Дорожники и комунальники трудились в усиленном режиме

Актуально

Ва ўзмоцненым рэжыме прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых службаў ліквідавалі наступствы снегападу, які прайшоў у мінулыя выхадныя над Беларуссю, у тым ліку і над Капыльшчынай.
У аператыўным парадку былі вызначаны першачарговыя задачы па ачыстцы і пасыпцы дарог, вуліц, тратуараў, аўтобусных прыпынкаў, вывазе снегу. Зразумела, што пачаліся работы з цэнтральных, самых ажыўленых шляхоў зносін. У арганізацыях задзейнічалі ўсю наяўную спецтэхніку.

IMG_7974

У кругласутачным рэжыме ў гэтыя дні працавалі работнікі ДРБУ № 124. На дарогах раёна былі задзейнічаны сем трактароў, аўтагрэйдар, шэсць раскідвальнікаў пясчана-солевай сумесі, пагрузчык. Акрамя праезнай часткі, вялася ачыстка тратуараў па вул. Цімкавіцкай у Капылі. 14 студзеня расчышчана каля 500 км, 15 студзеня — звыш 1500 км дарог.
Тры аўтамабілі МАЗ, два трактары МТЗ былі задзейнічаны на ўчастках, якія абслугоўвае на тэрыторыі нашага раёна ЛДД-653. Не абышлося без прыцягнення тэхнікі і з Нясвіжа.
Актыўна змагаліся і змагаюцца са снегам работнікі камунальнай службы. Работы вядуцца ў дзве змены: з пяці гадзін раніцы да васьмі вечара. На расчыстцы было задзейнічана 11 адзінак сваёй спецтэхнікі і два наёмныя МАЗы. Пяць адзінак вывозяць снег з горада. У першую чаргу вялася ачыстка цэнтральнай часткі, вуліц Партызанскай, Савецкай і інш.
— Нам вельмі перашкаджаюць так званыя «падснежнікі», — расказвае намеснік дырэктара Капыльскай ЖКГ Аляксандр Паляшчук. — Так мы называем пакінутыя на праезнай частцы і ў дварах аўтамабілі. Тэхніка вымушана іх аб’язджаць, застаюцца нячышчаныя ўчасткі, якія ствараюць нязручнасці для руху транспарту. Таму звяртаемся да грамадзян з просьбай не пакідаць аўтамабілі ў месцах з ажыўленым рухам. Па гэтай жа прычыне мы не можам якасна ўбіраць дваровыя тэрыторыі. Увогуле кожны аўтаўладальнік згодна з правіламі павінен прыбіраць тэрыторыю вакол сваёй машыны ў радыусе 1 метра.
Вялікі аб’ём работы выконваюць дворнікі, бо далёка не ўсюды ёсць магчымасць пачысціць тратуары і дарожкі спецтэхнікай. Іх у гэтыя дні задзейнічана каля 25 чалавек. Таксама ад снежных заносаў расчышчаюцца прыдамавыя тэрыторыі, падыходы да месцаў масавага знаходжання грамадзян, пешаходныя пераходы.
На тэрыторыі сельгаспрадпрыемстваў расчысткай займаюцца трактары са спецыяльнымі лапатамі. Іх у гаспадарках маецца 57 адзінак.
Ва ўзмоцненым рэжыме працуе і служба Дзяржаўтаінспекцыі. Яе супрацоўнікі не толькі сочаць за выкананнем вадзіцелямі і пешаходамі правілаў дарожнага руху, што вельмі актуальна падчас непагадзі, але і ажыццяўляюць кругласутачны маніторынг стану дарог.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *