Семья Черкас: с верой через всю жизнь

Актуально Галерэя лёсаў

Замест прадмовы

Напрыканцы Вялікай Айчыннай вайны жыхары нашага горада і раёна прасілі, каб у капыльскім касцёле з’явіўся свой пробашч. 20 студзеня 1945 года ў Вільна да рымска-каталіцкага мітрапаліта ад імя жыхароў вёскі Шастакі быў дасланы зварот, у якім яны паведамляюць пра рэгістрацыю касцёла і парафіі ў Капылі і просяць прызначыць пастаяннага пробашча. Падпісалі гэты ліст 29 чалавек, сярод іх — прадстаўнікі сем’яў Пяткевічаў, Чаркасоў, Дашкевічаў, Зарамбоўскіх, Сапешкаў, Тарасевічаў, Жылкоўскіх, Новікаў і інш. На канверце стаіць імя Аляксандры Сямёнаўны Чаркас з в. Шастакі. Аб гэтым выпадку гаворыцца ў кнізе «Капыль: гісторыя горада і рэгіёна».

Такi незвычайны звычайны лёс

Стала цікава, якім было жыццё жанчыны, што ў той антырэлігійны час не пабаялася паставіць на канверце свае  імя і прозвішча? Каб знайсці якія-небудзь звесткі пра Аляксандру Сямёнаўну або яе сваякоў, мы звярнуліся да старшыні Капыльскага сельвыканкама Вольгі Купрыенкі. Дзякуючы ёй даведаліся, што нарадзілася Аляксандра Сямёнаўна ў 1895 годзе. Блізкіх сваякоў у самой вёсцы, на жаль, не засталося, але Вольга Мікалаеўна знайшла жанчыну, якая добра ведала нашу гераіню. Гэта Станіслава Войцехаўна Гардзіевіч, маці якой была пляменніцай Аляксандры Сямёнаўны. Да яе ў госці мы і накіраваліся.

Станіслава Чаркас
Станіслава Чаркас

Першае,  на што звяртаеш увагу менавіта ў Шастаках — крыжы на хатах. Як пазней патлумачыла Станіслава Войцехаўна, такім чынам абазначаюць сваё жыллё каталікі: яны вераць, што крыж надзейна захоўвае і хату, і гаспадароў ад усялякіх непрыемных здарэнняў.

Нас ветліва сустракае гаспадыня Станіслава Войцехаўна, якая шмат часу адпрацавала намеснікам кіраўніка спачатку ашчаднай касы, потым — капыльскага аддзялення Беларусбанка. У хаце чысціня і ўтульнасць.

— Так, мая мама была пляменніцай Аляксандры Сямёнаўны, — расказвае жанчына. — У нашай вёсцы заўсёды жыло шмат каталікоў, і веру яны імкнуліся захоўваць. У час, калі не было свайго пробашча, самі жанчыны хадзілі па хатах і адпявалі нябожчыкаў. У іх ліку была і Аляксандра Сямёнаўна. Да касцёла ездзілі ў Нясвіж. Дарэчы, яе бацька трапіў у Амерыку ў пошуках заробка. Але прабыў ён там нядоўга, мо гады тры. Усяго ў іх сям’і гадавалася чацвёра дзяцей: тры дачкі і сын. Адна з сясцёр потым жыла ў Канадзе. Сама Аляксандра Сямёнаўна нарадзіла дачку Альжбету (ці, як яе называлі, Альдзя). Калі дзяўчына выйшла замуж за Адама Рымашэўскага і пераехала ў пасёлак Абразцова, хутка забрала з сабой і маці. Там яны і жылі. У Альдзі нарадзілася пяцёра дзяцей, і Аляксандра Сямёнаўна дапамагала іх гадаваць. Мы, калі былі маленькімі, вельмі любілі ездзіць у Абразцова (Вялікараёўскі сельсавет. — Рэд.), асабліва летам. Нас заўсёды ветліва там сустракалі. Вельмі смачнымі былі халаднікі са шчаўя! Нават і зараз адчуваю іх смак… Аляксандра Сямёнаўна памерла ў 1973 годзе. Не засталося ў жывых, на жаль, і дачкі з зяцем. Толькі ўнукі.

Аляксандра Чаркас з сястрой Надзеяй  і пляменніцай Ганнай. Пачатак 30-х гадоў  ХХ ст.
Аляксандра Чаркас з сястрой Надзеяй і пляменніцай Ганнай. Пачатак 30-х гадоў ХХ ст.

— Так, я бабулю добра памятаю, — расказваў па тэлефоне Віктар Адамавіч Рымашэўскі, 1959 года нара-джэння, які працуе механікам на заво-дзе «Керамін». — Яна была шчырай каталічкай, дапамагала маме гадаваць нас. Мама працавала ў калгасе, зарабляла працадні, таму часу ў яе было няшмат. А бабуля, памятаю, расказвала, што працавала яшчэ ў пана Вайніловіча. Ніколі пра яго не сказала дрэннага слова. У той час сялянам пан добра плаціў, а ў асабліва галодныя гады нават і дапамагаў. Калі не было чым карміць хатнюю жывёлу (карову ці каня), пан забіраў на зіму, а потым, калі з кармамі станавілася лепей, вяртаў. І як Каляды бабуля адзначала, памятаю. Яна пякла вельмі смачныя пірагі і сухарыкі, якія называліся «груздзі». Цеста дзеля гэтага замочвала ў цукры, затым вельмі тонка раскатвала, скручвала неяк адмыслова і абсмажвала ў алеі. Абавязковымі стравамі былі куцця і вяленае мяса. А каб паспрабаваць надзвычай смачнага бабулінага хлеба, які яна пякла сама, да нас прыходзілі з усяго пасёлка. Потым бабуля цяжка захварэла і праз пэўны час памерла. Пахавана яна ў Капылі на так званых «польскіх» могілках.

Сям’я Альжбеты Рымашэўскай (Чаркас). 60-я гады ХХ ст.
Сям’я Альжбеты Рымашэўскай (Чаркас). 60-я гады ХХ ст.

— Бабуля была вельмі строгай, але і любіла нас моцна, — успамінае ўнук Віктар, які зараз працуе на Мінскім трактарным заводзе майстрам. — Дзякуючы яе шчырай веры нас хрысцілі ў Нясвіжскім касцёле. Я быў зусім малы тады. Ведаеце, на нашым пасёлку Абразцова ўсе жыхары былі каталікамі. А пасля бабулі традыцыі працягвала мама.

Традыцыi сям’i

— Так, традыцыі ў нашай сям’і былі заўсёды трывалыя, — нібы працягвае думку Станіслава Войцехаўна. — Не магу не ўзгадаць і пра сваю маму. Яе звалі Чаркас Ганна Цэзараўна, і замуж  выйшла таксама за Чаркаса — Войцеха Антонавіча. Доўгі час адпрацавала ў раённай бальніцы акушэркай. Мама заўсёды малілася, але рабіла гэта неяк непрыкметна (вядома ж, час быў такі). Але на Вялікдзень жыхары вёскі заўсёды збіраліся ў нашай хаце, і жанчыны самі, як маглі і ведалі, праводзілі службы. І на Вялікдзень, і на Коледы (менавіта так, з націскам на першай галоснай, гаворыць Станіслава Войцехаўна. —Рэд.) мама пякла пірагі. З вечара рашчыняла цеста: мука, дрожджы, крыху цукру. Раніцай дадавала яйкі, яшчэ больш цукру, мукі. Добра вымешвала і клала ў формы, каб цеста крыху падышло, затым ставіла ў печ.

Самым галоўным пачастункам былі чорныя (сланечнікавыя) і белыя (гарбузовыя) семкі. Мама заўсёды іх ад нас прыхоўвала і давала толькі на Коледы. Памятаю, як мама запякала мяса. Брала вялікі кумпяк, абмазвала цестам і ставіла ў печ. Таксама гатавала кур і гусей. Але гусей яна яшчэ і фаршыравала: адварвала рыс, абсмажвала цыбулю, здрабняла вантробы — і гэтай сумессю начыняла птушку. Напярэдадні Божага Нараджэння асабліва не пасцілі, больш перад Вялікаднем. На Новы год заўсёды ставілі ёлку і ўпрыгожвалі хату. Нас, дзяцей, у сям’і гадавалася чацвёра, таму на святы было вельмі весела і шумна.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара і з архіва сям’і Чаркас



1 комментарий по теме “Семья Черкас: с верой через всю жизнь

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *