8 снежня прайшоў раённы сход дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 26-га склікання

Галоўныя падзеі

Акрамя дэпутатаў розных узроўняў, на яго былі запрошаны кіраўнікі аддзелаў, упраўленняў райвыканкама, разнастайных раённых служб і арганізацый.

Пра папярэднія вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2006 – 2010 гады і задачы на 2011 – 2015 гады гаварыў у сваім дакладзе з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня. Рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў 26-га склікання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва было прысвечана выступленне старшыні раённага Савета дэпутатаў Марыі Сандрозд.

“У аснове дзяржаўнай палітыкі знаходзіцца клопат аб дабрабыце народа, – адзначыла Марыя Леанідаўна. – Мы павінны ведаць, што турбуе простых людзей, які ў іх настрой. Наша работа павінна мець агульны арыенцір – кожны год павінен прыносіць паляпшэнне жыцця”. Марыя Сандрозд падкрэсліла, што і надалей для вывучэння патрэб людзей раённым Саветам будуць захаваны дзеючыя формы работы з насельніцтвам: сходы грамадзян, прыёмы, дні дэпутатаў, дні Саветаў, круглыя сталы, святы вёсак і г. д. Населеныя пункты неабходна прывесці да еўрапейскіх стандартаў: ліквідаваць старыя дамы, пабудовы, агароджы, акультурыць сядзібы, добраўпарадкаванне аграгарадкоў завяршыць за два бліжэйшыя гады. На працягу пяцігодкі на 90 – 95% ліквідаваць пустуючыя ўчасткі, на 100% ахапіць сельскае насельніцтва арганізаваным зборам смецця, стварыць нармальныя ўмовы для падтрымання цывілізаванага парадку на грамадзянскіх могілках. Як адзначыла старшыня райсавета, усёй грамадой неабходна працягваць барацьбу з п’янствам, выконваць задачы па рэалізацыі Дэкрэта №18, забяспечыць узаемадзеянне ўсіх служб па раннім выяўленні і прыцягненні асоб, якія злоўжываюць алкаголем.

Сваімі ўражаннямі ад IV Усебеларускага народнага сходу, а таксама дэпутацкімі напрацоўкамі падзяліліся старшыня Капыльскага сельвыканкама Вольга Купрыенка і дырэктар ААТ “Старыца-Агра” Уладзімір Рудакоўскі. Таксама пра работу дэпутатаў на месцах расказалі дэпутат Блеўчыцкага сельскага Савета па Быстрыцкай (Садовай) выбарчай акрузе №5 Андрэй Трублоўскі, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Ленінскай выбарчай акрузе №14 Валянціна Балажынская і дэпутат Цімкавіцкага сельскага Савета па Цэнтральнай выбарчай акрузе №15 Зінаіда Станкевіч.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *