АДБЫЎСЯ КОНКУРС ПРАФЕСИЙНАГА МАЙСТЭРСТВА СЯРОД САЦЫЯЛЬНЫХ РАБОТНІКАЎ

Общество

Конкурсы прафесійнага майстэрства сталі ўжо традыцыйнымі на прадпрыемствах і ва ўстановах нашага раёна. У сярэдзіне лістапада тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва гасцінна расчыніў дзверы, запрашаючы ўсіх жадаючых папрысутнічаць на конкурсе, які ўжо дзесяць гадоў запар праводзіцца  сярод работнікаў аддзялення сацыяльнага абслугоўвання. Мэта конкурсу  – павышэнне прафесійнага майстэрства, выяўленне таленавітых работнікаў установы.

Конкурс адкрыла яго вядучая Святлана Пуцейка. Яна ж прадставіла і членаў журы, у склад якога ўвайшлі Валянціна Давідчык, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама; Іван Бабко, начальнік сектара занятасці; Святлана Маліноўская, дырэктар ТЦСАН, Святлана Чарніковіч і Максім Дземідовіч, загадчыкі аддзяленняў ТЦСАН; Конкурсная праграма ацэньвалася па наступных пазіцыях: “Візітка”, “Свет маіх захапленняў”, “Афармленне стэнда”.

Адразу адзначу, што ўсе канкурсанткі адказна рыхтаваліся да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве. У актавай зале былі разгорнуты выставы вырабаў, зробленых іх рукамі і рукамі іх падапечных. Выстава пакінула прыемныя ўражанні сваёй прадуманасцю і добрым густам.

На працягу дзвюх гадзін праходзіла дзейства, якое захапіла не толькі ўдзельнікаў конкурсу: хваляваліся і гледачы, і тыя, хто прыйшоў разам з імі ў якасці групы падтрымкі. На званне лепшай прэтэндавалі шэсць маладых і прыгожых жанчын: Алена Стасевіч, якая абслугоўвае састарэлых людзей у аг. Семежава; Аксана Дарашэвіч (Васільчыцы, Чыжэвічы, Вераб’евічы), Алена Гладкая (Лешня, Кіявічы, Малінаўка), Марына Казак (Садкі, Дунаева, Баркаўцы), Тамара Глембоўская (Лешня, Кіявічы, Домантавічы), Наталля Кузь-міч (Заракаўцы, Вясёлае). У кожнай з іх ёсць свая сям’я, штодзённыя клопаты, але ў любое надвор’е яны спяшаюцца да сваіх падапечных, што за столькі гадоў сталі роднымі, каб дапамагчы ім, аказаць не толькі патрэбныя паслугі, але і духоўную, маральную падтрымку. Гэта па-чалавечы, і гэта чалавечнасць праглядвалася ў характары канкурсантак, у іх непасрэднасці і смеласці.

Кожнае выступленне было па-свойму цікавым. Даверліва распавядалі жанчыны пра сваю работу, пра лёсы тых, каго абслугоўваюць. Ды што і казаць! Усе яны хораша спяваюць, маюць артыстычныя здольнасці і шчырыя,  адкрытыя сэрцы. Апладысменты ў зале не змаўкалі.

Членам журы няпроста было ацаніць таленты, што раскрыліся перад імі. І ўсё ж, па колькасці набраных балаў (74), пераможцай конкурсу выйшла Аксана Дарашэвіч. Другое месца падзялілі паміж сабою, набраўшы па 72 балы, Тамара Глембаўская і Наталля Кузьміч, а трэцяе – заняла Алена Гладкая (71 бал). Ім былі ўручаны каштоўныя падарункі.

Святлана Маліноўская, дырэктар установы, падзякавала ўсім канкурсанткам за ўдзел у конкурсе, выказала пажаданне, каб яны і надалей  плённа працавалі, павышалі сваё прафесійнае майстэрства. Святлана Станіславаўна таксама адзначыла,  што работнікі ўстановы з’яўляюцца членамі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Таму прэзідыум раённага аб’яднання палічыў мэтазгодным адзначыць удзельнікаў конкурсу заахвочвальнымі прызамі (здымак 2).

Пасля завяршэння мерапрыемства  я пагутарыла з пераможцай конкурса. Аксана Дарашэвіч, пасля школы закончыўшы прафесійна-тэхнічнае вучылішча, працавала швачкай на комплексным прыёмным пункце ў Ванелевічах, а з 1996 года – сацыяльны работнік. Работу сваю Аксана любіць, не раз атрымоўвала падзяку ад кіраўніцтва ўстановы. Яе сям’я  жыве ў Васільчыцах. Муж і дзве дачкі-школьніцы надзейны тыл Аксаны Сяргееўны. Гэта даказвае і тое, што на конкурс дзяўчынкі прыехалі разам з матуляй, каб маральна падтрымаць яе (здымак 1).

Хутка завершыцца бягучы год, прыйдзе новы, а напачатку яго – прафесійнае свята работнікаў сацыяльнай службы. Пажадаем усім поспехаў і падзякуем, што яны ёсць.

Любоў ПЯТРОВА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *