Мы — с детства, опаленного войной

Актуально Память

Да 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Мяне вельмі ўзрушыў адзін з артыкулаў на тэму «Каб не зарастала сцяжынка памяці» (№ 24 «Слава працы» за 2016 г.). Аўтар яго — Маргарыта Саковіч. Асабліва яе заключная выснова аб тым, што ніякія, нават самыя цудоўныя, манументы не адлюстроўваюць ва ўсёй паўнаце веліч подзвігу людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Галоўнае — гэта памяць аб гэтай вайне, яе героях і ахвярах.

75 гадоў прайшло з пачатку Вялікай Айчыннай. А боль не адступае. Менавіта ў 1941 годзе ў Капыльскім раёне і ў Капылі нарадзіліся хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх вы бачыце на здымку. Усе яны, а таксама іншыя (усіх 64 чалавекі ў 1958 годзе) сталі выпускнікамі капыльскай беларускай школы: класы «А», «Б», «В». Вучні з класаў «А» і «Б» пражывалі ў Капылі. «В» клас наведвалі дзеці з навакольных вёсак. Фашысцкія захопнікі пазбавілі ўсіх нас дзяцінства. Толькі 10 бацькоў змаглі ўбачыць сваіх сямігадовых дзетак пасля вайны, астатнія загінулі: хто на фронце, хто — у партызанах.

Пра тое, як мы выжывалі, як вучыліся, чаго дабіліся ў жыцці, я ўспамінала пяць гадоў таму ў сваім роздуме «Памяць не мае межаў». Многіх нашых аднагодкаў ужо няма ўжывых…

5-2
Алена Іосіфаўна Хмель (Лагвіненка) са сваімі вучнямі. Аўтар гэтых радкоў — у другім радзе чацвёртая справа

Мы, цяпер ужо ветэраны працы, радуемся, што ў навучальных установах патрыятычнае выхаванне моладзі — адзін з самых прыярытэтных напрамкаў у выхаваўчай рабоце. У гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі гэта работа набывае асаблівы сэнс. Дасягненні ў вучобе, спорце, навукова-краязнаўчай, пошукавай рабоце па ўвекавечанні герояў Вялікай Айчыннай вайны былі справядліва заўважаны ў раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. У 2015 годзе гімназіі было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза — выпускніка гэтай школы Мікалая Васільевіча Рамашкі. На працягу амаль 30 гадоў педагогі і вучні тады яшчэ СШ № 1 праводзілі настойлівую пошукавую працу, каб памяць аб Героі-выпускніку была бессмяротнай. Аб праводзімых мерапрыемствах, аб аднапалчанах Героя — ветэранах вайны, яго родных неаднаразова пісала наша раёнка.

Шчырую ўдзячнасць выказваю ад імя нас, ветэранаў педагагічнай працы гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі, начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алене Станіславаўне Міхайлоўскай за станоўчае рашэнне аб прысваенні імя Героя Савецкага Саюза М.В. Рамашкі гімназіі на пачатку навучальнага года. Традыцыйная ганаровая лінейка стала святам шчырай радасці педагогаў і вучняў гімназіі і адказнасці, бо імя Героя шмат да чаго абавязвае.

Анна АРЛОЎСКАЯ
Анна АРЛОЎСКАЯ

Дырэктар гімназіі Ірына Іванаўна Абас паспяхова арыентуе педкалектыў і гімназістаў на жывую непагасную памяць аб абаронцах краіны. У гімназіі заўсёды было дзейсным крэда «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Цяпер яно ажыццяўляецца з яшчэ большым натхненнем. Працягваецца збор матэрыялаў аб воінах-франтавіках. Асаблівую цікавасць праяўляюць гімназісты да настаўнікаў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Лічу сваім абавязкам паведамляць праз раённую газету аб сапраўдных патрыётах краіны і таленавітых настаўніках. Па-першае, таму, што я сама — выпускніца капыльскай беларускай школы, потым СШ № 1, з 2002 года — гімназіі № 1, а з 2015 года — гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі.

Усім, хто вучыўся ў Капылі ці ў бліжэйшых вёсках раёна, цікава ведаць, дзе знайшла свой пасляваенны прытулак наша беларуская школа. Гэта быў драўляны дом на вуліцы К. Маркса (цяпер Жылуновіча, 21). У 1948 годзе — у цяперашнім метадычным кабінеце аддзела адукацыі, спорту  і турызму райвыканкама. Знаходзіцца ён у цэнтры Капыля за будынкам пошты. Тут было толькі два памяшканні для  1 «А» і 1 «Б» класаў. Вучылі нас дзве маладыя настаўніцы — Карнейчык Алена Антонаўна і Маліноўская Аляксандра Рыгораўна. Аляксандра Рыгораўна была маёй першай настаўніцай. Яна вельмі клапацілася, каб мы былі дружнымі і шчырымі адзін да аднаго. У класе вучылася многа пераросткаў, дзяцей, якія падчас вайны не маглі наведваць школу.

Пазней мы даведаліся, што нашы настаўніцы былі сувязнымі ў партызанскім атрадзе імя Дунаева брыгады № 27 імя Чапаева. Цяжкія выпрабаванні выпалі на іх долю. Блуканне па лясах і балотах, часта без ежы і цёплай вопраткі, але з пачуццём вялікай адказнасці за справу, якую ім давяралі камандзіры.

У другім класе вучыла мяне і маіх аднакласнікаў Алена Іосіфаўна Хмель (Лагвіненка). Яна была таксама сувязной партызанскага атрада імя Шчорса брыгады № 27 імя Чапаева. Настаўніца мела цудоўны почырк. Яна клапацілася, каб  мы пісалі прыгожа і вельмі радавалася, калі хто пісаў не толькі без памылак, але і акуратна. У школе было зімой вельмі холадна. Адна грубка не паспявала абаграваць два класы, таму Алена Іосіфаўна  сагравала нашы замёрзлыя рукі сваім цёплым, пяшчотным дыханнем. Усіх нас на перапынку прыціскала да сябе. Правярала, як былі абуты і апрануты. 3 «Б» клас вучыўся ўжо ў «вялікай» школе, але ў другую змену. Пісалі мы драўлянымі ручкамі з мудрагелістым пяром. Яно дапамагала выконваць патрэбныя націскі. Літары атрымліваліся круглыя, прыгожыя. Настаўніца радавалася. А якая шчаслівая яна была, калі перавадныя экзамены ўвесь 4 «Б» здаў паспяхова! Вось такая мудрая, добрая, патрабавальная была наша Алена Іосіфаўна.

Алена Антонаўна Карнейчык працягвала вучыць свой 2 «А». Наша Аляксандра Рыгораўна выйшла замуж і змяніла месца жыхарства. Але памяць пра яе жывая, бо яна вельмі любіла нас, радавалася кожнаму нашаму поспеху.

У 1952 годзе ў нас ужо было многа настаўнікаў. Хваляваліся, безумоўна. Асабліва, калі даведаліся, што геаграфію будзе выкладаць сам дырэктар школы Дземідовіч Аляксандр Пятровіч. Але хутка зразумелі, што нам вельмі пашанцавала. Мы не толькі добра  арыентаваліся па карце: дзякуючы  настаўніку-франтавіку мы добра разумелі, чаму нашы бацькі аддалі сваё жыццё за краіну. Даведаўшыся, што ў большасці з нас бацькі загінулі на вайне, дырэктар не прамінаў пацікавіцца, як мы жывём, дзе працуе матуля, ці дапамагаем мы ёй, ці любім вучыцца. Нам было вельмі добра ад уважлівых адносін. Думалася, вось такім быў бы мой тата, якога я нават не памятаю, бо было мне толькі 3 месяцы, калі пачалася вайна…

Анна АРЛОЎСКАЯ,

старшыня ветэранскай арганізацыі гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *