Дорога вела к успеху

Галерэя лёсаў

«Старшыня калгаса «Семежава» — дбайны гаспадар, актыўны прыхільнік новага, перадавога, любіць і цэніць хлебаробскую працу. І тое, што камуністы сталічнай вобласці ўпаўнаважылі яго быць дэлегатам ХХVІ з’езда КПСС — заслужана»,  — такімі словамі з артыкула «Семежаўскія далягляды» («СП» № 23 за 1981 год) і хацелася б распачаць гэты нарыс.

DSCN0506

Каб стаць дэлегатам ХХVІ з’езда КПСС, трэба было дасягнуць пэўных вынікаў. Тады, у 1981 годзе, калгас «Семежава» пад кіраўніцтвам І.Я. Малюжыца па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва «За высокую эфектыўнасць і якасць работы ў дзясятай пяцігодцы» выйшаў пераможцам і ўзнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. Каб уручыць высокую ўзнагароду і павіншаваць семежаўцаў з яе атрыманнем, у раён прыязджаў першы намеснік старшыні выканкама Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў Аляксандр Кілбас. А сама вёска набыла выгляд сучаснага высокакультурнага населенага пункта. Мяркуйце самі: калі захварэеш, ужо не трэба было ехаць у райцэнтр — цябе абследуюць і вылечаць у мясцовай бальніцы, дарэчы, пабудаванай на сродкі гаспадаркі. З’явіліся прыгожы будынак дзіцячага садзіка на 90 месц, гісторыка-краязнаўчы музей, цэнтральная кацельня для ўсяго пасёлка, штучнае возера плошчай 10 гектараў, апрануліся ў асфальт вуліцы, пабудаваны Палац культуры з басейнам, выраслі тры дзевяцікватэрныя дамы палепшанай планіроўкі з усімі выгодамі, амаль у кожны дом праведзены тэлефоны. Пабудаваны адзін з лепшых у рэспубліцы машынны двор і Дом механізатара. Усё гэта — вынік моцнай вытворчай дысцыпліны і няўхільнага руху наперад самога старшыні.

Шмат і асабістых высокіх узнагарод у Івана Якаўлевіча,  сярод  якіх пачэснае месца займаюць: ордэн Леніна, два ордэны Працоўнага Чырвонага сцяга, залаты медаль па выніках Усесаюзнага агляду-конкурсу на лепшую забудову і добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў.

А нарадзіўся Іван Якаўлевіч Малюжыц у вёсцы Лешня. Бацькі — Якаў Іванавіч і Таццяна Аляксандраўна — звычайныя працавітыя людзі. Мабыць ад іх і перадалося жаданне і ўменне працаваць. Побач раслі старэйшыя сёстры Марыя, Ніна і Вольга. Школу скончыў там жа, у роднай вёсцы.

Вельмі падабалася Івану тэхніка. Яшчэ з дзяцінства,  кінуўшы школьныя рэчы, імчаўся да вадзіцеля старшыні калгаса. А той бачыў хлапчуковую зацікаўленасць і з ахвотай расказваў пра назначэнне той ці іншай дэталі. Тады Іван і вырашыў: буду толькі механікам. Каб дасягнуць пастаўленай мэты, пасля заканчэння школы спрабаваў паступіць у інстытут. Не атрымалася.

Прыроджаная актыўнасць не дазволіла Івану Малюжыцу застацца ўбаку ад закліка камуністычнай партыі да камсамольцаў па асваенні цаліны: у 1956 годзе ён працаваў на ўборцы ўраджаю. Гэта — тры месяцы ў саўгасе «Чырвоназнаменскі» Акмалінскай вобласці Кургальджынскага раёна. За асаблівыя заслугі атрымаў першую значную ўзнагароду — значок «За освоение целинных земель».

Аднак сапраўдная працоўная біяграфія Малюжыца пачынаецца з пасады загадчыка Ляшнянскай хаты-чытальні. Адначасова вырашыў паступаць ізноў: ужо тады стала добра праяўляцца знакамітая «малюжыцкая» ўпартасць, якая, дарэчы, неаднойчы дапамагала дабівацца высокіх вынікаў у працы. На гэты раз па парадзе сяброў — у Гомельскі лесатэхнічны тэхнікум, які паспяхова скончыў у 1959 годзе. Неяк выкладчыца, якая прымала экзамен па нямецкай мове, здзівілася: адкуль у вясковага юнака такія веды? Адказ мог быць толькі адзін: са школы — проста памяць добрая ды вучыўся старанна. Прымяняць атрыманыя веды прыйшлося падчас працы механікам у Барысаўскім леспрамгасе.

Неабыякавасць да працы заўсёды дапамагала Малюжыцу. У кастрычніку 59-га ён быў прыняты на працу рамонтным рабочым у Капыльскую РТС з выпрабавальным тэрмінам на адзін месяц. І крыху менш да яго заканчэння ўжо прызначаны ўчастковым механікам з выкананнем абавязкаў механіка-кантралёра рамонтнай майстэрні. Калі ўзнікалі пытанні, якія патрабавалі вырашэння, Іван Малюжыц не саромеўся і звяртаўся да кіраўнікоў прама дамоў. Такая ўпартасць і зацікаўленасць не маглі застацца незаўважанымі. І з канца 66-га года Іван Малюжыц — галоўны інжынер-механік Капыльскага раённага вытворчага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Але ўвесь час Малюжыц адчуваў: каб рухацца далей, патрэбны веды. Набыць іх дапамаглі ў Беларускім інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі.

Валянціна Паўлаўна і Іван Якаўлевіч Малюжыцы
Валянціна Паўлаўна і Іван Якаўлевіч Малюжыцы

За час працы ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Іван Якаўлевіч зарэкамендаваў сябе як актыўны, старанны і кемлівы кіраўнік. Вынік — абранне ў 1971 годзе старшынёй калгаса «Семежава». Упартасць і мэтанакіраванасць ён паказаў нават у абкаме, калі прыехаў на зацвярджэнне. У прыёмнай Малюжыцу параілі не ісці на прыём, бо старшыня выканкама Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў Цябут Дзмітрый Васільевіч, як кажуць, не мае настрою. «Я на папутцы 120 кіламетраў ехаў. Што мне іх настрой!» — смела адказаў Малюжыц і ўвайшоў у кабінет. Будучаму старшыні было зададзена некалькі пытанняў, сярод якіх — «Чаму ідзеш на гэтую пасаду?» — «Хачу вёску зрабіць цывілізаванай», — упэўнена прагучаў адказ. Так, сапраўды за 20 гадоў кіраўніцтва Іван Якаўлевіч зробіць з калгаса перадавую, высокарэнтабельную гаспадарку, а з вёскі — утульны населены пункт. Для гэтага на стале ў яго кабінеце падчас старшынства стаяў макет Семежава — таго Семежава, якім бачыў яго Малюжыц.

Аднак гэта будзе пазней. А тады, адразу пасля абрання, зайшоў Іван Якаўлевіч у вясковы клуб: ён вельмі любіў і ўмеў танцаваць. Як заўсёды, сабралася шмат народу. І раптам Малюжыц пачуў: «О, глядзі, старшыня танцуе! Пратанцуе ён увесь калгас!» Малюжыц пачуў агідныя словы. Пачуў і запомніў, каб потым, ізноў і зноў узгадваючы іх, кожны раз сам-насам падводзіць вынікі.

З афіцыйных крыніц: «За дзясятую пяцігодку ў калгасе «Семежава» з гектара сабрана па 36,3 цэнтнера збожжа, 207,8 — бульбы, 348 цэнтнераў цукровых буракоў. Па-ўдарнаму папрацавалі жывёлаводы. На сто гектараў сельгасугоддзяў яны атрымалі звыш 1000 цэнтнераў малака і 155,5 — мяса, надаілі ад каровы па 3657 кілаграмаў малака».

У дасягненні высокіх вынікаў не апошнюю ролю адыграла і моцная дысцыпліна. Толькі ўстанавіць яе — гэтага мала. Трэба і ўтрымліваць. Аднойчы, калі выбіралі бульбу, старшыня спытаў у механізатараў, у колькі яны будуць падрыхтаваны да выхаду ў поле. «У 6 гадзін раніцы», — бадзёра адказалі працаўнікі. У 6 дык у 6, разважыў Малюжыц. Прыехаў да вызначанага часу, бачыць — на полі толькі адзін трактар. Астатнія сталі з’язджацца пазней. Апошні прыехаў ажно каля 9 гадзін. «Так, — не вытрымаў старшыня, — вы самі абяцалі пачаць працоўны дзень зранку! А зараз колькі часу? Каб больш таго не было». Больш такога і не было: трымаў дысцыпліну Малюжыц, як кажуць, і пугай, і пернікам. Тыя, хто вызначаўся дрэннымі паводзінамі на працы або меў слабыя вынікі, траплялі ў насценгазету. Але і зараблялі старанныя калгаснікі вельмі добра. У той час нават прыказка была такая: «Хочаш мець аўтамашыну — жаніся на семяжоўцы». Матывацыя для працы была добрая.

DSCN0549

Мара дзяцінства — аўтамабілі і ўсё, што з імі звязана, — дапамагла Івану Якаўлевічу стварыць у Семежаве адзін з лепшых у рэспубліцы машынна-трактарных паркаў. Не апошнюю ролю адыграла тут і сяброўства з вядомым беларускім канструктарам аўтамабіляў і вучоным, Героем Беларусі, акадэмікам Міхаілам Сцяпанавічам Высоцкім.

— Так, мы былі сябрамі, — успамінае Іван Якаўлевіч. — Міхаіл Сцяпанавіч  (дарэчы, ураджэнец Семежава) неаднойчы быў у мяне ў гасцях. А пачыналася ўсё вось з чаго. Усе вакол казалі: Высоцкі ды Высоцкі. Стала цікава, што гэта за Высоцкі такі. Аднойчы я сабраўся і паехаў да яго: трэба было аднаўляць аўтамабільны парк. Ён пратрымаў мяне ў прыёмнай мо з гадзіну. А пасля ўжо прыняў. І падчас сустрэчы мне ўдалося дамовіцца, каб далі на абкатку некалькі МАЗаў. Гэтыя іспыты вытрымалі і людзі, і машыны. З той пары мы і пасябравалі.

Сям’я. Яна заўсёды была надзейным тылам для Малюжыца. Жонка Валянціна Паўлаўна працавала ў гэтай жа гаспадарцы галоўным эканамістам. Разам выгадавалі двух сыноў, стварылі сапраўдны сямейны дабрабыт. Як жонцы кіраўніка, Валянціне Паўлаўне прыходзілася мірыцца з тым, што муж амаль увесь час прападаў на рабоце. Але дзякуючы такой самаадданай працы тагачаснага старшыні, Семежава — адна з нямногіх вёсак на Капыльшчыне, дзе ў добрым суседстве жывуць сучаснасць і традыцыі. Менавіта дзякуючы дасягненням Івана Якаўлевіча Малюжыца гэта вёска першая ў раёне атрымала статус аграгарадка.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара



1 комментарий по теме “Дорога вела к успеху

  1. Написано с душой, не равнодушно. Молодец, председатель. Помним , как постоянно Семежево в передовиках было и фамилия его на страницах газеты в 70 -80 е годы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *