У лістападзе гэтага года адбылася знакавая падзея ў жыцці Капыльшчыны. Нагодай для прыезду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча стала асвячэнне адноўленага кургана памяці слугі Божага Эдварда Вайніловіча ў вёсцы Савічы, дзе былі пахаваны прадстаўнікі яго роду.

Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і пробашча Чырвонага касцёла ў Мінску ксяндза Уладзіслава Завальнюка ў Капылі сустракалі старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч, старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Кісляк і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі.

Разам з прыхаджанамі касцёла святых Пятра і Паўла г. Капыля, а таксама Чырвонага касцёла г. Мінска высокія госці накіраваліся да памятнага месца ў в. Савічы. Мітрапаліт благаславіў адноўлены курган памяці слугі Божага Эдварда Вайніловіча. Пасля да праваслаўнага і каталіцкага крыжоў, што ўзвышаюцца побач, і памятнай пліты вернікі ўсклалі кветкі і запалілі лампады, ушанаваўшы памяць прадстаўнікоў знакамітага роду.

Ужо ў капыльскім касцёле адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас службы арцыбіскуп нагадаў вернікам, што Каталіцкі Касцёл адзначае гэтымі днямі ўспамін святога Язафата, біскупа і мучаніка, які нарадзіўся ў 1580 г. ва Украіне і прыняў мучаніцкую смерць у Віцебску ў 1623 годзе. Святар Язафат добра вядомы тым, што імкнуўся да ажыццяўлення закліку Езуса: «Каб усе былі адно». «Наш Збаўца добра ведаў, што ў Касцёле па прычыне граху наступяць падзелы, і таму заклікаў маліцца аб адзінстве, — адзначыў іерарх. — Справа адзінства хрысціян заўсёды была актуальнай і такой з’яўляецца ў наш час… Калі людзі бачаць нас, праваслаўных, католікаў і іншых хрысціян, аб’яднанымі, то ім лягчэй паверыць у Бога, бо тады мы разам абвяшчаем адну веру, разам абараняем і распаўсюджваем хрысціянскія каштоўнасці», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Гэты прынцып жыцця добра разумеў стагоддзе таму і слуга Божы Эдвард Вайніловіч, падкрэсліў арцыбіскуп. У свой час ён стаў чалавекам, які ўласным прыкладам сведчыў пра магчымасць міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу.
«У наш час вельмі небяспечных выклікаў нам усім неабходна прытрымлівацца еднасці, вучыцца адзін у аднаго, браць прыклад у захоўванні маральнага права і бараніць хрысціянскія традыцыі, аб чым сведчыць супольная сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Кірыла, якая прайшла 12 лютага 2016 года на Кубе», — адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп заклікаў прысутных не шкадаваць сіл для дасягнення еднасці хрысціян і маліцца, каб праз заступніцтва св. Язафата і слугі Божага Эдварда Вайніловіча ажыццявілася малітва Хрыста і настала бачнае адзінства хрысціян.
Пасля святой Імшы вернікі, высокія госці, прадстаўнікі раённай улады накіраваліся ў раённы Цэнтр культуры, дзе да іх увагі былі прадстаўлены макеты маёнтка Вайніловічаў і Свята-Троіцкай царквы ў в. Савічы. Гэтыя работы выканалі навучэнцы ДУА «Гімназія № 75 г. Мінска імя Масленікава П.В.» Настасся Вайтэнка і Варвара Карзюк пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Вайтэнкі.

(у цэнтры) дэманструе макеты маёнтка Вайніловічаў і Свята-Троіцкай царквы
ў в. Савічы
Ужо ў глядзельнай зале адбыўся канцэрт. Вакальнае майстэрства прысутным на працягу гадзіны дарыў хор Чырвонага касцёла «Голас душы».

Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара