Музыкальная шкатулка Демьяновны

Актуально Новости

На асабістай старонцы ў «Аднакласніках» у гэтай вясёлай жанчыны 629 сяброў, апублікавана каля тысячы цікавых і яскравых фотаздымкаў.

Зіне 3 гады. З мамай, татам і старэйшай сястрой. 1960 год
Зіне 3 гады. З мамай, татам і старэйшай сястрой. 1960 год

Сябраваць і весяліцца Зінаіда Дзям’янаўна Рымковіч любіць і ўмее. У людзях і адносінах паміж імі асабліва цэніць шчырасць і добразычлівасць. Яна з дзяцінства заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі. Нягледзячы на тое, што была маленькай і хударлявай, усё ж ніколі не заставалася ўбаку ад усялякіх забаў. Хлопцы гуляюць у снежкі — з імі і Зіна, ідуць катацца на санках-драцянках — дзяўчынка зноў-такі ў ліку першых. У дзяцінстве Зіна была танюткая, нават нейкая трохі празрыстая. Справа ў тым, што маці Алена Рыгораўна (ёй на той момант было 46 гадоў) нарадзіла дзяўчынку вагой усяго 1700 грамаў. У радзільным доме ніякіх сучасных прыстасаванняў, вядома ж, не было. Каб стварыць нармальны жыццезабеспячальны тэмпературны рэжым, матуля клала немаўлятка на цёплую печку ды яшчэ абкладвала падушачкамі. Так і расла Зінка…

Зіна з сябрамі (трэцяя злева)
Зіна з сябрамі (трэцяя злева)

Калі дзяўчынцы споўнілася 7 гадкоў, пайшоў з жыцця тата Дзям’ян Маісеевіч, інвалід Вялікай Айчыннай. Далей мама гадавала дачушку адна і рабіла ўсё дзеля таго, каб Зінцы было добра: ладзіла дзіцячыя дні нараджэння, пазней набывала модныя адзенне і абутак.

Пасля вучобы ў медвучылішчы. 1975 год
Пасля вучобы ў медвучылішчы. 1975 год

Вучоба ў СШ № 2 г. Капыля была вельмі насычанай: з задавальненнем Зінаіда танцавала, спявала песні, дапамагала класнаму кіраўніку арганізоўваць святы. Такой жа актыўнай і няўрымслівай яна засталася і падчас вучобы ў Мінскім медыцынскім вучылішчы, куды вырашыла паступаць пасля асэнсаванага выбару. А выбар быў зусім няпросты: дзяўчынка любіла мастацтва, у яе добра атрымлівалася спяваць і танцаваць, але… Часта перад вачыма паўставала адна і тая ж карціна: вось становіцца дрэнна хвораму бацьку, прыязджае хуткая дапамога і фельчар робіць уколы, каб аблегчыць пакуты хвораму. «Буду дапамагаць людзям, — вырашыла Зінаіда, — а спяваць я і так змагу».

…Праўду кажуць: шчасце і за печкай знойдзе. Так і адбылося. Падчас працы фельчарам-лабарантам Уздзенскай ЦРБ Зінаіда жыла на кватэры з сяброўкай, да якой аднойчы прыехаў брат. Гэта было напярэдадні Новага года. Атрымаўшы «трынаццатую» зарплату, 27-гадовы Юрый вырашыў наведаць сваячку. Мабыць, маладому хлопцу хацелася ўразіць малодшую сястру: калі зайшоў у хату, з гонарам разлажыў на стале грошы. Такая іх колькасць вельмі ўразіла Зінаіду. «Гэта бу-дзе мой муж», — сказала дзяўчына сваёй сяброўцы. Так і выйшла: праз паўгода згулялі вяселле. Юрый Рымковіч працаваў у калгасе механізатарам, ды працаваў добра і старанна. Таму, нягледзячы на даволі малады ўзрост, яшчэ да знаёмства з будучай жонкай быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы, які ўручаў яму сам Пётр Машэраў. А па жыцці Зінаіда і Юрый крочылі разам амаль 40 гадоў, выгадавалі дзвюх дачок — Алену і Наталлю. На жаль, паўтара года назад з-за хваробы сэрца любага мужа перастала біцца…

Мама Алена Рыгораўна, дачушка Аленка, муж Юрый Юр’евіч і Зінаіда Дзям’янаўна. 1978 год
Мама Алена Рыгораўна, дачушка Аленка, муж Юрый Юр’евіч і Зінаіда Дзям’янаўна. 1978 год

На родную Капыльшчыну Зінаіда Рымковіч з сям’ёй вярнулася ў 1977-м. З той пары адзінае месца працы — у Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы. Зінаіда Дзям’янаўна памятае і вельмі любіць менавіта той, першы «капыльскі», калектыў аддзялення пералівання крыві, які ўзначальвала  Ліна Пуставая. Побач былі такія шчырыя і добразычлівыя калегі Ніна Кіеня і Зоя Шкурская. Разам адзначалі святы, весела віншавалі адзін аднаго з днямі нара-джэння. Зараз Зінаіда Дзям’янаўна працуе з іншымі калегамі ў лабараторыі Капыльскай ЦРБ дзяжурным фельчарам-лабарантам.

Зінаіда Дзям’янаўна ў ролі Клёпы (другая справа) з калегамі на святкаванні Новага года. 90-я гады
Зінаіда Дзям’янаўна ў ролі Клёпы (другая справа) з калегамі на святкаванні Новага года. 90-я гады

Артысткай жа Зінаіда Рымковіч стала зусім нядаўна. Жанчына любіць хадзіць на канцэрты, стараецца не прапусціць ніводнага. Так гады тры таму яна і трапіла на выступленне «Дабрадзеяў». Вельмі спадабаліся прыгожыя сукенкі артыстак. Вырашыла: буду спяваць і я, тым больш, што вопыт ужо быў: яна і раней займалася спевамі з Таццянай Хілько, радавала сваім выкананнем сяброў і сваякоў. Заказала такое ж адзенне ў адным з магазінаў, сама за яго і заплаціла. Прыйшла на рэпетыцыю, як кажуць, са сваім рэквізітам ды так і засталася ў творчым калектыве. Стала самай сапраўднай дабрадзейкай, бо дабрыня і шчырасць, памножаныя на сапраўдны талент, робяць Зінаіду Дзям’янаўну вельмі адметнай артысткай.

Зінаіда Рымковіч з унукам Мікітам і дачкой Наталляй
Зінаіда Рымковіч з унукам Мікітам і дачкой Наталляй

Такой жа жанчына застаецца з роднымі і сябрамі. Дочкі цэняць за дабрыню, унукі ўручаюць дыпломы як лепшаму… настаўніку. Так-так, каб дапамагчы ім падрыхтаваць урокі, бабулі зноў давялося вывучаць усю школьную праграму.

Добра ставяцца да Зінаіды Дзям’янаўны і пацыенты. «Вунь Музычная шкатулка пайшла», — кажуць, калі з невялічкім радыё ў кармане па калідоры бальніцы ідзе Зінаіда Рымковіч. Любоў да музыкі — яна на ўсё жыццё. І асаблівае шчасце, калі яна — узаемная.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота з сямейнага архіва З. Рымковіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *