…Завтра была война

Актуально Память

22 чэрвеня — 75 год з пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Ева Ільінічна Малашкевіч адсвяткавала свой выпускны вечар у суботу 21 чэрвеня 1941 года. Назаўтра, у нядзелю 22 чэрвеня, збіралася крыху адпачыць. Але…

DSCN0331-1

— Внимание, говорит Москва! Передаем важное правительственное сообщение. Граждане и гражданки Советского Союза! Сегодня в 4 часа утра безо всякого объявления войны германские вооруженные силы атаковали границы Советского Союза. Началась Великая Отечественная вой- на советского народа против немецко-фашистских захватчиков. Наше дело правое, враг будет разбит. Победа будет за нами! — гэтыя жахлівыя словы прагучалі з чорнай талеркі радыё на калгасным двары. Каб лепш чуць, вяскоўцы выбягалі з хат. Ніхто дакладна не ведаў, што ім, простым людзям, нясе паведамленне, але стала жудасна. Так у лёс Евы Малашкевіч увайшла вайна, перакрэсліўшы такое прывычнае і ўтульнае жыццё…

Насупраць сядзіць састарэлая жанчына: хударлявы твар, схаваныя пад хусткай сівыя валасы, пабляклыя ад перажытага вочы. Але… Расказваючы пра былое, Ева Ільінічна нібыта ажывае. Успаміны хоць на некалькі хвілін дазваляюць дакрануцца да нечага асабліва дарагога, страчанага з часам. Ад вайны нікуды не дзенешся. Яна, праклятая, пакінула свой чорны след у сям’і жанчыны. У 44-м пад Варшавай быў паранены Бурак Міхаіл, жонкай якога Ева Ільінічна стане ў 1947 годзе. Брат мужа, Іосіф, у ліку першых чырвонаармейцаў сустрэў ворага на граніцы: іх воінская часць стаяла ў Пружанах. Сустрэў і загінуў — у чэрвені 41-га. Яшчэ адзін брат, Уладзімір, дайшоў да Кёнігсберга, але святкаваць Перамогу яму таксама не давялося… Еве Ільінічне засталіся толькі ўспаміны.

Нарадзілася жанчына ў 1923 годзе ў вёсцы Слабодка, што каля Пятрылава. Матуля, стомленая заўчаснай смерцю семярых дзетак, па благаславенні святара Грозаўскай царквы называе толькі што народжаную дачушку Евай. Наступнага ж за ёй хлопчыка (1927 год) Адамам. Такую параду святы айцец даў, каб захаваць жыццё дзеткам. Дарэчы, і тата Ілля Лаўрэнцьевіч, і мама Дар’я Анісімаўна былі людзьмі веруючымі і нават у той, зусім не рэлігійны час, заўсёды хадзілі да царквы. Але бацькаў век не быў доўгім: у 1940 годзе ён памёр, пакінуўшы жонку з трыма дзеткамі: Таццянай, Евай, Адамам.

Даваеннае дзяцінства ішло сваім часам. Спачатку Ева скончыла 4 класы школы ў Пятрылаве, у пяты пайшла ў Пукава. А ўжо заканчвала навучанне — адзіная з вёскі — у Грозаўскай сярэдняй школе. Узгадвае Ева Ільінічна імёны аднакласнікаў: Касцюк Ганна, Місючэнка Ніна, Бярозка Марыя і прозвішчы настаўнікаў: Цвірка, Цыбікаў, Гофман. «Колькі ўсяго чалавек вучылася ў класе? — перапытвае суразмоўца і, крыху заплюшчыўшы вочы, лічыць: — Дзве скамейкі, чатыры, дзесяць… Шаснаццаць скамеек і — 30 чалавек», — адказвае нарэшце.

Ева Ільінічна Малашкевіч — галоўны бухгалтар калгаса імя У.І. Леніна. За плённую працу мае шмат узнагарод, сярод якіх:

1957 год — медаль удзельніка Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы СССР.

1964 год — прысвоена званне «Заслужаны калгаснік».

1968 год — Грамата Вярхоўнага Савета БССР.

1970 год — юбілейны медаль «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В.И. Ленина».

Разам з мужам Бураком Міхаілам Рыгоравічам выхавалі дваіх сыноў Міхаіла і Уладзіміра.

Летам працавала на полі: жала жыта разам з сяброўкай, «стаханаўкай», Цімошак Суклютай. Дзяўчаты працавалі старанна, нават і тады, калі на неба выплываў жоўты маладзік. «Еўка, давай яшчэ крыху, а то іншыя абгоняць», — казала Суклюта. А каб крыху зарабіць грошай, хадзілі за 15 кіламетраў у лес па ягады. Потым насілі прадаваць чарніцы салдатам у Канюхі, дзе месціўся 20-ты казачы кавалерыйскі полк 4-й кавалерыйскай дывізіі імя Варашылава. Падыходзіў салдацік, працягваў праз калючы дрот 7 капеек (столькі каштавала шклянка ляснога ласунка), пілотку і забіраў яе ўжо поўную ягад.

…А потым пачалася вайна.

Бурак Іосіф загінуў у першыя дні вайны, абараняючы граніцу Савецкага Саюза
Бурак Іосіф загінуў у першыя дні вайны, абараняючы граніцу Савецкага Саюза

Хутка ў Грэск, што недалёка ад Пятрылава, прыйшлі немцы. Яны хадзілі па вёсках, забіралі жывёліну. Не абмінулі і Малашкевічаў: прыйшлося развітацца з рагатай карміцелькай.

А яшчэ пачалі ганяць у Германію моладзь. Ізноў, крыху заплюшчваючы вочы, Ева Ільінічна вяртаецца ў мінулае… Жытнёвае поле з высокімі і поўнымі каласамі. Утоптваючы гэтае багацце,  бяжыць юнак: ён імкнецца схавацца. А над ім нізка-нізка плануе нямецкі самалёт — ідзе паляванне на дарэмную рабочую сілу. Не схавала беларуская зямелька свайго сына — трапіў ён на цяжкую і бязлітасную працу ў Нямеччыну. «Пракапеня Аляксандр», — называе імя юнака Ева Ільінічна і дадае: «Вярнуўся ён з той Германіі пасля Перамогі, але вельмі хворы. Казаў, выконваў цяжкую работу, а немец-гаспадар моцна біў яго. Ды доўга Саша і не пражыў…»

 

Ледзь-ледзь атрымалася пазбегнуць нямецкага палону і самой Еве Ільінічне. Пайшла яна да сваёй стрыечнай сястры Любы. А тут з вуліцы пачулася: «Немцы ідуць!». Што рабіць? Здагадалася любіна мама: «Хавайцеся, дзяўчаты, у склеп». Так і зрабілі. А каб не было бачна крышкі ад склепа, паклала наверх салому. Заходзяць у хату паліцаі. Бачаць, сядзіць жанчына і на прасніцы прадзе. «Што ж гэта ў цябе салома абы-дзе ляжыць?» — пытаюцца ў гаспадыні. «Дык каб бульба не падмярзала ў склепе», — адказвае. З тым ворагі і пайшлі.

Пашанцавала і ў другі раз. Трэба было ісці ў камендатуру ў Грэск, каб змяніць пашпарт на нямецкі. Прыходзіць Ева і бачыць, што там працуе знаёмая, якая да вайны кватаравала ў Малашкевічаў.

— Слухай, Ева, — кажа, — вось пашпарт, але трэба яшчэ ў ім пячатку паставіць. Таму да немца пайду я, бо маладых і здаровых тут жа забіраюць у Германію.

Пайшла.

— А чаму пячатку прыйшла ставіць не сама Малашкевіч? — пытае немец.

— Дык хворая яна. Па іх вёсцы тыф «пайшоў». Не пусціла я яе да Вас, каб не заразіла хваробай, — адказала-выратавала знаёмая.

У вёсцы засталіся адны дзеці ды жанчыны. Аралі на сабе, самі саджалі бульбу, сеялі жыта. Цяжка было, але неяк выжывалі. З Грэска прыязджалі паліцаі, забіралі больш моцных высякаць лес паміж Шышчыцамі і Мінскам. Кожнай была даведзена свая норма — 6 кубаметраў драўніны. Спачатку пілавалі ўдваіх, а потым неяк валілі дрэва. А яшчэ, каб выратавацца ад партызанскіх мінаў, ворагі прымушалі маладых жанчын браць бярвенне і цягнуць па небяспечнай тэрыторыі. Так на вачах у Евы загінула жыхарка з Шышчыц…

Яго брат Міхаіл, муж Евы Ільінічны,  пайшоў ваяваць у 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі
Яго брат Міхаіл, муж Евы Ільінічны, пайшоў ваяваць у 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі

Аднойчы заўважылі немцы ў аднавяскоўца Быліновіча Івана незвычайную шапку. Ды гэта для іх яна была незвычайная, а на самай справе — будзёнаўка як будзёнаўка. «Партызан! Партызан!» — загергеталі ворагі. А які ж ён партызан: узрост не той ды здароўя зусім няма. Прымусілі яго зняць тую шапку і пасекчы яе на дробныя кавалачкі. Нават шапак баяліся, ваякі…

Партызаны звычайна прыходзілі па начах. Неяк зайшлі і да Малашкевічаў. Матуля пачаставала іх яблыкамі-антонаўкамі — што было, як кажуць. А старэйшая Таццяна неяк дапамагала ім адганяць у лес кароў. Але далёка яе не пусцілі, каб не даведалася, дзе хаваюцца народныя мсціўцы.

…Пра Перамогу Ева пачула ад аднавяскоўцаў. Многія з іх атрымалі пахавальныя. Не вярнуліся з вайны знаёмыя хлопцы. Крыху прыжмурыўшы вочы, нібыта ўглядаючыся ў мінулае, Ева Ільінічна называе іх імёны: Пыка Стась, Лазарэвіч Коля, Цімошак Іосіф, Дудко Антось, Малашкевіч Антось… Шмат іх, тых, чыё жыццё абарвала вайна. А тыя, хто застаўся ў жывых, павінны памятаць… Каб заўтра не было вайны.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара і з сямейнага архіва



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *