В агрогородке Семежево состоялся праздник населенного пункта

2016 - год культуры Актуально

Па даўняй традыцыі яно праходзіць у адзін з дзён, калі адзначаюцца праваслаўныя Пакровы Прасвятой Багародзіцы.

У цэнтры аграгарадка, дзе размясціўся мясцовы парк адпачынку, нягледзячы на не зусім цёплае надвор’е, чуліся радасныя воклічы дзяцей, якія весяліліся на надзіманай горцы, батуце. Тут можна было набыць цукровую вату, папкорн, паветраныя шарыкі.

Выступаюць самадзейныя артысты
Выступаюць самадзейныя артысты

А тым часам у Цэнтры культуры і вольнага часу збіраліся госці, сярод якіх — старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі, кіраўнік ініцыятыўнай групы па рэалізацыі конкурсу мясцовых ініцыятыў, прадстаўнік грамадскасці Ала Раеўская, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, ураджэнец Семежава, начальнік раёна газазабеспячэння Мікалай Варвашэня. Не маглі пакінуць без увагі такую падзею і знакамітыя землякі, ураджэнцы  Семежава — доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл Рымжа і дацэнт кафедры эканамічнай сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат сацыялагічных навук Людміла Падгайская. Госці свята азнаёміліся з выставамі малюнкаў юных мастакоў, разнастайных вырабаў мясцовых народных умельцаў.

Паважаныя госці свята
Паважаныя госці свята

Шчыра вітала ўсіх прысутных старшыня сельвыканкама Марыя Стружко, якая адзначыла, што Семежава — гэта адметны населены пункт, які ва ўсе гады славіўся сваімі людзьмі і традыцыямі.

Цёплыя словы ў адрас вяскоўцаў гучалі і ад Ірыны Кісляк: «У нашым раёне стала добрай традыцыяй праводзіць святы вёсак. Заўсёды гэтай падзеі папярэднічае навядзенне парадку. Ваш аграгарадок славіцца не толькі землякамі, але і ўсімі вамі. У вас ёсць даволі моцнае сельгаспрадпрыемства, вядомы ўсім калядны абрад «Цары», раённы Цэнтр ткацтва і знакамітая семежаўская кухня». Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк паведаміла прысутным, што сёлета Семежаўскі сельсавет стане ўдзельнікам штогадовага абласнога конкурсу за званне лепшага. І семежаўцы павінны старацца, каб быць у ліку пераможцаў. А для гэтага неабходна кожнаму жыхару яшчэ больш упрыгожыць сваё падвор’е, навесці ўзорны парадак на кожнай вуліцы.

Залатыя маладажоны - сям,я Турбан
Залатыя маладажоны — сям,я Турбан

«Мы заўсёды на такія святы прыязджалі ўтраіх — я, Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі і доктар медыцынскіх навук, прафесар Мікалай Манак, — адзначыў у сваім выступленні Міхаіл Рымжа. — На жаль, Міхаіла Сцяпанавіча ўжо няма побач з намі, а Мікалай Андрэевіч гэтымі днямі знаходзіцца ў замежнай камандзіроўцы. Мы заўсёды павінны памятаць пра свае карані, пра сваё роднае Семежава. Няхай тут заўсёды гучаць дзіцячыя галасы і яно працвітае».

«Я вельмі ўдзячна вам, дарагія землякі, за таленты, за тое, што семежаўскія традыцыі прадаўжаюць жыць і сённяшняе свята — таму доказ, — падкрэсліла Людміла Падгайская. — Куды б вас не закінуў лёс, ніколі не губляйце сувязь з малой Радзімай, бо яна дае магутную энергію».

Гісторыю семежаўскіх мясцін узгадаў у сваім выступленні старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Уладзімір Выскварка.

Сваіх аднавяскоўцаў, працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, якія ўносяць значны ўклад у развіццё роднага краю, вітаў  дырэктар   ААТ «Семежава» Анатоль Жданеня.

Дарэчы, сярод тых, хто ўсё сваё жыццё аддаў гэтым мясцінам, роднай гаспадарцы, —   Надзея Міхайлаўна і Генадзь Ціханавіч Турбан. Якраз у гэтыя пакроўскія дні яны адзначылі сваё залатое вяселле. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў сельвыканкаме адбылася рэгістрацыя гэтай падзеі, на якую завіталі дочкі, зяці, унукі, праўнукі і госці.

На свяце быў ушанаваны і самы юны жыхар Семежава — Юрый Гаўрылюк.

Па традыцыі былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую сядзібу. Яго пераможцамі сталі Л.П. і А.В. Бялкоўскія, А.І. і В.П. Мароз, Н.У. Мінец і У.Р. Чарніковіч, Т.М. Лук’янава. Яны атрымалі падарункі і восеньскія кветкі.

А святочны настрой на працягу ўсяго мерапрыемства стваралі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Семежаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу.

Сяргей КОЗЕЛ

 Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *