В Копыльском районном краеведческом музее проходит выставка «По волнам памяти»

2016 - год культуры Актуально

Заўсёды цікава здзяйсняць вандроўкі ў мінулае. Чаму? Адказ на гэта пытанне я атрымала падчас наведвання Капыльскага раённага краязнаўчага музея, дзе праходзіць выстава, якая так і называецца «Па хвалях памяці».

І асабліва актуальна правядзенне выставы зараз, у аб’яўлены Прэзідэнтам Год культуры.

У дзіцячым закутку ўтульна
У дзіцячым закутку ўтульна

Давайце пройдземся па выставачнай зале разам з дырэктарам музея Валянцінай Шураковай. Дзякуючы яе апантанасці і энтузіязму мы маем магчымасць на свае вочы пабачыць свет, у якім яшчэ паспелі пажыць і самі, у якім жылі нашы бабулі і матулі.

У ліку экспанатаў — рэчы з эпохі СССР. Кожная з іх — частка нашай гісторыі. Не памылюся, калі скажу, што кожны экспанат — гэта своеасаблівы дызайнерскі праект, у вытворчасці якога прымала ўдзел уся краіна.

— Звярніце ўвагу, — расказвае Валянціна Шуракова, — кожная вітрына аформлена накшталт вітрыны магазіна. Вось тут змешчаны цацкі: добрыя, вельмі чалавечныя, яны дапамагалі выхоўваць названыя якасці і ў дзяцей. Гэта — «аддзел» галантарэі: парфумерны набор «Гвоздика» (адэкалон і духі), набор «Весенний» і зараз не згубілі свой арамат, а пацеркі і жаночыя панчохі зусім як новыя. Далей — вырабы з фарфору. І, заўважце, усё зроблена якасна і прывабна. А вось аб прызначэнні гэтай тэхнікі нашы маленькія наведвальнікі нават і не здагадваюцца: бабінны і касетныя магнітафоны выклікаюць у іх воклічы здзіўлення. Зазірніце сюды: гэта куток сапраўднага ранейшага фатографа — тут змешчаны прылады, з дапамогай якіх рабілі здымкі.

Магнітафоны, тэлевізар, радыё — усё зусім, як раней
Магнітафоны, тэлевізар, радыё — усё зусім, як раней

А здымкі ў савецкі час рабілі цікавыя. Аб гэтым распавядаюць стэнды, дзе змешчаны крыху пажаўцелыя фота: вось хлопчыкі ў вышыванках, а гэта камсамольскае вяселле, побач — праводзіны ў армію. Глядзіш — і робіцца крыху сумна: куды дзелася тая душэўнасць, з якой людзі ставіліся адзін да аднаго?..

Так, на выставе змешчана шмат экспанатаў, аб прызначэнні якіх прадстаўнікам маладога пакалення будзе цікава даведацца: плеценая авоська, куды месцілася шмат пустых бутэлек з-пад кефіру, купоны, за якія ў перыяд 80-90 гадоў ХХ стагоддзя можна было набыць неабходныя рэчы, папярэднік сучаснай вылічальнай тэхнікі — арыфмометр і яшчэ шмат чаго. А вось аб тым, як выглядалі пакоі ў кватэры або хаце, можна ўбачыць у тэматычных кутках. Таму, калі вы наведаеце выставу, то з цікавасцю зазірнеце ў мінулае. Паверце, толькі азірнуўшыся назад, можна з упэўненасцю гля-дзець наперад.

І яшчэ. Калі ў вас захоўваюцца старадаўнія рэчы, занясіце іх у музей. Так вы не толькі захаваеце спадчыну, але і добрую памяць пра сябе.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *