Хлеборобы ОАО «Пионер-Агро» традиционно одними из первых в районе заканчивают сев ранних яровых культур

Актуально Экономика

Вось і сёлета  ўжо засеяны ўсе плошчы, адведзеныя пад збожжавыя і зернебабовыя.

Пасяўная ў сельгаспрадпрыемстве праходзіць, як заўсёды, зладжана, арганізавана, у вызначаныя тэрміны. Пра гэта паведаміў галоўны аграном Валерый Казлоўскі, які на гэтай пасадзе працуе зусім кароткі час. Па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ён быў накіраваны ў ААТ «Піянер-Агра». І вось ужо за першыя дні працы на пасадзе адчувае вялікую адказнасць за будучы ўраджай. Бо гэта яго першая пасяўная ў такім статусе. Малады чалавек задаволены тым, што трапіў у гэту гаспадарку, дзе моцнае кіраўніцтва і спецыялісты. Таму мяркуе назапасіць тут багаты вопыт, а ў тым, што сёлета таксама будзе атрымана ўраджайнасць больш чым за 60 ц/га (не менш чым летась), цвёрда ўпэўнены.

Механізатар Сяргей Варэнік і галоўны аграном Валерый Казлоўскі
Механізатар Сяргей Варэнік і галоўны аграном Валерый Казлоўскі

— У сельгаспрадпрыемстве ўжо пасеяна 350 га ячменю, 20 га аўса, сеем зернебабовыя і аднагодку з падсевам люцэрны, — адзначае Валерый Казлоўскі. — Механізатары працуюць рупліва, стараюцца ўсё выконваць своечасова. Пасля сяўбы ранніх яравых збожжавых прыступім да сяўбы цукровых буракоў, кукурузы, пад якія зараз праводзім закрыццё вільгаці.

У той дзень, калі мы наведвалі гаспадарку, механізатар Сяргей Варэнік сеяў аднагодку з люцэрнай. Трэба адзначыць, што Сяргей з’яўляецца адным з лепшых працаўнікоў гаспадаркі і з году ў год лідзіруе сярод удзельнікаў пасяўной кампаніі. Не ў многім яму саступаюць механізатары Сяргей Бялога, Яўген Гудкоў і іншыя.

Гэтымі ж днямі ў сельгаспрадпрыемстве вядзецца хімічная праполка азімых пасеваў, тры паляводчыя брыгады займаюцца зборам камянёў.

Як патлумачыў Валерый Казлоўскі, усіх работнікаў, занятых на сяўбе, кормяць з першага дня пасяўной кампаніі двойчы на дзень. Гарачая і свежая ежа для механізатараў — выдатная падтрымка на працягу працоўнага дня, які доўжыцца з 7.30 да 20.00. На палеткі кожны дзень прывозяць смачна прыгатаваныя ў мясцовай сталовай стравы.

— Увогуле для працаўнікоў поля мы імкнёмся стварыць усе ўмовы, неабходныя для эфектыўнай і плённай працы. Тады і вынікі абавязкова будуць радаваць, — упэўнены Валерый Віктаравіч.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *