеі
На адно такое памятнае месца — Харытонаўскую прошчу — і завіталі члены клуба «Нітка Арыядны», які створаны пры аддзяленні дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту Капыльскага ТЦСАН і раённым краязнаўчым музеі

Харытонаўская прошча знаходзіцца на ўзгорку каля пасёлка Перавоз, што за Харытонаўкай. Паводле аднаго з паданняў пра ўзгорак, нейкаму хвораму чалавеку аб’явілася ў сне Божая Маці і параіла яму паставіць на гэтым узгорку крыж, пасля чаго ён абавязкова паправіцца. Так і адбылося. 3 тых часоў людзі пачалі ставіць тут крыжы, і неўзабаве на ўзвышшы ўтварылася прошча. Як сведчылі мясцовыя жыхары, крыжы тыя трэба было ставіць позна ўвечары ці ўвогуле — ноччу. Прычым крыжы абавязкова неслі на сабе.

У канцы мінулага стагоддзя было пяць крыжоў...
У канцы мінулага стагоддзя было пяць крыжоў…

Паводле слоў Валянціны Шураковай, дырэктара раённага краязнаўчага музея, якая суправаджала ўдзельнікаў паездкі, у 1883 годзе этнограф Аляксандр Ельскі ў сваіх запісах пасля падарожжа па нашых мясцінах узгадвае, што па дарозе з Узды на Старыцу, на горцы з правага боку, ён убачыў тысячы крыжоў. Яны былі розныя: вялікія, маленькія, драўляныя, металічныя… Крыжы стаялі, крыжы віселі…


Гара Крыжоў

У Літве, непадалёку ад горада Ёнішкі — пабраціма Капыля, куды не адзін раз выязджала дэлегацыя нашага раёна, знаходзіцца святыня, да якой з’язджаюцца паломнікі з розных куткоў свету і вязуць з сабой крыжы. Колькі іх там — нікому не вядома. Згодна з прыкладнымі падлікамі, якія праводзіліся напрыканцы мінулага стагоддзя, мова можа ісці пра лічбу больш за 60 тысяч.

Крыжы ўстанаўліваюць не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій. Акрамя таго, нядаўна тут з’явіўся свяшчэнны сімвал іншай рэлігіі — на адным з самых пачэсных месцаў устаноўлены пазалочаны іўдзейскі Маген Давід (Зорка Давіда). Адно распяцце было прывезена Папай Рымскім Іаанам Паўлам II падчас яго візіту ў Літву 7 верасня 1993 года, што дабавіла гэтай святыні папулярнасці ў каталіцкім свеце.

Людзі працягваюць устанаўліваць крыжы ў гонар самых розных падзей і людзей. Так, у 1988 годзе акцёры Шаўляйскага тэатра і маці Андрэя Міронава ўстанавілі крыж у гонар гэтага вядомага і любімага многімі артыста. Згодна з народным павер’ем, таму, хто пакіне на Гары Крыжоў крыж, будзе садзейнічаць удача.

Нягледзячы на тое, што савецкімі ўладамі з 1964 па 1984 год былі зроблены чатыры няўдалыя спробы знішчыць месца пакланення, крыжы ўсё роўна з’яўляліся і людзі працягвалі прыходзіць у гэты неверагодны храм пад адкрытым небам.

Існуюць яшчэ тры месцы, дзе створаны падобныя славутасці. Гара Крыжоў ёсць у Латвіі ў цэнтры Рундан. Яна ўтварылася адносна нядаўна — у 2000 годзе на месцы, дзе раней стаяў касцёл, пабудаваны манахамі-дамініканцамі. У Польшчы ў Падляскім ваяводстве ёсць каталіцкая святыня Гара Крыжоў, непадалёку ад Беластока ўзнікла праваслаўная Святая Гара Грабаўка — гэта таксама месцы пакланення і паломніцтва.


Падарожнік распытаў у мясцовых жыхароў, што гэта? Яму расказалі цікавыя гісторыі. Адна з іх распавядала, што па дамоўленасці са свяшчэннікамі святар мясцовай царквы загадаў знішчыць гэтыя крыжы, бо звычайна месца, дзе прыносяць ахвяры, звязваюць з нейкімі паганскімі традыцыямі. Пасля чаго ён захварэў. зразумеўшы, што гэта кара за яго ўчынак, святар робіць крыж і ставіць яго на прошчу. І ён — выздаравеў!

Гара Крыжоў у Літве
Гара Крыжоў у Літве

Праз 11 гадоў па дарозе ў напрамку Харытонаўкі едзе яшчэ адзін вядомы этнограф свайго часу Мітрафан Доўнар-Запольскі і пазней у часопісе «Жывыя гісторыі» таксама апісвае гэтую гару з вялізарнай колькасцю крыжоў. Ён канстатуе, што гэта месца пакланення, куды людзі нясуць крыжы ў самыя важныя для іх перыяды жыцця. Крыжы прыносілі з удзячнасцю за нараджэнне дзіцяці, са смуткам, каб памаліцца за памерлага. Сюды ішлі прасіць міру, сюды ішлі прасіць хлеба…

У 1911 годзе мясцовы свяшчэннік Уладзімір атрымлівае ад епархіі дазвол для будаўніцтва на гэтым месцы царквы. Яе асвяцілі ў гонар Казанскай іконы Божай маці.

На пачатку XX ст. на ўзгорку налічвалася больш за тысячу драўляных і металічных крыжоў. Да іх прымацоўвалі вяночкі з палявых кветак, пасмачкі лёну, грошы, абразы. I больш за ўсё было абразоў з выявай святога Георгія, што сведчыла пра сувязь гэтай прошчы з культам да-дзенага святога. За савецкім часам прошча неаднаразова знішчалася і адраджалася. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут людзі маліліся за тое, каб вярнуліся жывымі іх родныя, за хуткую перамогу. Вяскоўцы паставілі пяць крыжоў — па крыжу ад кожнай з навакольных вёсак. Тым самым узнавіўшы старадаўні звычай і спалучыўшы яго не толькі з хрысціянскім, але і савецкім.

У канцы 1945 года на ўзгорку ў брацкай магіле пахавалі мясцовых партызан, але большасць з іх сваякі потым перанеслі ў іншае месца. Пачынаючы з 1956 года гэту гару крыжоў зноў пачалі разбураць. Былі нават арганізаваны суботнікі, і іх удзельнікі збіралі крыжы і знішчалі іх.

Сёння тут засталося толькі два крыжы…

З вялікай цікавасцю ўдзельнікі паездкі слухалі расповед пра памятнае для нашых продкаў месца. І з надзеяй, што гэту традыцыю можна аднавіць. Таму што такое святое месца, намоленае многімі пакаленнямі людзей, не павінна заставацца забытым. У памяць аб гэтым дні жанчыны зрабілі і пакінулі свае крыжы: нехта выклаў яго з сасновых шышак, нехта — звязаў з пучка травы…

Маргарыта САКОВІЧ

 



1 комментарий по теме “Харитоновская проща может возобновиться?

  1. Очень волнительная поездка….Такие моменты приближают нас с недалёкому прошлыму.которое.только кажется.что кануло в лета…Пока мы живы-живы все начинания наших предков..Мы все были не безразличными с словам Валентины Леонидовны Шураковой,которая,кажется,знает всё,что не спроси…Память-это то,что нас заставляет быть гражданами и патриотами своей Родины.Это,как жихнь,иначе нельзя.Вдумайтесь.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *