С уважением к людям

Галерэя лёсаў

Днямі адзначыла 75-гадовы юбілей Зоя Емяльянаўна Салановіч з в. Слабада-Кучынка.

Свой працоўны шлях прайшла ад заатэхніка племзавода імя Дзяржынскага да сакратара партыйнага камітэта саўгаса «Крыніца». Працоўны стаж складае амаль 42 гады. За поспехі ў сельскагаспадарчай вытворчасці адзначана медалямі «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна», «За працоўную адзнаку», «Ветэран працы», Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР  і інш. Але галоўным дасягненнем жыцця лічыць нараджэнне траіх дзяцей, якія дзякуючы маці выраслі годнымі людзьмі, атрымалі педагагічную адукацыю, самі сталі добрымі працаўнікамі і бацькамі.

IMG_8682

Жыццёвы шлях юбіляра пачаўся 1 ліпеня 1941 года ў в. Садавічы Капыльскага раёна. Стала пятым па ліку дзіцём у мнагадзетнай сям’і Ганчарык (усіх 10 дзяцей). З ранняга дзяцінства прывучана да працы. Спачатку даглядала меншых братоў і сясцёр. Каб зарабіць лішні кавалак хлеба, пасвіла кароў у людзей. Аднаго разу заняла чаргу, а гаспадар уручыў на ўвесь дзень палову бохана хлеба і крыху сала. Так і пранасіла ў руках ежу, не адламаўшы ні кавалачка.  Увечары ўсё прынесла матулі. Вучылася старанна ў Бучацінскай СШ. З 12 гадоў перыядычна працавала ў калгасе «Новы будаўнік». Актыўная піянерка і камсамолка ў час летніх канікул займалася праполкай кукурузы і экзатычнага кок-сагызу, брала асабістую норму буракоў. У верасні 1957 года дзяўчына атрымала сваю першую ўзнагароду — медаль ВДНГ СССР як член звяна па вырошчванні тытуню. Трэба было ехаць у Маскву, а апрануць і абуць не было чаго. Так перажывала, што не трапіла…

Пасля школы марыла стаць настаўніцай, але перад самым выпускным  на веласіпедзе  наехала на калючы дрот, атрымаўшы траўму нагі. Цяжка было рухацца. Паўстала пытанне: ці будзе хадзіць? Ды і бацькі казалі: «Куды ты паедзеш, заставайся дома». Вырашыла: «Паеду з аднакласніцамі (усіх сем чалавек) паступаць у Пінскі зоатэхнічны тэхнікум». Прайшла толькі яна адна, здаўшы ўсе экзамены на выдатна. А было ў яе толькі па адной сукенцы і спадніцы, ды туфлі. У час навучання Зоя праявіла сябе як камсамольскі важак: спявала ў хоры, выступала за валейбольную каманду, выдатна прайшла практыку ў Брэсцкай вобласці і атрымала чырвоны дыплом. Па размеркаванні трапіла ў племзавод імя Дзяржынскага (аддзяленне «Кастрычнік») Капыльскага раёна. Маладога спецыяліста абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі, прызначылі прапагандыстам. Добрым словам узгадвае дырэктара саўгаса Яфіма Каца і галоўнага заатэхніка Юрыя Кочкіна, у якіх прайшла добрую школу прафесійнага станаўлення, кіраўніцкай і арганізатарскай дзейнасці. Яны ва ўсіх справах падтрымлівалі, давалі парады. Былі і праблемы. Не ўсе члены ВЛКСМ здавалі ўзносы, запазычанасць складала два гады. Склікала сход, на якім выбралі савет, вывесілі дошку гонару і дошку, дзе пачалі запісваць адстаючых. Гэта дало свой плён: узносы сабрала больш чым трэба, а прадукцыйнасць працы павялічылася. Арганізоўвала дні адпачынку і нават першае камсамольскае вяселле. Але неўзабаве сама выйшла замуж і перайшла на працу ў саўгас «Крыніца» галоўным заатэхнікам, стала членам партыі. На новым месцы яскрава праявіліся талент і арганізатарскія здольнасці. Пад яе началам было каля 100 чалавек: даяркі, свінаркі, пастухі.

IMG_8677

— Да людзей адносілася з павагай, добразычлівасцю, да кожнага знаходзіла падыход, — узгадвае Зоя Емяльянаўна.

Яна і сёння помніць прозвішча і імя кожнага са сваіх падначаленых. Многія пад яе кіраўніцтвам атрымалі ўзнагароды. Сярод іх Герой Сацыялістычнай Працы Алімпіяда Трыгубовіч. Адначасова скончыла БСГА. Працоўныя дасягненні і ўменне працаваць з людзьмі былі заўважаны — яна становіцца членам Капыльскага райкама партыі і кандыдатам Мінскага абласнога камітэта. У памяці выступленне на партыйным актыве ў Мінску з дакладам «Аб развіцці жывёлагадоўлі», дзе адбылася сустрэча з самім Пятром Міронавічам Машэравым (Першы сакратар ЦК КПБ). Зою Емяльянаўну абралі ў склад камісіі па выпрацоўцы праекта пастановы.

—  Чаму вы не ўзялі праект пастановы? — спытаў кіраўнік БССР.

—  А я з усім згодна, — смела адказала  суразмоўца.

Машэраў асабіста ўручыў праект пастановы дакладчыцы.

За поспехамі прыйшлі і першыя выпрабаванні — раптоўна пайшоў з жыцця любы муж. Адна падымала дзяцей. Каб загаіць душэўныя раны, урачы параілі часова перайсці на іншую працу. Пайшла ў школу выхавацелем. Ды і да дзяцей бліжэй. Заўсёды з павагай адносілася да тых, хто жыве побач. Менавіта падтрымка людзей, іх дабрыня і чулыя адносіны дапамаглі ёй перажыць боль страты блізкага чалавека. Затым зноў вярнулася ў родны саўгас «Крыніца». Яшчэ з большай энергіяй узялася за справу: працавала эканамістам, узначаліла парткам. Партыйная арганізацыя саўгаса была адной з буйных на Капыльшчыне — 78 членаў. Дасканала ведала кожную ферму, кожную брыгаду, унікала ў людскія праблемы і імкнулася вырашаць іх. У час сходаў і нарад заўсёды адстойвала сваю пазіцыю, рашуча выступала супраць завышэння  вытворчых  паказчыкаў. За сумленнасць і прынцыповасць, адказнасць за даручаную справу кіраўнік Зоя Салановіч заваявала павагу працоўнага калектыву. Ганарыцца тым, што была старшынёй участковай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Яна — часты госць у Слабадакучынскай СШ. З дзяцінства засвоіла адну важную акалічнасць, якую ўзгадвае сваім дзецям і ўнукам: у якім бы ўзросце чалавек не знаходзіўся — трэба вучыцца, павышаць адукацыю. А для гэтага неабходна чытаць кнігі, газеты, часопісы, наведваць установы культуры. Любімай газетай многія гады лічыць родную раёнку. Заўсёды чакае ад яе новых паведамленняў і навін.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *