Результаты Года культуры

2016 - год культуры Актуально Культура

Без названия

Год культуры завяршыўся. Для Капыльшчыны ён быў багаты на розныя мерапрыемствы. Аб галоўных выніках расказваюць кіраўнікі ўстаноў культуры.

шуракова-1

Валянціна Шуракова, дырэктар раённага краязнаўчага музея:

— Самым важным вынікам Года культуры можна лічыць той факт, што наш горад стаў старэйшым: мы адзначылі 1010 гадоў з дня першага згадвання Капыля ў пісьмовых крыніцах (у статутнай грамаце аб стварэнні Тураўскай епіскапіі). Сімвалічна, што здарылася гэта напярэдадні 2017 года, калі Капыль адсвяткуе 365-годдзе з дня надання яму Магдэбургскага права. Новы ўзрост Капыля, у сваю чаргу, даў штуршок для развіцця некалькіх даўніх задумак. Так, новы выгляд набудзе Замкавая гара. Адбудзецца гэта пасля таго, як археолаг, кандыдат гістарычных навук Лявон Калядзінскі правядзе раскопкі. А наш паважаны зямляк, доктар архітэктуры, прафесар Сяргей Сергачоў, які нядаўна быў узнагароджаны прэміяй «За духоўнае адра-джэнне», ужо падрыхтаваў эскізы адноўленай Замкавай гары. Плануецца, што менавіта ў нас пройдзе археалагічны фэст.

Для работнікаў музея Год культуры быў багатым і на іншыя цікавыя падзеі. Гэта, вядома ж, удзел нашай установы ў III Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» ў Магілёве, дзе экспазіцыя дзяржаўных музеяў Мінскай вобласці пад агульнай назвай «Памятаем мінулае, цэнім цяперашняе, думаем пра будучыню» адзначана Дыпломам I ступені. Другая значная падзея, якая звязана з папярэдняй, — гэта прыезд міністра культуры Барыса Святлова ў Капыль. Важным для нас з’явілася і правядзенне V Міжнароднага пленэра ART-RAIN (Мастацкі дождж), падчас якога на працягу 10 дзён мастакі з Расіі і Беларусі жылі на тэрыторыі Капыльшчыны, а затым намалявалі ўбачанае на сваіх палотнах. Карціны былі прадстаўлены на заключнай выставе. Мы ўдзячны за ўзаемадзеянне Дзіцячай школай мастацтваў у правядзенні выстаў: у гэтым сувязь і выхаванне падрастаючага пакалення. Дарэчы, на выставах, якіх у нас праходзіць даволі шмат, мы можам прэзентаваць экспанаты са сваіх фондаў. Гэта сведчыць аб вельмі працаёмкай рабоце з жыхарамі горада і раёна па зборы цікавых рэчаў. Не магу не адзначыць і цеснае супрацоўніцтва з раённай газетай «Слава працы», дзе ў праекце «Страчаная спадчына» публікуюцца матэрыялы пра цікавыя гістарычныя месцы нашага раёна. Асабліва важна, што гэта знаходзіць водгук у чытачоў. Значыць, мы на правільным шляху.

IMG_7845

Галіна Гурло, дырэктар раённага цэнтра традыцыйнай культуры:

— На працягу года нашы майстры прымалі ўдзел у абласных святах-конкурсах народнай творчасці. Напрыклад, майстар разьбы па дрэве Іван Васілевіч удзельнічаў у ХV абласным свяце-конкурсе майстроў манументальнай драўлянай скульптуры «Сонечная цеплыня дрэва». На выставачнай экспазіцыі элементаў нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь «Скарбніца Беларусі», якая адбылася ў Палацы Рэспублікі і прымеркавана да святкавання Дня незалежнасці, была прадстаўлена выстава закладных ручнікоў, а дырэктар раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава правяла майстар-клас па іх  ткацтве. Дарэчы, «Школа ткачоў» раённага цэнтра ткацтва працуе плённа, і менавіта Таццяна Волкава перадае свае веды навучэнцам. Добра вядома, што ткацтва ўзорных тканін знаходзіцца ў нас на высокім узроўні. Пэўны вопыт мы набіраем у ткацтве і пляценні паясоў.

Вельмі цікава прайшлі і персанальныя выставы майстроў народнага клуба «Скарбонка». Праведзены цыкл выстаў народнай творчасці з мэтай ушанавання майстроў з нагоды іх юбілеяў. Яскравымі сталі выставы народнай творчасці майстроў Капыльшчыны, якія былі прысвечаны знакавым датам раёна. Вельмі шмат цікавых вырабаў прадэманстравалі ўмельцы Капыльшчыны на выставах-продажах «Вытокі зямлі нашай» у час правядзення веснавых і восеньскіх кірмашоў. Акрамя раённых выстаў майстры і іх навучэнцы прымалі ўдзел у абласным свяце-конкурсе «Калыска талентаў» у г. Клецку.

Таксама работнікі Цэнтра ў складзе экспедыцый па вывучэнні каляндарнай абраднасці ў вёсках Лютовічы, Садавічы, Бучаціна, Сухоўчыцы мелі магчымасць пазнаёміцца з носьбітамі фальклору, не толькі запісаць ад іх матэрыял, але і пакаштаваць мясцовыя  традыцыйныя стравы. Сумесна з доктарам мастацтвазнаўства Я.М. Сахутам была праведзена экспедыцыя па вывучэнні абрамлення хат налічнікамі ў Васільчыцах, Дзярэчыне, Блеўчыцах, Семежаве, Гулевічах, Ванелевічах, Лешні.

Супрацоўнікі Цэнтра традыцыйнай культуры арганізоўвалі і праводзілі такія раённыя святы і абрады, як «Калядны абрад «Цары» ў Семежаве, каляднае валачэнне «Добры вечар, шчодры вечар» у Мажы, «Масленіцу», «Купалле» і «Дажынкі» ў Капылі і іншыя, прымалі ўдзел у правядзенні святаў вёсак.

IMG_4296

Наталля Рыбак, дырэктар раённага Цэнтра культуры:

— Пачаўся для нас Год культуры раённым этапам агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці «Новыя імёны Беларусі». Затым творчыя калектывы Капыльшчыны  прынялі  ўдзел  у аглядзе-конкурсе «Кірмашовыя дзеі спрадвеку весялосць неслі чалавеку». Але адной з галоўных падзей для калектыву ўсё ж стаў 60-гадовы юбілей, які адзначыла наша ўстанова. Шмат гледачоў сабраў КВЗ сярод каманд працоўнай моладзі, які праходзіў пад дэвізам «Жыць добра, а культурна жыць яшчэ лепш». Актыўны ўдзел мы прымалі ў падрыхтоўцы і правядзенні свята горада «Любімы горад» і ў святочным мерапрыемстве да Дня работнікаў культуры «Ура! Моладзь!». Не засталіся, вядома ж, убаку і падчас святкавання знакавай для нашага горада даты — 150-годдзя Спаса-Узнясенскага храма: супрацоўнікі РЦК падрыхтавалі канцэртную праграму. А ў канцы года адбыўся канцэрт калектываў самадзейнай творчасці «Народныя таленты табе, Беларусь». Акрамя таго, на працягу ўсіх 12-ці «культурных» месяцаў да нас прыязджалі вядомыя госці: Кацярына Галіцына, хор імя Цітовіча, «Песняры» і г.д.

IMG_6432

Таццяна Серая, дырэктар Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі:

—  Год культуры рэкамендаваў нам больш увагі надаваць юбілейным датам. А для бібліятэкараў Капыльшчыны — гэта юбілей чалавека, паэта, імя якога носіць наша бібліятэка, 105-годдзе з дня нараджэння Анатоля Астрэйкі. Акцыя «Мы ганарымся, што носім яго імя» актыўна прайшла па раёне, у яе рамках мы правялі шмат тэматычных мерапрыемстваў. Віртуальны музей Анатоля Астрэйкі працаваў на старонцы «У Кантакце» — «Чытаем разам вершы земляка». Удзельнікамі акцыі сталі таксама настаўнікі і выхаванцы Дзіцячай школы мастацтваў, чытачы сельскіх бібліятэк.

Падчас святкавання Дня Перамогі нашы супрацоўнікі правялі шмат мерапрыемстваў. Напрыклад, «Лясная бібліятэка» ўключала цэлы комплекс: літаратурнае асарці ад герояў ваенных кніг, віктарыны, дзіцячыя гульні, звязаныя з веданнем кніг, фотаатэлье «Нашчадкі Перамогі» і інш. 3 ліпеня на святкаванні Дня Незалежнасці бібліятэка таксама ўдзельнічала ў масавых гуляннях з праграмай «Літаратурны лужок». Не засталіся мы ўбаку і пры святкаванні 1010-годдзя Капыля.

Упершыню ў гэтым годзе мы прынялі ўдзел у раённым злёце маладых спецыялістаў з новым праектам — рэкламнай акцыяй «Адкрый для сябе кнігу». А да ўрачыстасцей, прысвечаных 150-годдзю Спаса-Узнясенскага храма, была арганізавана выстава-экспазіцыя «Сцежка да Храма хай стане дарогай».

Скарбонка інавацыйных ідэй бібліятэкі папоўнілася рознымі мерапрыемствамі: па прапагандзе кнігі і бібліятэкі «Книжная бессонница»; квэст-гульнёй «Читатели-кладоискатели»; акцыямі «Дзень нараджэння з бібліятэкай» і «Адкрый для сябе кнігу»; «Культурная субота» для школьнікаў, якая ўключала слайд-прэзентацыю, краязнаўчыя web-падарожжа, слайд-галерэі, гісторыка-літаратурны хранограф і г.д. Упэўнена, што Год культуры апраўдаў ускладзеныя на яго надзеі, абудзіў новыя творчыя сілы.

IMG_8569

Уладзімір Чаркас, дырэктар Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў:

— Нашы выхаванцы прымалі ўдзел у розных конкурсах, сярод якіх найбольш важнымі з’яўляюцца наступныя. У VI Міжнародным дзіцяча-юнацкім конкурсе выяўленчага мастацтва «КРАСАWЕЕК» навучэнка С.К. Швайбовіч Дар’я Парыбак была ўдастоена спецыяльнага прыза выдавецтва «Чатыры чвэрці». Зноў-такі дзякуючы майстэрству гэтага педагога Віталь Данілін атрымаў Дыплом I ступені ў абласным конкурсе сучаснага мастацтва «Новае пакаленне. Дзень сёння» для дзяцей-сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Дзякуючы прафесіяналізму Л.М. Канапляніка Настасся Карповіч атрымала Дыплом лаўрэата I ступені ў VI Міжнародным конкурсе джазавай і эстраднай музыкі «JAZZ TIME 2016», а ўзорны эстрадны аркестр — Дыплом III ступені. Дарэчы, дзяўчынка ўзнагароджана заахвочвальнай  прэміяй з уручэннем пасведчання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. На XIII фестывалі народнай творчасці Мінскай вобласці «Напеў зямлі маёй» узорны эстрадны аркестр атрымаў Дыплом III ступені і прыз — партатыўны камп’ютар.

На XXV адкрытым абласным фестывалі-конкурсе юных музыкантаў «Сымон-музыка» ансамбль народных інструментаў пад кіраўніцтвам М.П. Сільвановіч стаў уладальнікам Дыплома III ступені. На свяце-конкурсе дзіцячай творчасці «Калыска талентаў» Дар’я Драко (настаўнік М.А. Мароз) заваявала Дыплом I ступені. Хор навучэнцаў школы, якім кіруе І.Б. Хартановіч, узнагаро-джаны Дыпломам за яркае выкананне твора беларускага аўтара на абласным конкурсе харавых калектываў дзіцячых школ мастацтваў.

Акрамя таго, на працягу года праходзілі выставы навучэнцаў мастацкага аддзялення: тэматычныя, прысвечаныя святам і каляндарным датам, персанальныя, у якіх прымалі ўдзел і музыканты. Сумесна з раённым краязнаўчым музеем праведзены раённы конкурс юных мастакоў «Мастакі Капыльшчыны» на тэму «Горад, у якім я хачу жыць», прымеркаваны да Міжнароднага дня музеяў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *