Мастерство семейного благополучия

Сям'я

Гэтая сямейная пара сёння добра вядома на Капыльшчыне. Аляксандр Іосіфавіч і Марына Іосіфаўна Гайдзель. Ён — галоўны ўрач, яна — загадчык паліклінікі УАЗ «Капыльская ЦРБ». Разам крочаць па жыцці на працягу 18 гадоў.

Крыху храналогіі

…Аляксандр нарадзіўся ў Гродне, Марына — у Дзятлаве Гро-дзенскай вобласці.  Прычым   абодва — у 1974-м. Пазнаёміліся ў красавіку 1997 года падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце на 6 курсе ўжо пасля прафесійнага размеркавання: разам выйшлі з аўдыторыі, разам пайшлі да інтэрната, дзе ў той час жыла дзяўчына. Абодва абралі адзін і той жа кірунак — псіхіятрыю. На працу Аляксандр павінен быў ехаць у в. Магілёўцы Брэсцкай вобласці, Марына заставалася ў родным Дзятлаве. Рукі і сэрца малады чалавек папрасіў у чэрвені на прафесійным свяце — Дні медыцынскіх работнікаў, а мужам і жонкай яны сталі ў лютым 1998-га. Вяселле — пышнае ды вясёлае — адгулялі ў Дзятлаве. Там жа ў касцёле і абвянчаліся. Сярод падарункаў — шмат модных у той час сервізаў. Пасля заключэння шлюбу Аляксандр атрымаў пераразмеркаванне ў родны горад жонкі. Жыць пачалі разам з бацькамі Марыны. У снежні гэтага ж года нарадзіўся першынец — таксама Аляксандр.

DSC00117
Уся сям’я разам

Пра цесця і цешчу

Зараз Аляксандр Іосіфавіч — ужо бацька траіх дзяцей — упэўнены, што вялікая сям’я — заслуга яго цесця Іосіфа Эдуардавіча і цешчы Тамары Фядосаўны (у мінулым — старшыня райкама прафсаюза работнікаў гандлю і настаўніца хіміі адпаведна). Яны заўсёды дапамагалі гля-дзець за дзеткамі. Сам жа ён рос у сям’і адзіным дзіцем, таму заўсёды хацелася мець шмат сынкоў і дачок: бачыў, якія добрыя адносіны склаліся паміж Марынай і братамі, старэйшымі за яе на 12 і 9 гадоў. Матуля Аляксандра Ірына Станіславаўна працавала юрыстам, бацька Іосіф Іосіфавіч — электрыкам, але 12 гадоў таму трагічна загінуў. Нават у тым, што трапілі на Капыльшчыну, Аляксандр Іосіфавіч «абвінавачвае» Тамару Фядосаўну. Менавіта яна прачытала ў газеце «Медыцынскі веснік» аб’яву пра тое, што ў Капыльскую ЦРБ патрабуюцца ўрачы. Але аб усім па парадку.

На працоўным месцы

Доўгі час Гайдзелі працавалі ў Дзятлаве: ён — спачатку загадчыкам наркалагічнага аддзялення, а з 2005 года галоўным урачом, яна — псіхіятрам. Але жыццё часта ўносіць свае карэктывы ў лёсы людзей. У 2010 годзе Аляксандр Іосіфавіч звольніўся з пасады і пайшоў працаваць у рэспубліканскую туберкулёзную бальніцу «Наваельня». Аднак жонка палічыла, што гэта небяс-печна для дзяцей, якіх да гэтага часу стала ўжо трое: у 2006-м нарадзіўся Максім, у 2007 — Марына. Зноў узнікла пытанне пошуку працоўнага месца. І тут Тамара Фядосаўна ўспомніла пра тую газетную аб’яву…

Шлях на Капыльшчыну

Словы свайго інстытуцкага выкладчыка, які сказаў, што «псіхіятрыя — навука будучага», Марына Іосіфаўна ўспамінала не раз. Менавіта гэтыя вузкія спецыялісты былі патрэбны не толькі ў нашым гарадку, але і ў тых жа Магілёўцах, у Нясвіжы, і нават у Мінску. Так, у сталіцы ўрачам прапанавалі месца ў псіханеўралагічным інтэрнаце № 4 і давалі трохпакаёвую кватэру. Але… Па дарозе з Мінска ўсё ж такі вырашылі заехаць у Капыль. Іх вельмі цёпла сустрэў тагачасны галоўны ўрач Капыльскай ЦРБ Андрэй Каролька. Расказаў пра ўмовы працы, прапанаваў на  выбар  кватэру  ў  райцэнтры  або  дом  у  Скабіне. Гарадок Гайдзелям спадабаўся, зацікавілі і ўмовы. Абяцалі падумаць і паведаміць пра сваё рашэнне. Гэта было ў суботу, а ўжо ў панядзелак Андрэй Сцяпанавіч патэлефанаваў і сказаў, што старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня жадае пазнаёміцца асабіста. Для Аляксандра Іосіфавіча і Марыны Іосіфаўны была вельмі прыемнай такая ўвага з боку кіраўніцтва раёна. Не адгукнуцца яны не маглі. Анатоль Іосіфавіч сустрэў вельмі цёпла і душэўна. Вырашылі — застаюцца. Да апошняга цесць Іосіф Эдуардавіч не верыў, што дачка з зяцем усё ж такі ад’язджаюць. Нават і тады, калі адносілі рэчы ў прысланую з Капыля машыну.

А жыццё ідзе

Так і апынуліся Аляксандр Іосіфавіч і Марына Іосіфаўна ў 2012 годзе ў Капылі. Жыць сталі ў доме ў Скабіне, дзеці пайшлі вучыцца ў СШ № 3 г. Капыля. У хуткім часе Аляксандр Гайдзель быў прызначаны на пасаду намесніка галоўнага ўрача, а з 2013 года ён — галоўны ўрач. Не засталіся незаўважанымі і арганізатарскія здольнасці Марыны Іосіфаўны: з 2014 года яна — загадчык паліклінікі Капыльскай ЦРБ.

Да цесця з цешчай у госці ездзяць даволі часта: на святы там збіраецца шмат сваякоў, у ліку якіх шасцёра ўнукаў і ажно васьмёра праўнукаў. А сваю матулю Аляксандр Іосіфавіч забраў у Капыль: пасля перанесенай хваробы жанчына патрабуе асабістага медыцынскага догляду.

Шашлыкі ад Аляксандра ГАЙДЗЕЛЯ:

Спатрэбіцца: 2 кг мяса (свініны), 0,5 кг цыбулі, 3 шклянкі вады, 1 шклянка воцату, 3 ст. лыжкі солі, прыправы, памідоры, перац.

Гатуем. Мяса рэжам на кавалачкі. Падрыхтоўваем марынад: змешваем воцат, ваду, соль і прыправы, дадаём парэзаную кружочкамі цыбулю. Кла-дзём у марынад мяса і пакідаем на 3-4 гадзіны. Затым нанізваем на шампуры мяса, цыбулю, памідоры. Смажым на вуглях.

Жыццё ідзе сваім ходам. Падрастаюць дзеткі. Сёлета старэйшы Аляксандр зробіць свой прафесійны выбар. Можа пахваліцца вынікамі ў навукова-даследчым кірунку дзесяцігадовы Максім. Марынка расце добрай і паслухмянай дзяўчынкай. Узаемаадносіны паміж татам і мамай даказваюць справядлівасць слоў прытчы пра вялікую і мірную сям’ю. Яе сакрэт адлюстраваны ў такіх простых і вельмі важкіх словах: «Каханне. Прабачэнне. Цярпенне. — Сто разоў каханне. Сто разоў прабачэнне. Сто разоў цярпенне».

Калі выдаецца вольны час, сям’я збіраецца разам на шашлыкі, якія, дарэчы, гатуе менавіта Аляксандр Іосіфавіч. Часта ў госці заходзяць сябры і калегі. Так, вядома ж, галава сям’і — мужчына, але і ён мае свае абавязкі. А жанчына, як сапраўдная захавальніца ачагу, мудра ўсміхаецца і ўпэўнена коціць далей кола сямейнага жыцця.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота з сямейнага архіва сям’і ГАЙДЗЕЛЬ

► В ТЕМУ

А существует ли любовь?

Об этом думать — наслажденье.

И ощущаешь вновь и вновь,

Проснувшись утром с вдохновеньем.

И «молоточки» бьют в висках,

И захлебнешься ты в дыханье.

Я вас люблю — и вновь, и вновь

Теряешь разум и сознанье.

Простите, но ведь это сон

Мечтать об этом нереально.

И все ж — да здравствует любовь!

И с добрым утром, милое созданье.

Леонид ПОЛЕЩУК, г. Копыль

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *