Семья Валентины Ляшко и Эдуарда Паценкера инициировала благоустройство возле родового захоронения Войниловичей в деревне Савичи Копыльского района

Духоўнасць Спадчына

«Жыццё дадзена, каб шукаць Бога, смерць дадзена, каб знайсці Яго, а вечнасць — каб быць з Ім», — у гэтым глыбокадумным выразе адлюстраваны прынцып, з якім ідуць па жыцці прыхаджане парафіі святых Пятра і Паўла ў Капылі сям’я Валянціны Ляшко і Эдуарда Пацэнкера. З упэўненасцю можна сказаць, што менавіта іх глыбокая вера і паважлівыя адносіны да гісторыі роднага краю падштурхнулі на высакародны ўчынак — зрабіць тэрыторыю каля радавога склепа Вайніловічаў у в. Савічы больш прыгожай і дагледжанай.

Валянціна Ляшко і Эдуард Пацэнкер ля месца пахавання Эдварда Вайніловіча ў Чырвоным касцёле
Валянціна Ляшко і Эдуард Пацэнкер ля месца пахавання Эдварда Вайніловіча ў Чырвоным касцёле

Ідэя добраўпарадкаваць вядомае месца прыйшла сям’і Валянціны Ляшко і Эдуарда Пацэнкера пасля цырымоніі беатыфікацыі знакамітага земляка, якая праходзіла ў Чырвоным касцёле ў красавіку гэтага года. «Падзея настолькі нас ускалыхнула, што на сямейным савеце мы вырашылі: нічога не павінна быць аддадзена забыццю, — распавядае Валянціна Віктараўна. — Хацелася аднавіць гістарычную значнасць гэтага кургана, які існуе ўжо дзясяткі гадоў. Памятнага надпісу на магільным склепе да гэтага часу не было. Таму за ўласныя грошы закупілі мармуровую пліту. Пасля параіліся з нашым земляком, членам Саюза мастакоў Беларусі Уладзімірам Швайбовічам, што неабходна адлюстраваць на ёй. У нас быў свой варыянт, Уладзімір Піліпавіч прапанаваў свой. У выніку прыйшлі да таго варыянта, які стаў увасабленнем абодвух меркаванняў. Пасля гэтага пачалі добраўпарадкаванне кургана. У першую чаргу ў Савічах вырашылі пасадзіць туі».

Без старонняй дапамогі абысціся было немагчыма. Па-першае, свайго транспарту сям’я не мела, таму прасілі знаёмых ці суседзяў, каб тыя даставілі да савіцкага кургана. Па-другое, неабходна была мужчынская сіла, каб замешваць бетон для надзейнага падмурка для цяжкай мармуровай пліты. Ва аздабленні святога месца выкарыстоўвалі і будаўнічыя матэрыялы (каменне), якія засталіся пасля ўзвядзення прыхаджанамі Чырвонага касцёла і  ксяндзом Уладзіславам Завальнюком сімвалічнай Галгофы.

Уладзімір Швайбовіч і Эдуард Пацэнкер на добраўпарадкаванні месца радавога пахавання Вайніловічаў у в. Савічы
Уладзімір Швайбовіч і Эдуард Пацэнкер на добраўпарадкаванні месца радавога пахавання Вайніловічаў у в. Савічы

Акрамя Уладзіміра Швайбовіча дапамогу па добраўпарадкаванні аказвалі сын Эдуард Пацэнкер, сям’я Свяцкіх — Станіслаў Тадэвушавіч і Яўген, а калі — і староннія людзі. «Сам Эдвард Вайніловіч быў чалавек-стрыжань, моцнага характару — гаспадарнік, палітык, выдатны сем’янін, неардынарны, велізарнага значэння чалавек не толькі для Беларусі той эпохі, але і ўсёй Расіі, — працягвала аповед Валянціна Віктараўна. — Яго любімае дрэва — дуб. На тэрыторыі сядзібы раслі дубы рэдкіх парод. Таму па парадзе ксяндза Уладзіслава Завальнюка мы пасадзілі шэсць саджанцаў».

На працягу некалькіх месяцаў ішла карпатлівая работа, і ўжо ў кастрычніку курган набыў больш прывабны выгляд: з’явіліся невялічкія клумбы, каменная дарожка да кургана, усталявана пліта, дзе з аднаго боку высечаны памятны надпіс «Курган памяці роду слугі Божага Эдварда Вайніловіча», а з другога — яго вядомы выраз «Так хацеў Бог…».

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Цікавыя факты з жыцця Э. Вайніловіча

img_3906

  • Былыя сядзібы Эдварда Вайніловіча знаходзяцца на тэрыторыі цяперашняга Капыльскага раёна. У маёнтку Савічы былі пахаваны яго продкі, а таксама заўчасна памерлыя дзеці — дачка Алена і сын Сымон, у гонар якіх у 1910 годзе за свае сродкі ўзвёў Чырвоны касцёл у Мінску.
  • Спавядалі Эдвард і Алімпія Вайніловічы каталіцызм, але да ўсіх веравызнанняў ставіліся паважліва. Шматлікія сведчанні гавораць пра апякунства і ахвяраванні Вайніловічаў храмам розных канфесій. Напрыклад, у Макранах ён узвёў праваслаўную Георгіеўскую царкву, а непадалёку — каталіцкі касцёл. У Клецку для яўрэяў пабудаваў сінагогу. Добразычліва ставіўся да татар-мусульманаў. У 1877 годзе сапраўды стацкі саветнік Вайніловіч ахвяраваў Спаса-Узнясенскаму храму Капыля крыж напрастольны з чыстага срэбра вагой у два фунты.
  • Адукацыю Эдвард Вайніловіч меў хатнюю, потым з сярэбраным медалём скончыў Слуцкую гімназію. Прафесійную падрыхтоўку атрымаў на тэхналагічным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, працаваў інжынерам на Пуцілаўскім заводзе. Удасканальваў веды ў Італіі, Германіі, Польшчы.
  • Сам Пётр Сталыпін, які за здольнасці і рэфарматарскія адносіны да працы называў Вайніловіча «Мінскім Бісмаркам», прапаноўваў яму заняць у сваім урадзе на выбар пасаду віцэ-прэм’ера або міністра сельскай гаспадаркі Расіі. Але Эдвард прыклаў намаганні для падняцця эканомікі і дабрабыту свайго краю.
  • Ён тройчы з’яўляўся членам Дзяржаўнай Думы Расіі. На працягу 35 гадоў быў ганаровым суддзёй Слуцкага павета. Узначальваў Таварыства дабрачыннасці Слуцкага павета. Пры яго падтрымцы ў Слуцку было адкрыта камерцыйнае вучылішча. На аснове навейшых дасягненняў у сваіх маёнтках арганізоўваў сельскагаспадарчую працу. З 1878 года стаў членам, віцэ-старшынёй, а потым і старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Падтрымліваў і фінансаваў беларускія зямляцтвы ў Вільні і Пецярбургу, фінансаваў першае легальнае беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца».
  • Падчас рэвалюцыі падтрымаў утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, удзельнічаў у пасяджэннях Рады БНР. Працягваў грамадскую дзейнасць і ў Слуцку.
  • У 1920 годзе разам з жонкай выехаў у польскі горад Быдгашч, дзе на свае сродкі пабудаваў шматпавярховы дом для дзяцей-сірот, за што заслужыў вялікую павагу жыхароў месца. У гэтым горадзе быў пахаваны. Пасля смерці ў чэрвені 2006 года яго астанкі былі перапахаваны ў заснаваным ім касцёле святых Сымона і Алены.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *