Вячеслав Минкевич, начальник ДЭУ № 65 РУП «Минскавтодор-Центр»: «Я придерживаюсь правила: если дал слово — нужно его держать»

Актуально Добраўпарадкаванне

Кожнаму з нас хочацца жыць у прыгожым, утульным месцы, каб не горш за іншых. Таму, калі праязджаеш па дарогах або праз населеныя пункты, напрыклад, Гродзенскай вобласці ці нават суседняга Нясвіжскага раёна, часта ўзнікае пачуццё лёгкай зайздрасці: чаму ж у нас не такія добраўпарадкаваныя дарогі, з густам аформленыя вуліцы, скверы і паркі?..

4506-1

Праўда, трэба адзначыць, што апошнім часам і на Капыльшчыне менавіта гэтаму эстэтычнаму напрамку добраўпарадкавання надаецца самая пільная ўвага. Магчыма, нехта і пабурчыць уціхамолку: маўляў, каму перашкаджаюць гэтыя кусты і дрэвы, навошта іх знішчаць? Але ж нельга ўвесь час жыць у адным вымярэнні, бо толькі паступальны рух наперад дае вынікі.

Так і пра дарогі. У свеце ўжо даўно стала добрым тонам бачыць іх роўнымі, без выбоін, з ачышчанымі ад лішняга кустоўя і небяспечных дрэў прыдарожнымі палосамі. Работы па прывядзенні дарог у належны стан вядуцца і ў Капыльскім раёне і знахо-дзяцца на пастаянным кантролі раённай улады.

У пераліку мерапрыемстваў, запланаваных у рамках месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, які праходзіць на тэрыторыі раёна з 13 сакавіка па 30 красавіка, вялікая ўвага надаецца стану аўтамабільных дарог і палос адводу.

Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, галоўнае, каб усё рабілі згодна з планам, без зрываў і прастояў. Дарогі раёна абслугоўваюць тры арганізацыі: філіялы РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» ДЭУ № 65 (Нясвіж) і ДЭУ № 64 (Слуцк) — пад іх кантролем знаходзяцца рэспубліканскія трасы, а таксама філіял КУП «Мінскаблдарбуд» — ДРБУ № 124 (Капыль) — у асноўным унутрыраённыя дарогі. Дарожнікі праводзяць ямачны рамонт, ліквідуюць месцы застою вады на праезнай частцы і абочынах, ачышчаюць дарогі ад рэшткаў супрацьгалалёдных матэрыялаў, рамантуюць дарожныя знакі, аўтапавільёны і аўтобусныя прыпынкі, пляцоўкі для адпачынку, фарбуюць бар’ерную агароджу і масты, аднаўляюць знятыя на зімовы перыяд сігнальныя слупкі.

У аснове прынцыпаў сучаснага добраўпарадкавання ляжаць самыя простыя і блізкія чалавеку паняцці — камфорт, зручнасць, гармонія.

Паводле слоў Ірыны Мікалаеўны, зараз вялікая работа ідзе на дарозе Р43 — на тэрыторыі нашага раёна гэта адрэзак ад Гулевіч да Філіпавіч. Тут працуюць прадстаўнікі ДЭУ № 65: пілуюць дрэвы, якія сталі аварыйнымі або не маюць эстэтычнага выгляду, кустоўе і зараснікі. Задзейнічаны машыны на раскарчоўцы і здрабненні пнёў, шчапальныя агрэгаты.

ЛДД-653, якая ўваходзіць у склад ДЭУ № 65, абслугоўвае дарогу ад Гулевіч да Старыцы і выезд у напрамку Узды. Там таксама ідуць работы па прывядзенні да ладу палос адводу. Напрыклад, з аднаго боку (ад Гулевіч да Дзярэчына) паласа ачышчана, ёсць спадзяванне, што такі ж выгляд да канца года набудзе і супрацьлеглы бок. Наводзіцца парадак на дарозе ад Блеўчыц да Цімкавіч — дрэвы ўжо спілаваны і ідзе раскарчоўка пнёў і раўнаванне прыдарожнай паласы.

— Часам гэтыя работы прыпыняюцца, што нас не можа не хваляваць, — дзеліцца Ірына Кісляк. — Таму пастаянна сустракаемся з кіраўнікамі дарожных арганізацый, якія тут працуюць.

Так пакуль выглядае прыдарожная паласа ў в. Філіпавічы
Так пакуль выглядае прыдарожная паласа ў в. Філіпавічы

Падчас адной такой сустрэчы давялося пагутарыць з начальнікам ДЭУ № 65 Вячаславам Мінкевічам. Хацелася даведацца, ці будуць дарогі нашага раёна такімі ж прыгожымі, як у суседзяў.

— З наступленнем веснавога перыяду мы перш за ўсё клапоцімся пра хутчэйшае правядзенне ямачнага рамонту і работ па стварэнні бяспекі дарожнага руху, — адзначыў Вячаслаў Фадзеевіч. — Да канца месяца іх неабходна закончыць. Не забываем, безумоўна, і пра работу ў паласе адводу. Мы абслугоўваем дарогі на тэрыторыі трох раёнаў — Нясвіжскага, Капыльскага і Клецкага. Тыя работы, якія ўжо пачаліся, плануем закончыць да 8 мая.

— Згадзіцеся, што пэўны кантраст паміж выглядам дарог на тэрыторыі трох названых раёнаў усё ж такі ёсць. І, на жаль, не заўсёды на нашу карысць. Што Вы плануеце зрабіць, каб ліквідаваць гэтую розніцу?

— Калі гаварыць пра дарогу, на якой мы знаходзімся (сустрэча адбывалася ў в. Філіпавічы. — Аўт.), то гэта, бадай, самая старая дарога на Беларусі. Яна будавалася яшчэ пры Кацярыне ІІ. І паласа адводу тут вельмі шырокая, да таго ж засаджаная дрэвамі, шмат расліннасці з’явілася і шляхам самасеву. Таму фронт работ вельмі значны. Мы распрацавалі графік выканання мерапрыемстваў па навядзенні парадку ў паласе адводу па аўтадарогах Капыльшчыны, якія абслугоўвае наш філіял. Узгаднілі яго з кіраўніцтвам Капыльскага райвыканкама. Пакуль што спланавалі работы на першую палову года, і іх мы абяцаем выканаць. Я прытрымліваюся правіла: калі даў слова — давядзецца яго трымаць. З пачаткам восені пачнём працаваць па новым плане. Летам грашовыя сродкі, матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы будуць у першую чаргу накіраваны на правядзенне абкошвання прыдарожных палос і забеспячэнне бяспекі руху.

Хочацца спадзявацца, што дадзенае слова кіраўнік стрымае, і падстаў для такіх міні-лятучак з удзелам зацікаўленых бакоў спатрэбіцца менш, а работа будзе ісці, не збіваючыся з зададзенага рытму.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *