Поем песни о войне

Праздник

«Лясная песня»

Словы Адама Русака,

музыка Уладзіміра Алоўнікава

Гэты неафіцыйны партызанскі гімн узнік пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Аднак былыя партызаны сцвярджалі, быццам спявалі яго пасля баёў. Песня настолькі ўвайшла ў наша жыццё, што многія адносяць яе да ліку народных. На самай справе верш напісаў наш зямляк Адам Русак, а музыку — Уладзімір Алоўнікаў. Дарэчы, бярозы і сосны ў першым радку песні — гэта лес вакол хутара ў Пясочным. Аднак паэт у пачатку творчага шляху не ставіў за мэту пісаць песні, але кампазітары самі звярталі ўвагу на яго вершы, ствараючы да іх музыку. Паступова ён стаў прафесійным паэтам-песеннікам. Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі многія іншыя песні (усяго каля 300) на тэксты вершаў А. Русака. Аднак «Лясная песня» з’яўляецца адным з самых папулярных яго твораў.

На працягу дзесяцігоддзяў яна гучала ў выкананні прафесійных і аматарскіх калектываў, самадзейных спевакоў, якія лічылі песню народнай. Так, вядомы беларускі этнамузыколаг З.Я. Мажэйка ўзгадвала: «Народныя спевакі Тонежа ўпарта вераць, што песня гэтая створана ў гады вайны партызанамі. З фактам, што песню стварыў кампазітар Алоўнікаў ужо ў пасляваенны перыяд, яны не згаджаюцца». Як сцвярджае музыкавед І. Зуб- рыч, асобныя радкі песні далі назвы перадачам радыё і тэлебачання, артыкулам, зборнікам. Напрыклад, зборнік вершаў партызанскіх паэтаў «Лясныя песні». Дарэчы, гэтыя вершы ляглі ў аснову араторыі-сімфоніі У. Алоўнікава «Партызанскія песні». Апошнім нумарам гэтага твора стала «Лясная песня».

Кампазітар працаваў над песняй каля года, шукаў праніклівую мелодыю, якая загучала б як успаміны былога партызана. З сямі варыянтаў быў выбраны той, які і стаў сімвалам партызанскай Беларусі. Напеў адрозніваецца прастатой, бо, па задуме аўтараў, ён гучыць з вуснаў партызана, які прайшоў суровыя выпрабаванні вайны.

YuaVvAaU3ik

Ой, бярозы ды сосны —

Партызанскія сёстры,

Ой, шумлівы ты, лес малады.

Толькі сэрцам пачую

Тваю песню лясную

Ды ўспомню былыя гады.

Ды ўспомню пажары,

І варожыя хмары,

І завеі халодных вятроў,

І слату, і нягоды,

І начныя паходы,

І агні партызанскіх кастроў.

Край любімы мой, родны,

Ты на свеце свабодны,

За цябе я на бітву хадзіў,

Каб ніколі, ніколі

Ты не быў у няволі,

Каб прыгожымі кветкамі цвіў.

Адышлі тыя годы,

Адгрымелі паходы,

Толькі пушча за полем шуміць.

Ой, бярозы ды сосны —

Партызанскія сёстры,

Вас ніколі ў жыцці не забыць. 1950 год

***

«Песня аб Заслонаве»

Словы Анатоля Астрэйкі,

музыка Уладзіміра Алоўнікава.

Песня прысвечана Герою Савецкага Саюза, камандзіру партызанскага атрада і брыгады, камандуючаму ўсімі партызанскімі сіламі Аршанскай зоны Канстанціну Заслонаву, які загінуў 13 лістапада 1942 года. Гэта адна з першых песень кампазітара героіка-патрыятычнага зместу. Напісаная на словы нашага земляка, яна падабалася сваёй шырокай, мужнай мелодыяй, сагрэтай цеплынёй і шчырасцю паэтычных вобразаў. Наогул для твораў А. Астрэйкі характэрна сувязь з фальк- лорнай традыцыяй, напеўнасць.

Уладзімір Алоўнікаў — былы франтавік, з самага пачатку і да канца вайны мужна змагаўся з фашыстамі. Калі ён здаваў выпускныя экзамены за поўны курс навучання ў Беларускай кансерваторыі, на Мінск упалі першыя фашысцкія бомбы. І будучы кампазітар адразу ж уступіў дабравольцам у армію. Пасля доўгачаканай Перамогі гвардыі капітан артылерыйскага дывізіёна Уладзімір Алоўнікаў вярнуўся ў пасляваенны разбураны Мінск. Для яго, прафесіянальнага кампазітара, стала галоўнай мэтай увасобіць музычнымі сродкамі падзеі вайны, уславіць незабыўныя вобразы загінуўшых баявых сяброў. Так з’явілася ідэя стварыць галерэю песень-партрэтаў аб героях вайны, іх мужнасці, стойкасці духу, непахіснай вернасці любімай Айчыне. Першай была песня на словы Аляксандра  Лазнявога аб легендарным генерале Даватары, якая паклала пачатак цыклу аб вядомых героях Вялікай Айчыннай вайны.

Як узыдзе сонца сінім раннем веснім,

Як развее над зямлёй туман,

Над краінай пралятае песня,

Песня баявая партызан.

І звіняць-гудуць на ўсю нашу дзяржаву

Гарадоў і вёсак галасы:

Канстанцін Заслонаў — наша слава,

Беларусі-партызанкі сын.

У сцягах Радзімы яркім промнем ззяе

Над усёй савецкаю зямлёй

Доля твая — слава баявая,

Мужны легендарны наш герой. 

1951 год

Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *