В ближайшем формате

БелТА: тема недели

Прэзідэнт мяняе стыль і тактыку рабочых паездак

Рабочыя паездкі Прэзідэнта па рэгіёнах краіны набылі новы фармат. «Больш пільна, уважліва вывучыць сітуацыю на месцах», — так патлумачыў задуму гэтых паездак сам кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы пры гэтым, што падставай для правядзення нарад з выездам у рэгіёны служаць не нейкія надзвычайныя абставіны. «На кожным месцы мяне цікавіла тая ці іншая праблема, — сказаў Прэзідэнт. — Кантраляваць выкананне ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы, якія прапісаны ў «Матрыцы задач для вертыкалі ўлады», я буду пастаянна. Хачу проста папярэдзіць, нікога ні ў якім разе не запалохваючы: усе рашэнні, якія я прымаю тут на месцы, павінны няўхільна выконвацца, чаго б гэта ні каштавала — і ўраду, і губернатару, і кіраўнікам прадпрыемстваў».

000019_140888_big

Гэтыя прынцыпы Прэзідэнт агучыў падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць. А першай у шэрагу паездак новага фармату ў суботу стала Гродзеншчына. Аляксандр Лукашэнка пачаў рабочую паездку не з наведвання канкрэтных прадпрыемстваў, а з аналізу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Кіраўніка дзяржавы турбавала, што ў такім моцным рэгіёне, як Гродзеншчына, па выніках першага паўгоддзя не выкананы пяць з васьмі ключавых паказчыкаў эфектыўнасці працы. Падчас нарады адбылася грунтоўная і дэталёвая размова аб недапрацоўках і праблемах, якія існуюць у вобласці. Сваё бачанне сітуацыі выклалі кіраўнікі ведамстваў, вобласці і раёнаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў, дзе маюцца пэўныя пытанні з выкананнем прагнозных паказчыкаў.

Адразу ж пасля нарады кіраўнік дзяржавы наведаў стратны Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, што не было прадугледжана праграмай рабочай паездкі. На прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з турэцкім інвестарам, які хацеў бы набыць праблемны завод. Прэзідэнт паабяцаў яму падтрымку пры ўмове, што «вы за два гады прыведзяце тут усё ў парадак, паставіце высокатэхналагічнае абсталяванне і пачняце вырабляць экспартна арыентаваную прадукцыю». Незапланаваным стала і наведванне кіраўніком дзяржавы адной з лепшых гаспадарак рэгіёна «Хацькаўцы», у прыватнасці малочнатаварных ферм «Янава» і «Рупейкі».

На Брэстчыне правесці нараду ў Маларыцкім раёне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, вырашылі невыпадкова: гэты рэгіён у ліку адстаючых па шэрагу пазіцый. Прэзідэнт заўважыў, што ў цэлым у Брэсцкай вобласці не выкананы чатыры з васьмі ключавых паказчыкаў эфектыўнасці.

Падчас наведвання Маларыцкай райаграпрамтэхнікі, Прэзідэнт зазначыў: «Ні ў якім разе нельга разбурыць тую інфраструктуру, якая некалі была створана. Мы яе павінны адрадзіць ва ўсіх раёнах». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія абслуговыя арганізацыі арыентаваны не толькі на сельгаспрадпрыемствы, але і на ўвесь раён у цэлым, у тым ліку фермераў, асобных грамадзян. «Гэта ў старшыні райвыканкама павінен быць магутны сродак кіравання», — сказаў кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра ролю райаграсэрвісу. Паводле слоў Прэзідэнта, перш за ўсё ў райаграсэрвісах неабходна дакладна вызначыцца з коштам тых ці іншых паслуг, каб цана была канкурэнтаздольная і прывабная для патэнцыяльных заказчыкаў. Акрамя таго, важна пашыраць іх пералік.

У час наведвання Маларыцкай райаграпрамтэхнікі Аляксандр Лукашэнка выказаў немалую долю крытыкі наконт знешняга выгляду і ўтрымання вытворчых памяшканняў і да 1 сту-дзеня даручыў навесці тут парадак.

У Маларыцкім раёне  Прэзідэнт таксама  наведаў сельгаспрадпрыемства «Савушкіна», дзе назіраецца абсалютна іншая карціна з пункту гледжання гаспадарлівага падыходу і арганізацыі вытворчага працэсу. Прадпрыемства працуе з прыбыткам і ўстойліва развіваецца.

* * *

Падчас паездкі Прэзідэнт паразмаўляў з жыхарамі Маларыты. Людзей цікавілі пытанні зарплаты і цэн.

«У Беларусі толькі лянівы можа не зарабіць. Мы што, ваюем, вайна ў нас ідзе або яшчэ штосьці?.. Трэба проста крыху варушыцца», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожнаму, перш за ўсё, неабходна разлічваць на сябе. «Вы павінны разумець, што ніхто з ніадкуль грошы не возьме», — сказаў ён.

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава заўсёды акажа падтрымку тым, каму яна сапраўды неабходна. «Дапамагаць мы будзем. Калі вы зробіце крок, мы зробім насустрач крок (я маю на ўвазе ўсю краіну). А калі вы будзеце, апусціўшы рукі, сядзець і глядзець, што нехта вам штосьці прынясе, то, ведаеце, дапамагаюць таму, хто сам гэтага хоча», — заявіў беларускі лідар. Прэзідэнт адзначыў, што ў плане аказання дапамогі і падтрымкі ў прыярытэце ў дзяржавы шматдзетныя сем’і. «Для нас дэмаграфічная бяспека — гэта пытанне нумар адзін», — сказаў ён. Яшчэ адна катэгорыя — ваенныя. «Ваенных трэба падтрымліваць, таму што яны не могуць зарабіць недзе на баку», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра цэнавую палітыку ў краіне, Прэзідэнт заўважыў: «Галоўнае, каб не было цэнавага перакосу: калі няма магчымасці ўзняць зарплату, каб цэны ў гэты час не раслі. Калі гэта ёсць — гэта вялікі недахоп. Цэны расці не павінны цяпер, мы з вамі ўжо вызначыліся».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што адна з самых галоўных задач для дзяржавы — забяспечыць людзей работай. «Сваё шчасце трэба шукаць на сваёй зямлі. Гэта галоўная мая задача, — упэўнены беларускі лідар. — Мы павінны зрабіць, каб і пасля нас людзі жылі нармальна і працавалі, — гэта галоўная мая задача. Не зарплаты даць, не ў калгас паехаць і нешта там зрабіць. Дзяржава павінна адказваць за дарогі, меліярацыю, ахову здароўя, адукацыю… А вось хадзіць па фермах і прадпрыемствы раскручваць — гэта не дзяржаўная функцыя. Гэта мы трапілі ў такую сітуацыю, таму даводзіцца займацца гэтымі прадпрыемствамі».

Фота БелТА

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з жыхарамі Маларыты.          



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *