И величие Замковой горы…

2016 - год культуры

Даўным-даўно на высокай гары, якая і цяпер узвышаецца амаль у цэнтры горада, стаяў замак. Быў ён велічны і моцны: не аднойчы ворагі вярталіся дадому, так і не здолеўшы заваяваць яго. А ўсё таму, што ахоўвалі замак высокія земляныя валы і бурліла празрыстымі водамі рака Каменка каля схілаў яго. На хвалях яе пагойдваліся пад  ветразямі княжацкія чоўны, якія звязвалі гандлёвымі шляхамі Капыль з многімі заморскімі землямі.

Так Замкавая гара выглядае сёння
Так Замкавая гара выглядае сёння

І жыла на берагах той ракі вядзьмарка. І быў сын у яе, разумны ды прыгожы. Аднойчы плаваў ён на лодцы па водах Каменкі. Лодка перавярнулася, і юнак патануў. Не на жарт раззлавалася вядзьмарка!

— Дык згінь жа ты, праклятая рака, у земляной цвердзі! — пракляла раззлаваная вядзьмарка і замак, і раку. Сабрала яна ўсю ваду з Каменкі і схавала яе ў нетрах зямлі. Толькі непаслухмяны ручаёк і змог выбрацца з векавога зняволення. З тых часоў гісторыя замка стала згасаць, як і сам замак.

Прыкладна так выглядаў замак на Капыльскай гары
Фрагмент экспазіцыі з Капыльскага раённага краязнаўчага музея: прыкладна так выглядаў замак на Капыльскай гары

Толькі невялікая рачулка засталася ад велічнай Каменкі ды чыстая крынічка б’е каля схілаў Замкавай гары. А вада ў крынічцы той — чыстая і вельмі смачная, не замярзае ні пры якіх маразах.

Старажылы казалі, што калі раскапаць гару Замкавую, то вырвецца Каменка на волю і пакрые сваімі водамі ўсё наваколле. Лічыцца, што ў гары схаваны дзіўныя скарбы, якія ахоўваюць прывіды. А ў самой зямлі капыльскай схаваны не адзін скарб. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *