У «Капыльскіх пацех» новая премьера

2016 - год культуры

Кожны год тэатр «Капыльскія пацехі» дае новыя пастаноўкі. І менавіта па порцыю смеху і жартаў прыходзяць у раённы Цэнтр культуры гледачы.

Але мяне заўсёды цікавіць тое, што застаецца, як кажуць, за сцэнай. Тое, з чаго складаецца тэатральная пастаноўка. Таму разам з загадчыкам аддзела культурна-масавай работы Капыльскага РЦК і мастацкім кіраўніком тэатра Любоўю Галубовіч крыху прыадчынім рэжысёрска-акцёрскія таямніцы.

«Капыльскія пацехі»
«Капыльскія пацехі»

Як нараджаецца ідэя?

Любоў Пятроўна нават і сама не ведае адказу на гэта пытанне. Улічваючы тое, што новыя пастаноўкі ідуць кожны год, існавала і зараз існуе праблема рэпертуару. Але артысты імкнуцца паказаць розныя жанры: ёсць і шоу, і тэатральныя пастаноўкі. Але больш за іншыя ўдзельнікам «Капыльскіх пацех» падабаюцца менавіта апошнія. На гэты раз вырашылі даць спектакль. Асновай сцэнарыя стала камедыя беларускага драматурга Васіля Ткачова «Курорт для зяця» з рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Але артысты дадалі шмат свайго, адаптавалі, так сказаць, да мясцовых умоў. Рэжысёр убачыў тую ці іншую дэталь. І далей, праз яе, узнікае нейкі канкрэтны вобраз, развіццё якога ідзе на працягу спектакля. З пункту гледжання драматургіі гэта і ёсць прафесійна выкананая работа.

Рэпетыцыі, рэпетыцыі, рэпетыцыі…

Але падабраць сцэнарый — яшчэ паўсправы. Не менш важнымі з’яўляюцца і рэпетыцыі. Дзеля гэтага артысты збіраюцца і пасля работы, і ў выхадныя дні. Пётр Лобаў прыязджаў з Мінска, дзе на той час працаваў, а Таццяна Вошкат — з Пацеек. Неабходна падстройвацца пад кожнага. Бывала, што і стомленасць адчувалася: усё ж такі пасля працоўнага дня. Але калі займаешся любімай справай, складанасці такога кшталту знікаюць.

Спачатку выбіраюць характар героя, абмяркоўваюць. І ўжо потым праз гульню перадаюць яго рысы, каб глядач разумеў, хто перад ім. Што тычыцца сцэнічнага афармлення, то рэквізіт большай часткай свой, хатні. Сабраліся на рэпетыцыі, зразумелі, што нешта патрэбна, і прынеслі.

Капыльскія артысты — людзі таленавітыя, усё хапаюць на ляту, вельмі хутка ўжываюцца ў вобраз. Яны не іграюць, а жывуць на сцэне. Таму Любоў Пятроўна імкнецца прадаставіць акцёрам больш мастацкай свабоды.

Калі кожны на сваім месцы

Жартаў у самадзейных артыстаў заўсёды поўна. Кожны з акцёраў — і сам добры гумарыст. Напрыклад, той жа Антон Шышмароў: каларытны, з нейкай сваёй разынкай. Заўсёды цудоўна раскрывае вобраз Святлана Папок. Сяргей Мялешка хутка схоплівае рэжысёрскую задумку, адчувае, што ад яго патрэбна. Спачатку рэпеціруць так званыя «выгарадкі» — эпізоды, затым манціруюць часткі. Падбіраюць святло, гук, музыку. Наогул, падбор музычных кампазіцый — справа складаная. Тут дапамагае густ Вольгі Даманскай і Любові Дубовік. Яны заўсёды «ў тэме» і разумеюць, што патрэбна пад той ці іншы эпізод. Словам, кожны на сваім месцы.

Так, цяперашнія артысты — людзі таленавітыя, але патрэбна шукаць новых, маладых, абнаўляць састаў. Таму Любоў Пятроўна запрашае, каб у самадзейны тэатр прыйшлі тыя, каму падабаюцца сцэна, жарты і смех: «Мы будзем рады прыняць папаўненне, а акцёрскаму майстэрству навучым».

З камедыі слова не выкінеш:

► І баран бы касіў, каб касу насіў.

► Ад гарэлкі розум мелкі.

► Як цвярозы, дык свінні баіцца. А як п’ян — дык капітан.

► У пастку трапіў! Цешча за грыву ўзяла. Хоча, каб я ў каня ператварыўся.

► А гэта жаніх па інтэрнэце… Каля Марынінай хаты падабрала… З іншамаркай.

► Я табе павінен сказаць: сёння з мужыкамі дэфіцыт. З-за мяжы можна прывесці адзежку, анучы розныя, а мужыка — дудкі.

► Мы мужыкі ці хто? Мы ж самі даём бабам пра нас абы што думаць і гаварыць… Дзе наша цвёрдасць? Дух мужчынскі? Слова мужчынскае? Чуць што — дзвярыма — лясь! Давай-ка, брат, паглядзім на сябе строга. Хто мы? Чым дыхаем?

► Вось такія ў нас кветачкі-ягадкі.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *