Призы от газеты «Слава працы» вручены лучшим распространителям районки

Актуально Галоўныя падзеі

Прызы ад газеты «Слава працы»  ўручаны лепшым распаўсюджвальнікам раёнкі, якія забяспечылі найбольшы прырост падпіснога тыражу ў параўнанні з леташняй падпісной кампаніяй. Яны атрымалі сертыфікаты на набыццё тавара ў магазінах Капыльскага райспажыўтаварыства і каляровую друкаваную прадукцыю, вырабленую ў вытворчым аддзеле рэдакцыі.

Валянціна Юруц (злева) уручае падарункі Ніне Аляксанавай
Валянціна Юруц (злева) уручае падарункі Ніне Аляксанавай

Прыз за першае месца застаўся ў Капылі: менавіта тут у аддзяленні паштовай сувязі «Капыль-2» працуе Ніна Васільеўна Аляксанава. Жанчыну запрасілі ў рэдакцыю, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы шчыра павіншавалі і пажадалі плённага і выніковага супрацоўніцтва. А сертыфікат на 69 рублёў, каляровы насценны каляндар і блакнот пераможцы ўручыла галоўны бухгалтар рэдакцыі Валянціна Юруц. Па даных, якія прадаставілі ў Капыльскім раённым вузле паштовай сувязі, Ніне Аляксанавай удалося павялічыць колькасць экзэмпляраў раённай газеты са 170  (на 1 студзеня 2016 года) да 227 у гэтым годзе. І нядзіўна: абавязкі паштальёна Ніна Васільеўна ведае, як кажуць, «на выдатна», бо  працуе ў гэтай галіне ажно з 1981 года.

Раённая газета «Слава працы» — адно з самых папулярных выданняў на Капыльшчыне. Яна займае другое месца ў Мінскай вобласці па насычанасці на тысячу жыхароў, якая складае 188 экзэмпляраў.

— Я пачынала працаваць яшчэ ў старым будынку пошты, — расказвае жанчына. — За ўвесь час, што жыву на Капыльшчыне, пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей. Але галоўны сакрэт, лічу, ва ўменні наладжваць адносіны, размаўляць з чалавекам. Ды наогул, проста не трэба ленавацца. Пасля таго, як разнясу газеты (а мой участак з вуліцы Цімкавіцкай і да Скабіна), іду афармляць падпіску ў арганізацыі і да людзей. Добра выпісваюць газеты супрацоўнікі райвыканкама, раённага Цэнтра культуры, санстанцыі. Капылянам падабаецца раёнка, гавораць, што газета стала больш насычанай і цікавай.

Алеся Ярмаліцкая
Алеся Ярмаліцкая

Гэтак жа лічаць і жыхары аграгарадка Цімкавічы і вёскі Чарнагубава, дзе ў АПС «Цімкавічы» працуе другая пераможца — Аксана Іванаўна Марозава, якая атрымала сертыфікат на 46 рублёў і таксама друкаваную прадукцыю. Дарэчы, паштальён павысіла свой вынік са 140 экзэмпляраў да 154. На Капыльшчыну Аксана Іванаўна прыехала з Крупак, купіла тут хату, выйшла замуж. Але работа паштальёна для яе не новая: яна і ў Крупках разносіла газеты. Па водгуках жанчыны, «Слава працы» выпісваюць добра: вяскоўцы цікавяцца жыццём раёна.

— Пра тое, што я стала пераможцай, мне паведамілі супрацоўнікі раённага вузла паштовай сувязі па тэлефоне, — сціпла ўсміхаючыся, расказвае жанчына. — Сказаць па-праўдзе, вельмі прыемна. Я і сама раёнку выпісваю: мне падабаецца газета.

Аксана Марозава
Аксана Марозава

Прыз за трэці вынік — сертыфікат на 26 рублёў і друкаваную прадукцыю — атрымала паштальён АПС «Лясное» Алеся Вячаславаўна Ярмаліцкая. У яе таксама добры паказчык: у пачатку 2016 года было аформлена 75 экзэмпляраў, зараз стала 88.

— Такога прыемнага падарунка нават і не чакала! — з радасцю ў голасе гаворыць Алеся Вячаславаўна. — Свой прафесійны выбар я перамяніла ў 2012 годзе. Справа ў тым, што паштальёнам працавала мая мама Вера Уладзіміраўна Пішчынская, і пасля таго, як яна пайшла на заслужаны адпачынак, я вырашыла перайсці на гэтае месца. На працягу 5 гадоў тыраж падпіскі імкнуся трымаць. Лясное, Думічы, Леткаўшчына і Руднічкі — вось мая зона асблугоўвання. Людзі заўсёды з задавальненнем выпісваюць менавіта раёнку. На яе старонках шмат рознай інфармацыі: і рэклама, і віншаванні, і допісы пра людзей. Напрыклад, падпіску адразу на паўгода ўжо на працягу доўгага часу афармляе Таццяна Рымашэўская. Пастаянна выпісваюць раёнку  фермеры Уладзімір Бабко і Віктар Кубрак, кіраўнік мясцовага сельгаспрадпрыемства Леанід Станіслаўчык. Ведаеце, асабліва напоўнена сумка менавіта ў суботу, калі большасць газет складае «Слава працы».

— Наша Алеся Вячаславаўна вельмі старанная працаўніца, — дапаўняе начальнік АПС Ганна Шчэрба. — Ды і наогул, мы, вяскоўцы, вельмі любім родную раёнку.

Рэдакцыя выказвае шчырую падзяку ідэалагічнаму актыву раёна, усім работнікам пошты, грамадскім распаўсюдж-вальнікам, кіяскёрам «Белсаюздруку» за падтрымку раённага выдання. Няхай наша сумесная работа і надалей будзе плённай і яшчэ больш выніковай.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара і Сяргея ЛАЗОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *