В Копыльской районной центральной библиотеке имени А. Астрейко прошла встреча, посвященная 85-летию художника Владимира Пасюкевича

2016 - год культуры Новости

У  Капыльскую раённую цэнтральную бібліятэку імя А. Астрэйкі спяшаліся людзі рознага ўзросту. Яны былі запрошаны на сустрэчу, прысвечаную 85-й гадавіне з дня нараджэння Уладзіміра Маркавіча Пасюкевіча.

Прыйшлі тыя, хто ведаў, сябраваў, сустракаўся з Уладзімірам Маркавічам — цудоўным, таленавітым мастаком і паэтам.

Удзельнікі сустрэчы
Удзельнікі сустрэчы

Ва ўтульнай зале сустракалі гаспадары разам з дырэктарам бібліятэкі Таццянай Пятроўнай Серай. Яна, асабіста кожнага запрашаючы на сустрэчу, запаліла агеньчык жадання наведаць мерапрыемства і не быць раўнадушным. Адразу звярнула ўвагу на выстаўку рэдкіх кніг па мастацтве, якія пры жыцці падарыў бібліятэцы Уладзімір Пасюкевіч (больш за 400 экзэмпляраў), падручнік для студэнтаў, два зборнікі вершаў «Сляды як памяць» (выдадзеныя бібліятэкай), успаміны…

Перад вачамі ўсплываюць старонкі жыцця знакамітага земляка (нарадзіўся ў Капылі 1 сакавіка 1931 г.). А падаюцца яны з вуснаў Таццяны Пятроўны Серай і Ірыны Антонаўны Пятровіч: дарогу ў мастацтва Уладзіміру Маркавічу адкрыў капыльскі настаўнік Мамчыц, затым — вучоба ў Мінску, Маскве, вяртанне ў Мінск, праца ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная  акадэмія мастацтваў) — выкладчык,  дацэнт. У 1963 г. прыняты ў Саюз мастакоў БССР, удзельнічаў  у шматлікіх рэспубліканскіх і Усесаюзных выстаўках мастакоў.

На экране з’яўляюцца яго мастацкія творы, якія здзіўляюць, заварожваюць сваёй праўдзівасцю, прыгажосцю. Гэта сюжэтна-тэматычныя карціны, партрэты, пейзажы, гісторыка-патрыятычныя, прысвечаныя сучаснасці («Змена», 1961; «Мінск зімой», 1963; «На рубяжах Радзімы», 1965) і Вялікай Айчыннай вайне — «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», 1968; «Партызанская быль», 1979 і іншыя. На жаль, усіх немагчыма пералічыць.

З захапленнем слухалі тую частку аповеду, якая тычылася цесных сувязей з Капыльшчынай, і яе адлюстравання ў творчасці. Замілаванне выклікала карціна «Маці», гонар — «Я. Купала і Ц. Гартны» (Я. Купала наведваў Капыль), «Капыль будуецца», «Старыцкія партызаны» і шмат іншых. Па ўсім адчуваецца, што вельмі любіў свае родныя мясціны Уладзімір Пасюкевіч. Ён тут быў частым госцем, меў многа сваякоў, сяброў, знаёмых і проста суразмоўцаў. Многія яго карціны ўпрыгожваюць кватэры, установы горада, 86 карцін — у Капыльскім краязнаўчым музеі, 2 — у раённай бібліятэцы. Адну з карцін аўтар падарыў бібліятэцы 15 верасня 2002 года (першы раз адзначаўся Дзень бібліятэк). У гэты дзень тут адбывалася прэзентацыя зборніка вершаў «Сляды як памяць», куды былі запрошаны і мы з мужам.

Вядучыя - Ірына Пятровіч і Таццяна Серая
Вядучыя — Ірына Пятровіч і Таццяна Серая

Таццяна Серая дзялілася цёплымі ўспамінамі: ён быў частым госцем бібліятэкі. Прагучалі і вершы, якія кранаюць душу. З дазволу Майі Міхайлаўны Маскальковай (Валчкевіч) быў прачытаны адзін з вершаў, прысвечаны ёй. З кожнага слова, радка ліліся пачуцці любові, ласкі, павагі да любімай жанчыны, любага, утульнага, шчаслівага роднага капыльскага куточка. Разынкай сустрэчы сталі ўспаміны Майі Міхайлаўны, якая апошнія 10 гадоў была побач з мастаком пастаянна, дзяліла з ім соль і хлеб, гора і радасць. А сэрца яго перастала біцца 15 мая 2009 года. Са смуткам у голасе яна дапоўніла ўяўленні аб мастаку-творцу, паэту-лірыку, звычайным і незвычайным чалавеку, сем’яніне.

Цікавым дапаўненнем сталі выступленні прысутных, асабліва тых, хто быў знаёмы з Уладзімірам Маркавічам, успаміны аб ім. Так, Любоў Рыгораўна Мотуз добра ведала яго. Акрамя ўспамінаў яна зачытала тэкст своеасаблівай малітвы, якую заўсёды перад пачаткам працоўнага творчага дня прамаўляў мастак. Ядвіга Генрыхаўна Малевіч падзялілася ўражаннямі аб творчасці мастака. І яе крануў лёс мастака, паэта. Вельмі цёпла і ўзнёсла ўспамінала пра земляка Часлава Феліксаўна Грыгаровіч. Яна больш гаварыла пра яго чалавечыя рысы, пра ўклад у развіццё беларускага мастацтва. Асабліва запомніўся прыгожы пявучы голас і песні, рамансы, арыі ў яго выкананні. І пра гэтую акалічнасць не забыліся арганізатары мерапрыемства. Чытальная  зала напоўнілася рамансамі ў выкананні Кацярыны Макараўны Івановай. Удзячнасць земляку гучала ў выступленнях намесніка дырэктара Слабадакучынскай СШ Барыса Дзенісюка і супрацоўніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віталя Рыжкоўскага.

Я ж на сустрэчу прыйшла з пісьмом, адрасаваным юбілярам у далёкім 1982 годзе Паўлу Васільевічу Сямёнаву. На пажоўклым лісточку прыгожы разборлівы почырк. Па настойлівай просьбе Таццяны Пятроўны чытаю: «Паважаны Павел Васільевіч! Сардэчна дзякую, што Вы некалі пахвальна напісалі аб маёй творчасці на старонках Капыльскай раённай газеты. Разам з тым смуткую, што я зрабіў памылку і заўчасна не папярэдзіў Вас аб адкрыцці маёй персанальнай выстаўкі ў Палацы мастацтваў у Мінску… Сардэчна запрашаю Вас наведаць маю выстаўку, якая працягнецца да 3-га мая. З зямляцкім прывітаннем Уладзімір Пасюкевіч».

І атрымалася цёплая, душэўная, патрэбная сустрэча, бо мы павінны ведаць сваіх знакамітых землякоў. Засталося выказаць вялікую падзяку арганізатарам сустрэчы і сказаць: «Прыходзьце ў бібліятэку! Не пашкадуеце!»

Ніна СЯМЁНАВА,

ветэран педагагічнай працы

Фота Паўла ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *