Новости Копыльщины

Новости

135

Прыйшлі на дапамогу

20 камбайнаў з 16 гаспадарак Капыльшчыны днямі накіраваліся ў іншыя раёны цэнтральнага рэгіёна, каб аказаць дапамогу ва ўборцы збожжавых і зернебабовых культур.

Камбайны ішлі сваім ходам, і яшчэ ў пачатку тыдня некаторыя экіпажы пачалі работу. Так, у Крупскім раёне працуюць 13 адзінак зернеўборачнай тэхнікі, 4 — у Валожынскім і 3 — у Стаўбцоўскім.

 

Прыбіраюць салому

Аграрыі раёна стараюцца як мага хутчэй вызваліць палі ад саломы для ўзворвання і наступнай сяўбы.

У сельгаспрадпрыемствах прыбрана 59% да абмалочанай плошчы. Салома спрасавана на 18 361 га, здробнена на 2515 га і з 13 144 га звезена на захоўванне. Усяго гэтым відам работ у гаспадарках занята 59 прэс-падборшчыкаў, якія за дзень прыбіраюць каля 1000 га.

 

Парадак на прыпынках

Аўтобусныя прыпынкі часам ператвараюцца ў месца для складзіравання мяшкоў са смеццем.

Іх выкідваюць пераважна дачнікі, або  гараджане, якія наведваюцца на выхадныя дні да сваіх бацькоў. А прыбіраць за імі даводзіцца работнікам дарожна-эксплуатацыйных службаў, што абслугоўваюць аўтадарогі. Кантроль за гэтым ускладзены на раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якая пастараецца схапіць за руку парушальнікаў заканадаўства.

 

Адноўлены партызанскія зямлянкі

Працаўнікі Капыльскага вопытнага лясгаса аднавілі былую партызанскую базу часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Тут некалі жылі ўдзельнікі знакамітага Лаўскага бою, які ўвайшоў у гісторыю партызанскага руху як прыклад мужнасці і самаадданасці савецкіх людзей. Зямлянкі і траншэі зімовага лагера партызанскай брыгады імя К.Я. Варашылава набылі новы выгляд: праведзена іх рэканструкцыя, адноўлена месца для кастрышча, створана абстаноўка, якая максімальна нагадвае ўмовы партызанскага жыцця.

 

Дзецям — на радасць

З 1 жніўня ў Капыльскім раёне пачалася дабрачынная акцыя «Падары радасць дзецям».

Яе мэта — дапамагчы падрыхтавацца да школы выхаванцам інтэрнатных устаноў, дзецям з прыёмных, апякунскіх, малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.

Збор дапамогі будзе ажыццяўляць ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Капыльскага раёна».

 

Выратаваў сусед

Паведамленне аб загаранні жылога дома ў в. Садавічы паступіла на цэнтр аператыўнага кіравання Капыльскага РАНС каля апоўначы 4 жніўня.

У выніку пажару агнём знішчаны дах, столевыя перакрыцці па ўсёй плошчы, драўляны дом выгараў знутры. Будынак не быў электрыфікаваны і абсталяваны аўтаномным пажарным апавяшчальнікам. Гаспадары дома і іх сын былі выратаваны суседам А.І. Хвесюком. Прычына пажару высвятляецца.

 

З газам не шуткуюць

10 жніўня ад успышкі газапаветранай сумесі пацярпеў 52-гадовы мужчына.

Ён праводзіў замену газавага балона ў жылым доме в. Навасёлкі. Пацярпелага з апёкамі 1-3 ступені (11% цела) шпіталізавалі ў Капыльскую ЦРБ.

Маргарыта САКОВІЧ, Крысціна ЖОГАЛЬ, Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *