В рамках акции БОКК «Забота» члены инициативной группы «Дабрадзеі» постоянно посещают Бобовнянскую больницу сестринского ухода

Новости

У рамках акцыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа «Клопат» члены ініцыятыўнай групы «Дабрадзеі», створанай пры раённым Цэнтры культуры, пастаянна наведваюць Бабаўнянскую бальніцу сястрынскага догляду.

Выступаюць «Дабрадзеі»
Выступаюць «Дабрадзеі»

У чарговы раз валанцёры прывезлі не толькі традыцыйныя падарункі, але і па шматлікіх просьбах пастаяльцаў парадавалі цудоўным дабрачынным канцэртам. Святочнае дзейства вельмі прыйшлося да спадобы 25 пацыентам, якія на дадзены момант знаходзяцца ў бальніцы. У канцэртнай праграме выступілі не толькі добра вядомыя ўдзельнікі «Дабрадзеяў», але і салісты: Зінаіда Рымковіч, Валянціна Зарамбоўская, Людміла Давідоўская (яна ж і вядучая), Святлана Папок, чытальніца гумарэсак Вольга Ліс, акампаніятар Аляксандр Карповіч. Гледачы не маглі стрымаць сваіх эмоцый: на вачах з’яўляліся слёзы, яны смяяліся, падпявалі, калі гучалі вядомыя песні «Старый клен», «Домик окнами в сад», «Завіруха», «Ягода-малина» і іншыя, а таксама танцавалі. Уключыліся ў канцэрт і супрацоўнікі бальніцы. Напрыклад, Жанна Юха выконвала песні разам з самадзейнымі артыстамі.

Жанна Юха, Валянціна Зарамбоўская, Аляксандр Карповіч
Жанна Юха, Валянціна Зарамбоўская, Аляксандр Карповіч

— Наша місія — арганізаваць вольны час пажылых, адзінокіх людзей, інвалідаў, — расказвае кіраўнік «Дабрадзеяў» Валянціна Зарамбоўская. — З гэтай задачай мы паспяхова спраўляемся ўжо на працягу двух гадоў. Намі асвоены праект па пашырэнні магчымасцей пажылых людзей пры іх актыўным удзеле ў вырашэнні сацыяльных праблем. У хуткім часе прыступаем да рэалізацыі другога праекта.

У склад групы ўваходзяць людзі, нераўнадушныя да чужой бяды, яны не шкадуюць ні свайго часу, ні сілы. У гэтым пераканана старшыня раённай арганізацыі БТЧК Ніна Жук. І з гэтым нельга не пагадзіцца, бо члены ініцыятыўнай групы побач з тымі, каму патрэбна дапамога, хто знаходзіцца ў адзіноце. Яны заўсёды гатовы аддаць часцінку свайго сэрца іншым.

— Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто не забывае пра нашу ўстанову, — гаворыць загадчык бальніцы сястрынскага догляду Таццяна Янушка. — Ад імя ўсіх пацыентаў дзякую за сённяшні цудоўны канцэрт, які мы вельмі чакалі. Хачу адзначыць, што частымі гасцямі ў нас таксама бываюць валанцёры з ТЦСАН, Бабаўнянскай бібліятэкі, Лясноўскай СШ. Вялікую падтрымку неабходнымі рэчамі і пада-рункамі мы атрымліваем ад настаяцеля і прыхаджан Свята-Троіцкай царквы, што ў Цялядавічах. Вялікі дзякуй вам, усе добрыя людзі.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *