Известный в Копыльском районе коллектив «Лоцвінскія ўдалухі» делится своим мастерством

2016 - год культуры Актуально

У Лоцвінскім цэнтры аматарскай творчасці па арганізацыі вольнага часу насельніцтва цёпла і ўтульна. Пакой, у якім мы вядзём размову з удзельніцамі знакамітага аматарскага аб’яднання «Лоцвінскія ўдалухі» Галінай Дрожжай і Валянцінай Шыманскай, аформлены ў стылі беларускай хаты. Таму і тэма нашай размовы нераздзельна звязана з нашай народнай культурай. Ды і вядома ж! Названае аматарскае аб’яднанне знакаміта ўменнем выконваць беларускія народныя песні, гатаваць нацыянальныя стравы.

%d1%83%d0%b4%d0%b0%d0%bb%d1%83%d1%85%d0%b8-%d1%81-%d0%b1%d0%bb%d0%b8%d0%bd%d0%b0%d0%bc%d0%b8

— Мы вельмі любім тую справу, якой займаемся, — гаворыць мастацкі кіраўнік Галіна Віктараўна Дрожжа. — Заўсёды імкнёмся да таго, каб стварыць нешта новае і цікавае. У нас часта праходзяць пасяджэнні клуба, сустрэчы, майстар-класы. Мы імкнёмся зрабіць так, каб наша клубная ўстанова стала роднай і блізкай для кожнага чалавека. І таму ўсю сваю энергію накіроўваем на арганізацыю змястоўнага, цікавага і карыснага адпачынку насельніцтва.

— Выставы, агеньчыкі, гульнёвыя праграмы, літаратурна-пазнавальныя гадзіны, літаратурна-музычныя кампазіцыі, абмен вопытам у рамках клуба «Лоцвінскія ўдалухі», дыскусіі, літаратурныя турніры, дабрачынныя акцыі, — пералічвае кіраўнік гуртка Валянціна Антонаўна. — Дзе мы толькі не ўдзельнічалі! Да таго ж, і частыя госці на фермах, палях, збожжатаках, у майстэрнях гаспадарак. Для чалавека працы мы ладзім міні-канцэрты, вясёлыя хвіліны, віншавальныя паштоўкі з днём нараджэння і перадавікам. Не абмінаем і маланаселеныя і аддаленыя вёскі.

— Акрамя вядомых «Удалух», якія яшчэ аб’яднанні працуюць пры Лоцвінскім цэнтры аматарскай творчасці?

— Яшчэ пяць клубных фарміраванняў, — адказвае Галіна Віктараўна і дапаўняе: — Клубы «Вясковыя кнігалюбы» і «Церамок», вакальны гурт «Вяночак», гурток сольных спеваў «Добры настрой», тэатральны гурток.

— Што цікавага адбылося ў вашым творчым жыцці на працягу Года культуры?

— Мы прымалі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, — гаворыць Галіна Віктараўна. — Па-першае, у раённым этапе рэспубліканскага прафсаюзнага агляду-конкурсу «Новыя імёны Беларусі» (атрымалі сертыфікат за ўдзел). Далей быў удзел у раённым фестывалі кірмашовых праграм «Кірмашовыя дзеі спрадвеку няслі весялосць чалавеку», які праходзіў у нашым раённым Цэнтры культуры. Частавалі капылян і гасцей горада падчас правядзення свята Масленіцы.

—   Жартавалі   мы і на абласным фестывалі гумару «Я — пякучка Крапіва», які  праходзіў  ва Уздзе, — дапаўняе Валянціна Антонаўна. — За гэта ўзнагароджаны дыпломам. Падрыхтавалі цікавую праграму для ўдзелу ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку мерапрыемства па асновах бяспекі, што адбыўся ў Песачанскім ЦКіВЧ. А хіба ж забудзеш «Вясковую катавасію ў бібліятэцы» (так называўся раённы семінар бібліятэкараў)! Сама назва гаворыць за сябе!

— Разам з хлебаробамі пачыналі жніво ў раённых «Зажынках», — усміхаецца Галіна Віктараўна, — а потым і завяршалі падчас раённых «Дажынак». Прадстаўлялі сваю творчасць і на свяце горада Капыля. Разам з жыхарамі раёна адсвяткавалі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

— І зусім нядаўна частавалі беларускімі прысмакамі веруючых, якія далучыліся да святкавання 150-годдзя Спаса-Узнясенскага храма г. Капыля, — гаворыць Валянціна Антонаўна.

— Так, смак вашых страў вядомы не толькі ў нашым раёне. Дзе бераце рэцэпты? Многае з прыгатаванай вамі ежы можна пакаштаваць толькі ў вас.

— Гэта наш творчы сакрэт, — загадкава ўсміхнуўшыся, гаворыць Галіна Дрожжа. — Але нічога, для чытачоў раёнкі мы крыху яго раскрыем. Па-першае, мы працуем з насельніцтвам, з тымі жанчынамі, якія яшчэ памятаюць, што гатавалі іх мамы і бабулі. Па-другое, нешта выкарыстоўваем і са сваіх рэцэптурных запісаў.

— А па-трэцяе, — падказвае Валянціна Шыманская, — мы і самі прыдумаць можам, дарэчы, як і любая гаспадыня. Бяром які-небудзь рэцэпт, гатуем па ім страву, каштуем і… Вось тут і пачынаецца самае цікавае — эксперымент. Нешта дабаўляем, нешта, наадварот, выкідваем, — і атрымліваецца новая, амаль эксклюзіўная страва!

Не верыце? Паспрабуйце і самі пераканайцеся. 


Мёд з гарбуза

1 кг ачышчанага гарбуза, 300 г цукру, карыца і гваздзіка па гусце.

Гарбуз перакруціць на мясарубку, дадаць цукар, змяшаць. Даць пастаяць, пакуль не пачне выдзяляцца сок. Затым варыць на маленькім агні, пастаянна адліваючы сок у іншы посуд. Затым у гэты сок дадаць карыцу і гваздзіку, дагатаваць да гушчыні смятаны.

 

Салёная капуста

На 10 кг нашынкаванай капусты — 300 г морквы, 300 г буракоў, 300 г гарбуза, 300 г журавін, 200 г кораня хрэну, 0,5 кг яблыкаў (антонаўка).

Расол кіпячоны астылы: 4 л вады, 1 шклянка буйной солі, 0,5 шклянкі цукру.

Капусту скласці ў вялікую ёмістасць, дадаць пацёртыя на буйной тарцы хрэн, буракі, гарбуз, моркву. Яблыкі парэзаць долькамі. Усё змяшаць, заліць расолам, засыпаць журавіны. Пакласці кружок, а на яго груз. Расол павінен пакрываць капусту цалкам. Праз тыдзень капуста гатовая.

 

Гарбузовы пірог

4 яйкі, 1 шклянка цукру, 1 шклянка смятаны, 1 шклянка мукі,   0,5 лыжкі разрыхляльніка, 2 шклянкі гарбуза, пацёртага на буйной тарцы.

Узбіваем яйкі з цукрам, затым дадаём астатнія інгрэдыенты, усё змешваем і выліваем у форму, змазаную сметанковым маслам. Ставім у разагрэтую духоўку на 15-20 хвілін.

 

Яблыкі, мочаныя з рабінай

5 кг яблыкаў, 5 кг рабіны, 0,5 кг цукру, 3,5 лыжкі солі, 10 літраў вады.

Падрыхтаваныя яблыкі і рабіну пакласці ў бочку (вядро) і заліць ахалоджаным растворам, прыгатаваным з вады, цукру і солі. Вытрымаць у прахалодным месцы 30 дзён.

 

Марынаваная пятрушка

Марынад: 1 літр вады, 1,5 сталовай лыжкі солі, 3 сталовыя лыжкі цукру, 1 лаўровы ліст, 2 зубчыкі часнаку, 1 шклянка 9% воцату.

Зеляніну пятрушкі здрабніць. Пакласці ў банкі, дадаць спецыі, заліць марынадам. Стэрылізаваць 10 хвілін, закатаць.

 

Аджыка «Восеньская»

5 кг кабачкоў, 1 шклянка алею, 1 шклянка часнаку, 1,5 шклянкі цукру, 2 сталовая лыжкі солі, 1 чайная лыжка чырвонага молатага перцу.

Кабачкі пацерці на буйной тарцы, часнок прапусціць праз часночніцу. Усё змяшаць, дадаць астатнія інгрэдыенты і тушыць 30 хвілін. Раскласці ў банкі. Закатаць.

 

Суп-пюрэ з гарбуза

60 г сметанковага масла, 1 цыбуліна, 0,5 кг гарбуза, заправа курыная.

Цыбуліну пакрышыць і абсмажыць на сметанковым масле, затым дадаць парэзаны кубікамі гарбуз, уліць трохі вады і тушыць 15-20 хвілін. Дадаць запраўку і ўсё ўзбіць блэндэрам.

Запісала Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *