На прогулку — в зону отдыха

Актуально Сцежкай здароўя

Як толькi на гарызонце з’явілася вясновае сонца, дорачы сваё ранняе цяпло, на дарожках гарадскога ляснога масіву раз-пораз з’яўляліся прахожыя. Часцей — жанчыны з вясёлай грамадой хлапчукоў і дзяўчынак, маладыя мамы з каляскамі.

IMG_1171

«Яшчэ калі была цяжарнай, вельмі часта прыходзіла сюды, падоўгу хадзіла, — з усмешкай адзначыла ў размове Алена Габенка, якая прагульвалася з дзіцячай каляскай непадалёку ад сцэны. — І цяпер, як толькі пачало цяплець, хаджу сюды раз, а то і два разы на дзень. Сама я — прыезджая, толькі другі год жыву ў Капылі. Зона адпачынку, бясспрэчна, стала вельмі прывабным месцам горада. Тут маляўніча, заўсёды ціха і спакойна, радуюць спевы птушак. Для майго дзіцяці вельмі карысна свежае паветра, таму прагулцы надаю мінімум дзве гадзіны».

IMG_1194

Лесапарк за апошні час прыкметна змяніўся: з’явіліся ўтульныя альтанкі і зручныя лавачкі, дзе можна проста пасядзець, атрымліваючы асалоду ад прыгажосці і добраўпарадкаванасці зоны адпачынку, прайсці па акуратнай цэнтральнай алеі, зробленай з тратуарнай пліткі.

Гэтыя прыемныя змены адзначаюць усе без выключэння. «Як толькі ёсць вольная хвіліна, мы спяшаемся з сяброўкай і нашымі дзецьмі ў лес. Цішыня, шум дрэў і чыстае паветра спрыяюць спакойнай гутарцы аб жыццёвых справах, — адзначае Святлана Вабішчэвіч. — Ды і дзеці з задавальненнем тут весяляцца».

Святлана Цімашэнка з унукамі Раманам і Яраславам
Святлана Цімашэнка з унукамі Раманам і Яраславам

Апоўдні ў зоне адпачынку становіцца больш ажыўлена. У добрым тэмпе міма праімчаў аматар бегу. На вялікі жаль, пагутарыць з ім пра здаровы лад жыцця не ўдалося. Праз пару хвілін удалечыні паказаліся хлапчукі: адзін — на ролікавых каньках, другі — на веласіпедзе. Яны  весела імчалі навыперадкі.

Каля сцэны сваволілі хлопчыкі, ганяючы футбольны мяч. «На свежым паветры часта гуляем і тут, і ў гарадскім парку, — распавядала бабуля хлапчукоў Святлана Цімашэнка. — Змянілася наша зона адпачынку, папрыгажэла. Вельмі падабаецца тут бываць дзецям. Практычна кожныя выхадныя сюды прыходзім. Зімой старэйшы ўнук Яраслаў разам з дзядулем Сяргеем спяшаліся сюды, каб на лыжах пакатацца, а яшчэ разам з малодшым Раманам часта і басейн наведваюць».

Нягледзячы на тое, што пасля абеду крыху падняўся вецер і пацягнула прахалодай ад капыльскіх азёр, на лясных дарожках з’яўлялася ўсё больш людзей. Выдатнае вясновае надвор’е пасля доўгай зімы так і вабіла на прагулку ў гарадскую зону адпачынку.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *