Грозовский сельисполком держал отчет

Актуально Галоўныя падзеі

Здавальняючую ацэнку па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый атрымаў Грозаўскі сельвыканкам падчас чарговага выязнога пасяджэння райвыканкама, якое прайшло на базе названага сельсавета.

Члены раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй Анатолем Ліневічам, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, кіраўнікі сельскіх Саветаў, прадстаўнікі некаторых службаў, арганізацый і ўстаноў раёна наведалі цэнтральныя сядзібы чатырох сельгаспрадпрыемстваў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, праехалі па некаторых населеных пунктах, пабывалі ва ўстановах адукацыі, культуры, сацыяльным пункце, аддзяленні паштовай сувязі, аграсядзібе, гандлёвых кропках. Вынікі аб’езду былі падведзены падчас пленарнага пасяджэння.

Выстава прадукцыі Капыльскага кааппрама ў магазіне «Шчодры» (аг. Грозава)
Выстава прадукцыі Капыльскага кааппрама ў магазіне «Шчодры» (аг. Грозава)

— Хаця заўважаны і недахопы, усё роўна бачна, што да выязнога райвыканкама на тэрыторыі Грозаўскага сельсавета рыхтаваліся, — адзначыў кіраўнік раёна Анатоль Ліневіч. — Зразумела, што ў большасці сваёй сельгаспрадпрыемствы, размешчаныя тут, не зусім фінансава моцныя, а аб’ём работ даволі вялікі, таму не заўсёды дапамога з іх боку адчувальная. Яшчэ многае трэба дапрацоўваць і неабходна больш канкрэтна вызначацца з сістэмай падрыхтоўкі да такіх мерапрыемстваў.

На выставе ў Грозаўскай СШ
На выставе ў Грозаўскай СШ

Адзначана станоўчая работа па падрыхтоўцы аб’ектаў адукацыі. Многія з іх ужо гатовы пачынаць новы навучальны год. Пастаянна ў парадку знаходзяцца і іх тэрыторыі, якія прывабліваюць сваімі клумбамі, малымі архітэктурнымі формамі. Ды поспехамі ў вучобе і сваімі талентамі школы славяцца. Толькі, па словах Анатоля Ліневіча, здольнасці дзяцей не заўсёды поўнасцю раскрываюцца, а для гэтага трэба праводзіць больш мерапрыемстваў з удзелам таленавітых дзяцей і моладзі.

Падчас прэзентацыі ў Каменскім ВПК д/с – СШ
Падчас прэзентацыі ў Каменскім ВПК д/с – СШ

Адным з цікавых пунктаў у маршруце стала наведванне лепшай аграсядзібы рэспублікі 2013 года «Вясёлая хата», што размясцілася ў вёсцы Калюга. Менавіта тут удзельнікі мерапрыемства ўбачылі і даведаліся, як неабходна афармляць аграсядзібу. Дарэчы, задача, пастаўленая кіраўніком раёна па іх стварэнні да канца года ў кожным сельсавеце, не здымаецца.

Вабіць прыгажосцю тэрыторыя Камсамольскага ВПК д/с – СШ
Вабіць прыгажосцю тэрыторыя Камсамольскага ВПК д/с – СШ
Краявіды аграсядзібы «Вясёлая хата»
Краявіды аграсядзібы «Вясёлая хата»

Шмат работы яшчэ неабходна зрабіць і на пустуючых сядзібах, трэба шукаць прымяненне закінутым будынкам (былым установам культуры, гандлю і г.д.), у тым ліку здаваць іх у арэнду ці прадаваць. Вызваленыя ад старых пабудоў, хмызнякоў і пустазелля землі трэба адразу ж заворваць і засяваць, каб яны атрымлівалі прывабны выгляд. У гэтым кірунку мясцовай уладзе неабходна цесна працаваць з экалагічнай, землеўпарадкавальнай і санітарнай службамі. Ёсць пытанні па стане прыдарожных палос, па рамонце праезнай часткі. Яны датычацца не толькі капыльскіх дарожнікаў, але і з іншых раёнаў, якія абслугоўваюць тэрыторыю Капыльшчыны. Шэраг заўваг выказаны кіраўніком раёна ў адрас жыллёва-камунальнай службы. У прыватнасці, па навядзенні парадку каля кацельні ў аграгарадку Грозава, па падрыхтоўцы аб’ектаў сферы да зімовага ацяпляльнага перыяду. Гандлёвым прадпрыемствам райспажыўтаварыства прапанавана павышаць сваю канкурэнтаздольнасць, рабіць усё для таго, каб утрымліваць і прывабліваць пакупнікоў.

— Пасля аб’езду можна заўважыць, што ўзаемаразуменне паміж службамі ёсць, — рэзюмаваў Анатоль Ліневіч. — Яно так і павінна быць, бо мы разам дасягаем адну мэту — жыць у чысціні і парадку.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота аўтара і Марыі ШЭІНАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *