Копыльские журналисты презентовали газету «Слава працы» на ХХ Международной специализированной выставке «СМИ в Беларуси»

2016 - год культуры Актуально

Першая палова мая ў гэтым годзе для калектыву рэдакцыі газеты «Слава працы» выдалася сапраўды яркай і насычанай. Упершыню наша выданне было адзначана ў самым прэстыжным журналісцкім конкурсе: стала лаўрэатам ХІІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі». Узнагароду атрымала галоўны рэдактар Марыя Шэіна падчас правядзення ХХ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі».

З цікавасцю да нашай газеты
З цікавасцю да нашай газеты

Такая ўзнагарода — вынік стараннай працы ўсяго калектыву. Кожны з супрацоўнікаў імкнецца выконваць свае абавязкі на высокім узроўні. Гэтак жа, як і на працягу ўсіх 86 гадоў існавання раёнкі. Якасная і аператыўная інфармацыя — гэта наша традыцыя.

Такой жа традыцыйна цікавай для наведвальнікаў выставы «СМІ ў Беларусі» стала і прэзентацыя нашай раённай газеты. Некалькі гадоў таму супрацоўнікі «Слава працы» разам з музыкантам Аляксандрам Булакевічам, як кажуць, задалі добры тон і паказалі, як трэба цікава прэзентаваць сваё выданне. Затым, праз год, пра сумесны краязнаўчы напрамак у рабоце рэдакцыі газеты і раённага музея дапамагала расказваць дырэктар гэтай установы Валянціна Шуракова. Яшчэ праз год яскрава віталі гасцей «Лоцвінскія ўдалухі»: Галіна Дрожжа і Валянціна Шыманская. Летась  нам дапамагалі Таццяна Ермаловіч і яе выхаванкі.

Мінае час. І кожны год мы імкнёмся прыдумаць нешта цікавае і новае, каб наведвальнікі выставы не засталіся абыякавымі, каб да выдання Капыльскага раёна праяўлялі асаблівую зацікаўленасць. Так адбылося і ў гэтым годзе. Каб пераканацца ў справядлівасці сказаных слоў, давайце разам наведаем выставачны цэнтр.

Спецыяліст «СБ. Беларусь сегодня» Марыя Кузьмянкова дала высокую ацэнку газеце «Слава працы»
Спецыяліст «СБ. Беларусь сегодня» Марыя Кузьмянкова дала высокую ацэнку газеце «Слава працы»

Ля самага ўваходу як сімвалы плённага міжнароднага супрацоўніцтва — 20 сцягоў тых краін, адкуль у Беларусь прыехала звыш трохсот прадстаўнікоў. У прасторнай зале выставачнага цэнтра сабраліся супрацоўнікі шматлікіх выдавецтваў і рэдакцый. Яны імкнуцца прадэманстраваць гісторыю і шляхі сучаснага развіцця СМІ ў Беларусі. Усе, хто завітаў у сталічны комплекс «БелЭкспа», убачылі, што ён часова нібы ператварыўся ў вялікі карэспандэнцкі пункт: адсюль на ўсю рэспубліку (ды нават і за яе межы) разлятаюцца паведамленні, відэа- і фотаінфармацыя.

Вось стэнды сродкаў масавай інфармацыі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны. Абмінуць стэнд «СМІ Мінскай вобласці» проста немагчыма: гукамі беларускіх народных музычных інструментаў запрашаюць калегі з «Маладзечанскай газеты». Рыхтуюцца да выступлення спявачкі з Капыльшчыны: настаўніца музыкі СШ № 2 г. Капыля Таццяна Ермаловіч і яе выхаванкі — удзельніцы студыі эстраднага вакалу «Клио» пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна Ганна Засімовіч і Ірына Драцкая.

— Як цудоўна спяваюць капылянкі! — адзначае галоўны рэдактар «Мала- дзечанскай газеты» Аляксандр Іванавіч Лазоўскі.

Згадзіліся з ім і розныя наведвальнікі выставы, якіх, дарэчы, каля нашага стэнда сабралася нямала: і жанчыны паважанага ўзросту, і курсанты ваеннага вучылішча, і прадстаўнікі іншых друкаваных выданняў.

На памяць аб знаёмстве з раённай газетай «Слава працы» гледачы атрымалі друкаваныя сувеніры: календары, блакноты, рэкламныя праспекты.

— Проста цудоўна! І спевы прыгожыя паслухала, і блакнот з фотаздымкам Калядных цароў з Семежава атрымала! — дзялілася ўражаннямі адна з наведвальніц.

— А ў мяне — блакнот з маляўнічымі краявідамі Капыльшчыны! — радуецца другая жанчына.

Вядучыя — Дзіяна Ткачэнка і Сяргей Козел
Вядучыя — Дзіяна Ткачэнка і Сяргей Козел

Прыемна, калі  твая работа прыносіць задавальненне і радасць розным людзям. Калі слова, напісанае журналістам, знаходзіць водгук у сэрцы чытачоў. Не памылюся, калі адзначу, што некаторыя наведвальнікі прыходзяць на выставу менавіта для таго, каб паглядзець нашу прэзентацыю, каб пацікавіцца, чым і як жыве Капыльшчына. Пацвярджэнне — у словах Людмілы Людвігаўны Драздовай (Васюк), жыхаркі г. Мінска, ураджэнкі нашага раёна:

 

Ганна Засімовіч, Ірына Драцкая і Таццяна Ермаловіч
Ганна Засімовіч, Ірына Драцкая і Таццяна Ермаловіч

— Так, я родам з Капыльшчыны. Прыходжу на выставу ўжо не першы год. Памятаю, як два гады таму выступалі «Лоцвінскія ўдалухі». Яны тады нас смачна частавалі! А леташняе выступленне запомнілася цудоўным выкананнем песень дзяўчаткамі. І ў гэтым годзе спецыяльна прыйшла, каб пабачыць выступленне капылян. З цікавасцю прагартала і газету: як справы ў сельскай гаспадарцы, што новага адбываецца ў культурным жыцці раёна. На памяць узяла некалькі экзэмпляраў. Дарэчы, працавала я інжынерам на ААТ «Інтэграл». А мая маці, Дашкевіч Рэгіна Іванаўна, нарадзілася ў 1928 годзе ў вёсцы Леанова, што ў Пацейкаўскім сельсавеце. Дзяцінства ў яе было вельмі цяжкім: бацьку рэпрэсіравалі, затым настала вайна. Пасля яе заканчэння брат завёз маму ў Баранавічы, дзе яна паступіла ў медыцынскае вучылішча. Працаваць накіравалі на Гродзен- шчыну. Там у хуткім часе яна выйшла замуж, нарадзіла пяцёра дзетак. Яе медыцынскі стаж 57 гадоў. Яна памерла два гады таму. Раней я наведвалася ў Кацельнікі, куды ездзіла да цёткі. Мае сваякі і зараз жывуць у Капылі.

А ў гэты час

На галоўнай сцэне тэлежурналісты з вядучых каналаў расказвалі пра тое, як ствараюцца тэлеперадачы, запрашалі гледачоў прыняць удзел у інтэрактыўнай віктарыне. Прывабных удзельніц конкурсу «Міс Беларусі» прадставілі супрацоўнікі тэлеканала АНТ. Кожная з прыгажунь змагла расказаць пра сябе, пра свет сваіх захапленняў.

Чытачы задаволены: яны атрымалі прадукцыю «СП»
Чытачы задаволены: яны атрымалі прадукцыю «СП»

Не пагутарыць з іншымі ўдзельнікамі выставы мы, канешне ж, не маглі. Таму прадаставім ім слова:

— Мяне завуць Марыя Кузьмянкова. Працую спецыялістам па маркетынгу аддзела развіцця ў рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия». Сёння мы з задавальненнем прэзентуем усе выданні нашага холдынгу. Тут вельмі цікава, дадзена добрая магчымасць не толькі заявіць пра сябе, але і падзяліцца вопытам з калегамі.

— Мяне завуць Юі. Я з Кітая. Вучуся ў Беларусі ўжо на працягу 7 гадоў. Сёння ад пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь мы прадстаўляем кнігі, часопісы, дыскі пра нашу краіну. Бачыце, уся прадукцыя яркая, сучасная. У Беларусі мне падабаецца.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *