Капыльшчына галасавала за будучае сваёй краiны

Галоўныя падзеі

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на Капыльшчыне праходзілі пры актыўным удзеле выбаршчыкаў, у дзелавой і святочнай атмасферы. Сведкамі таму сталі супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Слава працы”, якія 19 снежня наведалі шэраг участкаў для галасавання, пра гэта гаварылі і назіральнікі, што працавалі на саміх участках.

Галасуе Таццяна Пупейка

Спіс выбаршчыкаў на Коласаўскім участку для галасавання № 15, які размясціўся ў гімназіі № 1 г. Капыля, складаўся з 1158 чалавек, 419 з іх скарысталі магчымасць зрабіць свой выбар датэрмінова. Удвая святочным дзень 19 снежня стаў для пяці юнакоў і дзяўчат, якія ўпершыню ў сваім жыцці прымалі ўдзел у выбарах як паўнапраўныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, як паведаміла начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Валянціна Балажынская, такіх на Капыльшчыне сёлета 127. І ўсе яны атрымалі ад камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і аддзела па справах моладзі памятныя падарункі. Навучэнец Жодзінскага політэхнічнага каледжа Арцём Хартановіч, прымаючы падарунак з рук старшыні камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на Коласаўскім участку № 15 Івана Янава, прызнаўся, што гэты дзень для яго вельмі хвалюючы: “Я ведаю, што сёння вырашаецца лёс нашай краіны. Хочацца, каб яна была яшчэ больш прыгожай і квітнеючай”.

І. Янаў віншуе А. Хартановіча, А. Матусевіча, А. Лазюк, К. Пяткевіч

Сугучныя з думкамі юнака і меркаванні Алёны Лазук, якая таксама ўпершыню прычынілася да такой найважнейшай справы — выбіраць будучыню для сваёй Радзімы. Дзяўчына, якая працуе ў ДЛГУ “Капыльскі лясгас”, выказала спадзяванне, што заўтра для яе, як і для абсалютнай большасці яе равеснікаў, будзе сонечным і, што галоўнае, мірным.

Цімкавіцкі Маладзёжны ўчастак для галасавання № 27 быў шматлюдным: толькі-толькі пад’ехаў аўтобус, які прывёз жыхароў Варонаўшчыны і Рачкевіч. Сталыя жанчыны і мужчыны, як законапаслухмяныя грамадзяне, дастаўшы з кішэняў і сумак пашпарты, працягвалі іх членам камісіі, ставілі подпісы насупраць свайго прозвішча ў спісе выбаршчыкаў і накіроўваліся ў кабінкі для галасавання. Праз нейкую хвіліну выходзілі (было відаць па ўсім, што сваё рашэнне абдумалі зага- дзя) і апускалі бюлетэні ў скрынку для галасавання. Пры тым голасна выказвалі пажаданні моцнага здароўя і плёну ў працы свайму выбранніку.

“За што вы галасуеце?” — задала пытанне групцы мужчын, якія, ужо выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, стаялі ля ўвахода на ўчастак. Не перабіваючы адзін аднаго, але тым не менш імкнучыся абавязкова выказаць сваю думку, мужчыны адказалі: “За спакой, за мір. За тое, каб наша эканоміка развівалася раўнамерна — ніякія хваляванні нам не патрэбны”.

Як паведаміла старшыня ўчастковай камісіі Цімкавіцкага Слуцкага ўчастка для галасавання № 28 Вольга Чыгір, у спіс было ўнесена 565 выбаршчыкаў, з якіх 168 прагаласавалі датэрмінова. Атмасфера на ўчастку добразычлівая і святочная. Пры ўваходзе ў Цімкавіцкую СШ, дзе і размясціўся ўчастак, вяскоўцаў вабілі кулінарныя, кандытарскія вырабы і іншыя харчовыя тавары, якія прапаноўвалі работнікі гандлю. Тут жа работнікі мясцовага сельскага Дома культуры ладзілі канцэрт. Святлана Лазоўская, якая ўзначальвае ўстанову культуры, расказала, што ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці — а гэта былі Валянціна Бярновіч, Аксана і Уладзімір Лосевы, Святлана Мірошнік — выбіралі са свайго рэпертуару самыя ўдалыя і любімыя аднавяскоўцамі песні. “Мы імкнемся, каб атмасфера на ўчастку для галасавання стала яшчэ больш святочнай і каб гэты цудоўны настрой людзі неслі ў свае дамы, дзяліліся ім са сваімі блізкімі”, — адзначыла Святлана Аляксандраўна.

Назіральнікі І. Башкавец (савет ветэранаў) і Н. Уласавец (БРСМ).

На адзінаццаць гадзін раніцы на Быстрыцкім участку для галасавання № 25 выказалі сваю волю амаль 70 % выбаршчыкаў. Такую інфармацыю даў падчас наведвання ўчастка старшыня выбарчай камісіі Мікалай Трус. Сярод вяскоўцаў, вядома ж, былі і такія, хто па стане зда- роўя не здолеў прыйсці на ўчастак. Да такіх, па папярэдніх заяўках, выехалі члены выбарчай камісіі. Як і на кожным участку, ход выбараў кантралявалі назіральнікі. Прадстаўнік раённага савета ветэранаў старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі СВК “Ціміразеўскі” Іван Башкавец адзначыў: “Выбары на ўчастку праходзяць адпаведна з заканадаўствам, ніякіх парушэнняў выяўлена не было. Вельмі радуе, што нават вельмі пажылыя людзі, тыя, каму за 80, імкнуцца самі прайсці альбо прыехаць на ўчастак, каб акунуцца ў атмасферу свята і аддаць свой голас”. Пастараліся стварыць сапраўдную святочную атмасферу на ўчастку і работнікі культуры, якія арганізавалі цікавы канцэрт. Да ўвагі выбаршчыкаў быў прапанаваны і кінафільм.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *