“Не хлебам адзіным жыве чалавек”

Актуально Наша здароўе Спорт

 

Падчас агляду трэнажорнай залы ФАКу

Менавіта такімі словамі ў аўторак, 21 снежня, распачаў нараду з удзелам кіраўнікоўарганізацый сацыяльнай сферы, прадпрыемстваў аграрнага і прамысловага сектараў эканомікі старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня.

На парадак дня было вынесена фактычна толькі адно пытанне: павышэнне здаровага ладу жыцця працаўнікоў Капыльшчыны і вывядзенне спартыўна-масавай работы на новы, больш высокі ўзровень.

Гэта тэма ўзнімалася Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам на IV Усебеларускім народным сходзе, які праходзіў 6 – 7 снежня. У прыватнасці лідар краіны адзначаў: «Згодна з данымі экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 80% фактараў, якія ўплываюць на стан здароўя, можна кіраваць. Палова з іх залежыць ад ладу жыцця.

Таму ў Беларусі будзе працягнута стварэнне спартыўна-аздараўленчай інфраструктуры. Не толькі такіх буйных праектаў, як «Мінск-Арэна», «Сілічы», лядовыя палацы, але і басейнаў, лыжаролерных трас, спартыўных пляцовак у школах і дварах. Спартыўныя будынкі павінны стаць масавымі. Тады будзе і вялікі спорт, і здароўе, і галоўнае — настрой людзей».

Таму невыпадкова першым этапам нарады стала наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу – гонару Капыльшчыны. Чым жыве гэта ўстанова, падрабязна расказаў дырэктар ФАКу Аляксандр Салаўёў. Так, з кожным годам на комплексе пашыраецца пералік паслуг, якімі могуць карыстацца жыхары нашага раёна. Спартыўная і трэнажорная залы, плавальныя басейны (вялікая і малая ванны), саўна, більярд, тэніс, аквааэробіка, шэйпінг, усходнія танцы – усё працуе толькі для вас, капыляне! Улетку аматары здаровага адпачынку могуць узяць напракат разнастайны турыстычны інвентар (веласіпеды, палаткі, рукзакі і інш.). А для маленькіх – прыгожыя і бяспечныя электрамабілі. З надыходам зімы асаблівай папулярнасцю карыстаюцца лыжы і канькі. Увогуле, выбар – на любы густ.

Удзельнікі нарады змаглі на свае вочы ўпэўніцца, што магчымасці нашага комплексу для культурнага і здаровага адпачынку даволі ўнушальныя. Некаторыя кіраўнікі нават змаглі выпрабаваць свае сілы на разнастайных трэнажорах. Многія з іх, па ўсім відаць, паслугамі фізкультурна-аздараўленчага комплексу карыстаюцца пастаянна, паколькі падчас агляду свабодна арыентаваліся ў яго залах. Але былі і такія, што нават і не здагадваліся пра магчымасці гэтай установы.

Пасля ўдзельнікі нарады перамясціліся ў залу пасяджэнняў райвыканкама, дзе працягвалася абмеркаванне пытання здаровага ладу жыцця. Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віктар Васілеўскі паведаміў прысутным аб спартыўна-масавай рабоце, якая праводзілася ў бягучым годзе. З мэтай далучэння насельніцтва да вядзення здаровага ладу жыцця, акрамя спаборніцтваў па асобных відах спорту, у раёне прайшоў шэраг комплексных мера-прыемстваў. Гэта – круглагадовая спартакіяда па дзевяці відах спорту сярод прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада і раёна, зімовая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу, летняя міжгаліновая спартакіяда і шмат іншых. Увогуле ў 2010 годзе адбылося 98 спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якіх прыняло ўдзел 7980 чалавек (у 2009, адпаведна, 75 мерапрыемстваў і 6377 удзельнікаў). Усяго да разнастайных форм заняткаў фізічнай культурай і спортам прыцягнута больш за 5000 чалавек, што складае прыкладна 13,5% ад агульнай колькасці насельніцтва.

Віктар Васільевіч адзначыў высокую арганізацыю работы ў гэтым напрамку кіраўнікоў ААТ “Старыца-Агра”, “Капыльскае”, “П-з “Дусаеўшчына”, ВСК “Семежава”, СВК “Ванелевічы”, “Пацейкі”, СГФ “Браткава”, ДЛГУ “Капыльскі лясгас”.

Асобна разгледзелі сітуацыю па такім папулярным відзе спорту, як футбол. У 90-я гады XX стагоддзя толькі ў раённым першынстве прымалі ўдзел 20 каманд прадпрыемстваў і арганізацый. У сёлетнім першынстве гулялі толькі шэсць…

Ёсць пытанні па фінансаванні футбольнага клуба “Капыль”, які адстойвае гонар раёна ў другой лізе чэмпіяната Мінскай вобласці. З-за недахопу сродкаў пакутуе якасць гульні. Калі па выніках 2000 года клуб займаў другое месца ў вобласці, то цяпер – гэта толькі чацвёрты радок турнірнай табліцы другой лігі. Але ёсць у гэтым напрамку і некаторыя поспехі, адзначыў Віктар Васілеўскі. Так, тры выхаванцы футбольнага аддзялення, якое дзейнічае пры Капыльскай ДЮШАР, сталі членамі Нацыянальнай юнацкай зборнай. На дадзены момант яны звязаны кантрактамі з футбольным клубам “Шахцёр” (Салігорск).

Старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня адзначыў, што футбол – гэта не толькі спартыўная відові-шчная гульня, але і адно са складаемых палітыкі. Таму ўзнікла неабходнасць аказаць падтрымку футбольнаму клубу “Капыль”, у тым ліку і фінансавую, а раённы чэмпіянат прапанавана давесці да сур’ёзнага ўзроўню з правядзеннем выяздных сустрэч, каб у большай ступені далучыць да спартыўнага жыцця сельскіх жыхароў.

Скончылася нарада на прыемнай ноце. За прапаганду здаровага ладу жыцця ў працоўных калектывах кіраўнікі ААТ “П-з “Дусаеўшчына”, “Старыца-Агра”, “Капыльскае”, СВК “Ванелевічы” і ДЛГУ “Капыльскі лясгас” былі адзначаны памятнымі кубкамі, якія ім ўручылі Анатоль Жданеня і Віктар Васілеўскі.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКУ: Падчас агляду трэнажорнай залы ФАКу.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *