Новый формат сельсоветов

Актуально Афіцыйна

З мэтай упарадкавання межаў тэрыторый сельсаветаў з межамі сельскагаспадарчых арганізацый Капыльскім раённым Саветам дэпутатаў вынесены прапановы па аптымізацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак пярвічнага ўзроўню раёна.

Як паведаміла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, для правядзення арганізацыйных мерапрыемстваў створана адпаведная камісія, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня. У яе таксама ўвайшлі яго намеснікі па напрамках дзейнасці, начальнікі некаторых аддзелаў, структурных падраздзяленняў і старшыні сельвыканкамаў, землі якіх будуць аптымізаваны.

Згодна з распараджэннем кіраўніка раёна распрацаваны каляндарны план мерапрыемстваў. У адпаведнасці з ім, на дадзены момант, да 15 сакавіка, праводзіцца вывучэнне меркавання грамадзян па гэтым пытанні. Ужо была дадзена аб’ява ў раённую газету, а таксама на сайце райвыканкама размешчана інфармацыя з указаннем межаў, што і як будзе змяняцца.

Па словах Ірыны Кісляк, тэрыторыі сельсаветаў, якія закране аптымізацыя, стануць прыкладна аднолькавымі. Такім чынам, калі да гэтага часу ў Слабада-Кучынскім сельсавеце пражывала каля 2750 чалавек, то цяпер бу- дзе каля 2000, і наадварот, у Бабаўнянскім прыкладна з 1560 павялічыцца да 2310. Афармленне ўсіх дакументаў і перарэгістрацыя насельніцтва будуць праведзены аўтаматычна.

Спецыялісты падлічылі, што ніякіх нязручнасцей жыхарам нанесена не будзе. Частка тэрыторый Слабада-Кучынскага сельсавета з населенымі пунктамі: аграгарадок Пясочнае, вёскі Вялешына-1, Калінаўка-2, Лугавая, Шамы, пасёлкі Ганчароўка і Малінаўка будуць далучаны да Бабаўнянскага сельсавета. Такім чынам, адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне будзе адпавядаць прынцыпу «адна гаспадарка — адзін сельсавет».

Таксама закрануць змены і пасёлак Андросаўшчына Капыльскага сельсавета. У ім зарэгістраваны адзін чалавек, а землі, на якіх знаходзіцца населены пункт, належаць ААТ «Старыца-Агра». Цяпер ён будзе далучаны да Слабада-Кучынскага сельсавета, куды, адпаведна, адносяцца землі названай гаспадаркі.

Па папярэдніх прагнозах, усе работы па ўпарадкаванні межаў павінны быць закончаны да мая гэтага года.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *