В центре внимания — Бучатинский сельисполком

Актуально Мясцовая ўлада

Падчас чарговага выязнога пасяджэння раённага выканаўчага камітэта быў наведаны Бучацінскі сельсавет.

Азнаямленне з ім пачалося з аграгарадка Жыліхава. Адзначана станоўчая работа па навядзенні парадку на тэрыторыі машынна-трактарнага парку і малочнатаварнага комплексу ЗАТ «Жыліхава», а таксама па ўвядзенні ў севазварот мясцовым сельгаспрадпрыемствам пустуючых зямельных участкаў. Аб’ект гандлю — магазін «Родны кут» — у гэтым жа населеным пункце пакінуў самыя добрыя ўражанні: як парадкам, так і насычаным асартыментам тавараў.

Удзельнікі семінара на малочнатаварнай ферме ЗАТ "Жаліхава"
Удзельнікі семінара на малочнатаварнай ферме ЗАТ «Жаліхава»

Як заўсёды, належным чынам да выязнога пасяджэння падрыхтаваліся ўстановы адукацыі і культуры. Былі наведаны вучэбна-педагагічны комплекс Смаліцкая базавая школа-дзіцячы сад, Бучацінская СШ, Бучацінская сельская бібліятэка і Бучацінскі ФАП. Пра тое, як арганізаваны прыдарожны сэрвіс, удзельнікі пасяджэння азнаёміліся ў кафэ «На ростанях», што размясцілася каля вёскі Гулевічы.

Па ходзе маршруту з работай па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, якая праводзіцца на тэрыторыі сельсавета, знаёміла старшыня Бучацінскага сельвыканкама Зоя Бордак. Як адзначыла Зоя Мікалаеўна, агульная тэрыторыя сельсавета складае 114 кв. км. У 18 населеных пунктах пражываюць 1855 чалавек, з іх 996 чалавек працаздольнага ўзросту. На працягу года сельвыканкамам праведзена немалая работа: знесена 15 старых і пустуючых дамоў, 5 гаспадарчых пабудоў, захавана 7 фундаментаў. Самы вялікі аб’ём па гэтым відзе работ выкананы ў в. Лютовічы (4 дамы, 3 гаспабудовы, 4 фундаменты). Усяго ж у названым населеным пункце налічваецца 35 пустуючых домаўладанняў. За гэты ж час на тэрыторыі сельсавета захавана 126 стыхійных сметнікаў, знесена 1390 м старых агароджаў, спілаваны 372 аварыйныя дрэвы.

Ідуць заняткі ў гуртку ў Бучацінскай сельскай бібліятэцы
Ідуць заняткі ў гуртку ў Бучацінскай сельскай бібліятэцы

Аднак разам з тым падчас выязнога пасяджэння былі выказаны і пэўныя заўвагі. Як адзначыў старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч, работы па навядзенні парадку не павінны спыняцца, для іх правядзення неабходна выкарыстоўваць любое надвор’е. Бучацінскаму сельвыканкаму сумесна з супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях рэкамендавана прадоўжыць спілоўванне аварыйных дрэў у населеных пунктах, разам з ЗАТ «Жыліхава» і дарожнымі службамі — выразку хмызнякоў паўз дарогі. Трэба звярнуць увагу і на навядзенне парадку каля сталовай у аграгарадку Жыліхава.

Кіраўніцтву ААТ «Ціміразеўскі» даручана паступова ўключаць у севазварот пустуючыя землі ў в. Лютовічы і іншых населеных пунктах, сумесна з ПМК-11 і ПМС вызначыць участак, на якім наводзіць парадак з пачатку 2017 года, а таксама прывесці ў належны выгляд тэрыторыю ля былой малочнай у в. Смалічы.

Шэраг заўваг быў адрасаваны дарожным службам. Так, ДРБУ № 124 неабходна навесці парадак на аўтобусным прыпынку ў в. Смалічы, адрамантаваць і пафарбаваць павільён (па магчымасці для рэгулярнага навядзення парадку разгледзець пытанне наконт замацавання за ім мясцовага жыхара), падтрымліваць у належным санітарным стане і іншыя прыпынкі па раёне. Да таго ж, перыядычна грэйдзіраваць дарогу да  в.  Старына.  ДЭУ № 65 даручана абкасіць тэрыторыю ля маста ў в. Дзярэчына.

Загадчыца Бучацінскага ФАПа Галіна Германовіч
Загадчыца Бучацінскага ФАПа Галіна Германовіч

Кіраўніцтву Капыльскай ЦРБ выказана пажаданне па арганізацыі выязнога прыёму грамадзян медыцынскімі работнікамі ў сельскіх населеных пунктах (у тым ліку і ў в. Садавічы), добраўпарадкаваць тэрыторыю і правесці касметычны рамонт на Бучацінскім ФАПе. Аптэцы № 97 прапанавана ўстанавіць касавыя апараты на сельскіх ФАПах, каб была магчымасць прадаваць пенсіянерам лекі па скідках у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Беларусі.

У чарговы раз закранута пытанне наконт стварэння ў раёне аграсядзіб. Анатоль Ліневіч нагадаў, што яны павінны з’явіцца да канца года ў кожным сельсавеце. Таксама выказана прапанова Капыльскаму доследнаму лясгасу аб адкрыцці аграсядзібы ці дома для адпачынку на беразе вадасховішча ў Смалічах.

Увогуле падрыхтоўка Бучацінскага сельвыканкама да выязнога пасяджэння ацэнена на «здавальняюча». Наступны выезд запланаваны ў Блеўчыцкі сельсавет.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *