Молодечно встречало гостей

2016 - год культуры

XVI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2016» сёлета быў прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі, заснавальніка і мастацкага кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».

Выступае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга
Выступае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга

Дарэчы, толькі гэты фестываль у нашай краіне мае статус нацыянальнага і па традыцыі праходзіць у летнім амфітэатры. Але сёлета ён не адзіная пляцоўка для ўрачыстасцей: увесь горад, які з’яўляецца культурнай сталіцай Беларусі-2016, стаў цэнтрам весялосці. За два фестывальныя дні адбылося больш за 200 мерапрыемстваў.

У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Ён павіншаваў прысутных з такой значнай для нашай краіны падзеяй і зачытаў прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Віктар Сірэнка, прадстаўнікі мясцовых улад. Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец быў адзначаны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развiццё культуры Беларусi».

Затым адбылося ўзнагароджванне лаўрэатаў нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, а таксама ўручэнне прыза імя Уладзіміра Мулявіна. Яго ўладальнікам, як і пераможцам творчага спаборніцтва, стаў Аляксандр Саванец, які прадстаўляў сталічны рэгіён. Сімвалічную хрустальную гітару спеваку ўручыла Святлана Мулявіна-Пенкіна, удава Мулявіна і кіраўнік музея, створанага ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску.

Тэматычная творчая праграма «Песенная спадчына Уладзіміра Мулявіна», якая прадоўжыла святочны вечар, цалкам была прысвечана творчасці гэтага выдатнага спевака і кампазітара. Яе прадставіў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Вядомыя артысты выканалі добра знаёмыя і крыху забытыя музычныя творы Песняра. Публіка шчыра вітала Наталлю Тамела, Руслана Мусвідаса, Таццяну Глазунову, Алесю Дзяржавец, Прыма-VERA, Валерыю Грыбусаву, Яўгенія Цымбаліста, Дзмітрыя Качароўскага і іншых салістаў аркестра. Імёны многіх з іх адкрыў конкурс маладых выканаўцаў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне.

Завяршылася ўрачыстасць феерычным прадстаўленнем: начное неба над Маладзечна расквецілі рознакаляровыя казачныя кветкі феерверка.

Горад майстроў
Горад майстроў
Вячэрні Маладзечна
Вячэрні Маладзечна

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *