За чистоту и красоту

Пятое Всебелорусское народное собрание

IMG_7356

Старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк на пятым Усебеларускім народным сходзе будзе прадстаўляць органы мясцовага самакіравання раёна.

У красавіку 2014 года Ірына Мікалаеўна была абрана старшынёй раённага Савета дэпутатаў. Да гэтага працавала першым намеснікам старшыні начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Капыльскага райвыканкама. Яе ведаюць як ініцыятыўнага, высокаадукаванага кіраўніка, які валодае высокім пачуццём адказнасці за даручаную справу. Ірына Мікалаеўна карыстаецца аўтарытэтам сярод дэпутацкага корпуса і жыхароў раёна, калег, займае актыўную жыццёвую пазіцыю.

Шмат увагі яна надае рабоце з насельніцтвам, органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, арганізацыйнаму і матэрыяльнаму ўмацаванню сельскіх Саветаў, пытанням добраўпарадкавання населеных пунктаў.

— Сімвалічна, што 2016 год абвешчаны Годам культуры і пры гэтым акцэнт робіцца не толькі на мастацкі і творчы патэнцыял гэтай сферы, але і на культуру вытворчасці і земляробства, побыту і чалавечых адносін, уладкавання  гарадоў і вёсак, беражлівага захавання гістарычнай спадчыны, — адзначае Ірына Кісляк. — Мы стараемся прывіваць сваім землякам культурныя адносіны да той мясцовасці, дзе яны жывуць. Робім усё магчымае, каб іх дабрабыт не пагаршаўся. Напрыклад, арганізоўваем рамонт дарог. Праўда, з-за недахопу сродкаў у першую чаргу выбіраем тыя, што патрабуюць неадкладнага ўмяшальніцтва. На жаль, па гэтай жа прычыне ўзнікаюць праблемы па аплаце за вулічнае асвятленне, таму яно ўключаецца толькі ў асенне-зімовы перыяд.

Шмат работы на тэрыторыі сельсаветаў праводзіцца для таго, каб навокал было чыста і прыгожа. Напрыклад, з пачатку года знесена 60 старых дамоў і 40 гаспадарчых пабудоў, захавана 40 фундаментаў. За гэты ж час спілавана звыш 2500 небяспечных дрэў, прыбрана 418 стыхійных сметнікаў. Значная ўвага надаецца навядзенню парадку на грамадзянскіх могілках. Так, у гэтым годзе на іх ужо ўстаноўлена звыш 1000 м новых агароджаў. На гэтыя мэты старэйшынамі вёсак сабрана звыш 130 млн рублёў.

На жаль, органам мясцовай улады яшчэ даводзіцца сутыкацца з абыякавасцю нашых грамадзян да навядзення парадку на сваіх падвор’ях, таму прымяняюцца нават жорсткія меры пакарання. Так, з пачатку года выдадзены 1239 прадпісанняў і складзены 38 пратаколаў за неналежныя адносіны да захавання чысціні.

На дадзены момант органы мясцовага самакіравання рыхтуюцца да правядзення святаў вёсак, якія пройдуць у адпаведнасці з распрацаваным графікам, займаюцца абкошваннем сядзіб, у тым ліку і пустуючых, а асаблівая ўвага надаецца барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага.

— Задачу ўлады бачу ў згуртаванні грамадзян вакол стваральных мэтаў. Думаю, што кожны з дэлегатаў сходу зможа выказаць сваё меркаванне па многіх пытаннях, актуальных тэмах і ўнесці свае прапановы, — падкрэсліла Ірына Кісляк. — Безумоўна, на народным форуме будуць намечаны новыя планы, перспектывы развіцця, і спа-дзяёмся, што пасля яго будуць рэалізаваны многія дзяржаўныя праграмы.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *