Лина Антоновна Пустовая: «никогда не терять оптимизма!»

Актуально Асоба

Сёння мы перагорнем старонкі сямейнага альбома чалавека добра вядомага ў Капылі і раёне, абаяльнай жанчыны, цудоўнай матулі — Ліны Антонаўны Пуставой, урача з багатым стажам.

Ліне Пуставой уручаны сертыфікат знакамітага выпускніка гімназіі № 1 г. Капыля. 2017 г.
Ліне Пуставой уручаны сертыфікат знакамітага выпускніка гімназіі № 1 г. Капыля. 2017 г.

19 сакавіка 1947 года ў вёсцы Дусаеўшчына ў сям’і Антона Вайкуля, дзе падрасталі 15-гадовая  дачка і 13-гадовы сын, нарадзілася дачушка Ліначка.

«З самага дзяцінства я вельмі любіла гуляць у «бальніцу», — расказвае Ліна Антонаўна. — Уколы давала лялькам тонкімі палачкамі з чароту. Потым хацелася вывучыць анатомію жывёл, цікавілася біялогіяй. Увогуле марыла стаць хірургам, каб дапамагаць людзям».

Ліна Вайкуль, вучаніца 8 класа СШ №1 г. Капыля. 1962 г.
Ліна Вайкуль, вучаніца 8 класа СШ №1 г. Капыля. 1962 г.

Але пакуль мара дзяцінства ажыццявілася, дзяўчына скончыла сямігодку ў Дусаеўшчыне, а потым з медалём і СШ № 1 г. Капыля (дарэчы, сёлета Ліне Антонаўне прысвоена званне знакамітага выпускніка гэтай навучальнай установы). Здаўшы на выдатна адзін экзамен, яна паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медінстытут.

«У час вучобы сустрэла сваю палавінку, у мяне закахаўся  стараста групы, кучаравы Пуставы Валерка, — прадаўжае Ліна Антонаўна. — Мы пакахалі адзін аднаго і ажаніліся. Вяселле адзначалі ўсёй групай».

Ліна Вайкуль, вучаніца 8 класа СШ №1 г. Капыля. 1962 г.
Ліна Вайкуль, вучаніца 8 класа СШ №1 г. Капыля. 1962 г.

Перад  дзяржаўнымі экзаменамі ў Пуставых нарадзілася дачушка Іначка. А ў 1971 годзе па размеркаванні сям’я прыехала на працу ў Капыльскую ЦРБ. Ліна Антонаўна працуе хірургам (пазней — загадчыкам аддзялення пералівання крыві), а муж — акушэрам-гінеколагам. Як і ўсе маладыя спецыялісты, сутыкнуліся з жыллёвымі цяжкасцямі, давялося здымаць кватэру. Вялікай радасцю ў сям’і Пуставых стала нара-джэнне сына Віталія. Няпроста было з двума дзеткамі: накарміць, памыць і папрасаваць адзенне, дапамагчы падрыхтаваць урокі і выправіць у школу. Частымі былі і начныя дзяжурствы. І нават на іх даводзілася браць дзетак, калі выклікалі і мужа, і жонку.

Валерый Пуставы. 1971 г.
Валерый Пуставы. 1971 г.
Ліна Пуставая.1971 г.
Ліна Пуставая.1971 г.

І вось здарылася ў Пуставых бяда: на 42-м годзе памёр любы муж, клапатлівы бацька. Было вельмі цяжка змагацца з гэтым горам. Але моцная сіла духу, родныя людзі, сапраўдныя сябры дапамаглі яго пераадолець. Нягледзячы на цяжкасці, выхавала і дала вышэйшую адукацыю сваім дзецям: дачка — кандыдат гістарычных навук, дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта, дзе і сама выкладае, сын жа — юрыст-натарыус. Радуюць душу і сэрца ўнукі. Сёмка — студэнт эканамічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Лерачка сёлета заканчвае гімназію № 1 г. Капыля. Таксама выдатна вучацца малодшыя — Антон і Ганначка.

Уся сям’я ў зборы. 1981 г.
Уся сям’я ў зборы. 1981 г.

Доктар Пуставая верная клятве Гіпакрата. Заўсёды ўважлівая, спагадлівая. Да яе можна смела звярнуцца па кансультацыю адносна лячэння і атрымаць змястоўныя парады. Цёплыя словы доктара дапамаглі не аднаму пацыенту навучыцца гадамі жыць з той ці іншай хваробай і адчуваць сябе больш-менш нармальна. Асабліва гэта праяўлялася ў той час, калі яна працавала анколагам. Вельмі кранае ўважлівасць урача, яе вялікае жаданне дапамагчы, суцішыць боль. Хворым, якія патрапілі на прыём да Ліны Антонаўны, проста пашанцавала. Нездарма сцвярджаюць, што лечаць не толькі лякарствы, але і шчырыя словы, прыязная ўсмешка, тая добразычлівая аўра, якая зыходзіць ад урача на пацыента.

Старонка з выпускнога альбома. Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. 1971 г.
Старонка з выпускнога альбома. Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. 1971 г.

Больш чым за  45 гадоў працы Ліна Антонаўна Пуставая неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі, мела шматлікія падзякі ад кіраўніцтва бальніцы, Міністэрства аховы здароўя, яе імя неаднойчы заносілася на Дошку гонару. Яна ж з’яўляецца Ганаровым донарам СССР, Рэспублікі Беларусь.

Папрасіў Ліну Антонаўну падзяліцца сакрэтам яе душэўнай маладосці, «доўгажыхарства» ў прафесіі. І вось што яна параіла: «Ніколі не губляць аптымізму і не быць ныцікам! Нават калі вельмі няпроста, не даваць узяць над сабой верх розным там балячкам і непрыемнасцям. Гэтага заўсёды прытрымліваюся і сама».

Сяргей КОЗЕЛ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Ліны Пуставой



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *