Камбрыг з Пясочнага

Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай

На берагах Нёмана ўзгадаваліся мужныя і таленавітыя людзі, сярод якіх – адзін з першых арганізатараў партызанскага руху на Капыльшчыне – камбрыг Мікалай Юльянавіч Баранаў. Гэта ў яго брыгадзе быў Марат Казей, які ў суровыя дні вайны здзейсніў подзвіг. Юных змагароў з ворагам у баявым злучэнні было шмат, і слава аб іх грымела па ўсёй Беларусі.

Нарадзіўся Мікола ў 1915 годзе ў сям’і Юльяна і Дар’і Баранавых. “Мы называлі іх па-мясцоваму — Юлік і Адарка”, — расказвае адзін са старэйшых жыхароў Пясочнага Яраслаў Лук’янавіч Умрэйка. Ён з павагай успамінаў пра Баранавых. Дарэчы, Мікалай нарадзіўся першым, за ім з’явіліся на свет Іван, Аляксандр, Сямён і дачка Аленка. Усе дзеці вучыліся ў Песачанскай школе. Мікалай дапамагаў бацькам араць і касіць, а калі сям’я ўступіла ў калгас імя Сталіна, то ў час летніх канікул зарабляў працадні. Таму невыпадкова ён паступіў у Барысаўскі заатэхнікум, пасля заканчэння якога працаваў у жывёлагадоўлі, але нядоўга, бо неўзабаве прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Там такія адукаваныя хлопцы, як Мікалай, патрэбны былі. І яго ўгаварылі паступіць у артылерыйскае вучылішча. Толькі паспеў атрымаць званне лейтэнанта, як пачалася вайна. Вайну сустрэў на Заходнім фронце ў адным з артдывізіёнаў. Яго артылерысты годна ваявалі з фашыстамі, грамілі варожыя засады. Пад Вязьмай удзельнічаў у кровапралітных баях, абараняў подступы да Масквы. У снежні па заданні партыі Мікалай Юльянавіч Баранаў быў накіраваны ў наш раён для арганізацыі партызанскага руху. У Ма- скве спадзяваліся, што партызаны адцягнуць на сябе значныя сілы фашыстаў, маральна падкосяць іх і тым самым прыблізяць перамогу.

У сваіх мемуарах Баранаў апісвае, як у пачатку 1942 года з прыходам вясны жыхары Капыльшчыны актыўна пачалі змагацца з ворагам. Патрыёты палявалі на здраднікаў, паліцаяў. “Сэрца маё грэла радасць, што ў старыцкім лесе дзейнічае партызанскі атрад пад камандаваннем Дунаева, у заракаўскім лесе заявіў аб сабе атрад імя Катоўскага, у  раёўскім – імя Шчорса, у прускім – імя Бу-дзённага”. Асабліва яму запомніўся першы партызанскі бой у так званым урочышчы Гнілуха, дзе ён сам актыўна граміў карнікаў. Затым былі не менш значныя баі пры разгроме Цімкавіцкага гарнізона і каля Вялікай Раёўкі. Старыцкі і Лаўскі баі паказалі, што партызаны сталі грознай сілай для немцаў. Мікалай Юльянавіч Баранаў набыў вялікі баявы вопыт: камандаваў узводам, ротай, умела распрацоўваў аперацыі па разгроме ворага.

Талент партызанскага арганізатара раскрыўся на поўную моц, калі Баранава назначылі камандзірам брыгады імя Ракасоўскага. Баявое злучэнне дзейнічала на тэрыторыі нашага раёна і суседніх — Уздзенскага і Дзяржынскага.

Пісьменнік Вячаслаў Марозаў у сваёй кнізе “Марат Казей” расказвае пра імклівыя і смелыя дзеянні народных мсціўцаў атрада імя Ракасоўскага. Камбрыг Мікалай Юльянавіч Баранаў апекаваў юнага героя, лічыў яго сваім сынам і заўсёды гаварыў: “Беражыся, сынок”. Але вайна ёсць вайна. Сам камбрыг трапляў у складаныя сітуацыі. Асабліва цяжкі бой быў каля вёскі Румок. Вось што ўспамінаў адзін юны партызан — аднагодак Марата і яго сябра – Іосіф Антонавіч Юха з Выні: “Немцы нас акружылі з усіх бакоў, і вось разведчыкі, у складзе якіх быў я, далі магчымасць атраду выйсці з акружэння. Мы палажылі 75 гітлераўцаў, але іх было яшчэ шмат, канчаліся патроны, тады я выслабаніў кальцо гранаты і думаў падарваць і сябе, і фрыцаў, але аўтаматчыкі прабеглі бокам”.

У брыгадзе разведчыкам быў і Марат, які не толькі прыносіў Баранаву каштоўныя звесткі, але і разам з Мікалаем Юльянавічам ваяваў з фашыстамі. Так было і калі вёўся бой на Слуцкай шашы. Партызаны добра пакалашмацілі грузавікі з гітлераўцамі. Марат з разбітай легкавушкі выцягнуў скураны партфель, які перадаў Баранаву. У хуткасці сакрэтныя карты і дакументы трапілі ў Маскву і дапамаглі раскрыць задумы гітлераўскага камандавання. Брыгада знішчала гарнізоны ворага. Удзельнічала ў рэйкавай вайне на чыгунцы Слуцк – Баранавічы – Мінск. Разам з Чырвонай Арміяй вызваляла Дзяржынскі раён. Толькі ў далейшых баях не ўдзельнічаў Марат Казей: ён у канцы мая гранатай падарваў сябе, немцаў і пасмяротна быў уда-стоены звання – Герой Савецкага Саюза.

Дзяржыншчына стала свабоднай, трэба было аднаўляць разбураную фашыстамі гаспадарку. Гэтую справу партыйныя органы рэспублікі даверылі Мікалаю Юльянавічу Баранаву. І першы пасляваенны старшыня райвыканкама з ёю справіўся паспяхова. Можа таму Дзяржынскі раён адзін з лепшых у рэспубліцы. А затым доўгі час наш зямляк працаваў намеснікам міністра харчовай прамысловасці Беларусі. Мікалай Юльянавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны І, ІІ ступеней, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Іван ІГНАТЧЫК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *