В сфере общих интересов

Афіцыйна

Найважнейшы прыярытэт у рабоце Саюзнай дзяржавы — усебаковае супрацоўніцтва дзеля дабрабыту народаў.

У Мінску прайшло пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі пад старшынствам кіраўніка нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі. На парадак дня пасяджэння ВДС было вынесена больш за дзясятак актуальных пытанняў.

000019_3FCAF394A5733D0343257F64005F7538_835369

— Мы дамаўляліся Вышэйшы дзяржсавет падрыхтаваць сур’ёзна, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы пасяджэнне. — На этапе падрыхтоўкі мы правялі ўсе належныя мерапрыемствы. Мы тройчы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным абмяркоўвалі пытанні па тэлефоне, двойчы сустракаліся, апошні раз у Сочы, нашы прэм’еры былі ў кантакце. Мы старанна падрыхтавалі ўсе пытанні, вывучылі іх.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў свайму расійскаму калегу за падтрымку і за дапамогу, якую суседняя краіна нам аказвае.

— Мы вельмі рады быць у Беларусі, сапраўды, нашы каманды добра папрацавалі, — адзначыў у сваю чаргу Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. — Мы ведаем, у якім свеце мы жывём, што адбываецца ў сусветнай эканоміцы, у нашай. Нямала пытанняў патрабуюць нашай асаблівай увагі, прычым на найвышэйшым узроўні. У цэлым, хацеў бы адзначыць, што ўсё, што пачалося роўна 20 гадоў таму, — я маю на ўвазе пачатак будаўніцтва Саюзнай дзяржавы — не страчана, наадварот, гэты інтэграцыйны праект паспяхова развіваецца і, безумоўна, у пэўнай ступені становіцца драйверам інтэграцыйных працэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы.

Расійскі Прэзідэнт звярнуў увагу, што менавіта лідар нашай краіны стаяў ля вытокаў стварэння Саюзнай дзяржавы.

— Я хацеў бы вам асобна падзякаваць, таму што менавіта з Вас і Барыса Мікалаевіча Ельцына гэты працэс быў пачаты, — звярнуўся ён да Аляксандра Лукашэнкі. — Сёння мы маем магчымасць зрабіць наступныя крокі ў развіцці нашых асаблівых адносін.

Саюзнае будаўніцтва Беларусь і Расія вядуць у няпростых умовах. «Нашу інтэграцыю выпрабоўваюць на трываласць глабальная эканамічная нестабільнасць, крызіс даверу ў міжнародных адносінах, эскалацыя ўзброеных канфліктаў і абвастрэнне інфармацыйных войнаў», — адзначыў беларускі лідар.

У  той  жа  час Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сітуацыя, якая склалася, не павінна ўплываць на расстаноўку прыярытэтаў у рабоце Саюзнай дзяржавы. І важнейшы з іх — усебаковае супрацоўніцтва дзеля дабрабыту народаў. На яго думку, асновай інтэграцыі працягвае заставацца канструктыўны дыялог у палітыцы, эканоміцы, бяспецы, сацыяльнай і культурнай сферах.

— Упэўнены, што для гэтага ў нас ёсць усе ўмовы. Нядаўна, сустракаючыся з Прэзідэнтам Расіі ў Сочы, мы пацвердзілі наша імкненне ўмацоўваць беларуска-расійскае ўзаемадзеянне па ўсіх кірунках, вырашаць любыя праблемы, што ўзнікаюць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звярнуўшы ўвагу, што на пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета вынесены найбольш актуальныя пытанні саюзнага будаўніцтва.

000049_85811_big

— Першаступенная ўвага надаецца эканамічнаму складніку, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. — Патэнцыял двухбаковых эканамічных адносін мы, на жаль, рэалізуем не ў поўнай меры.

— Ужо, на жаль, трэці год адзначаецца па-дзенне ўзаемнага тавараабароту. У 2015 годзе ён знізіўся больш чым на чвэрць. Гэту негатыўную тэндэнцыю мы можам і павінны пераламіць сумеснымі намаганнямі. Любыя дысбалансы ў стасунках паміж краінамі, няўзгодненасць правядзення эканамічнай палітыкі адчувальныя для нашага ўзаемнага гандлю.

Пра гэта мы таксама толькі што вялі дыялог. Таму ліквідацыя бар’ераў, забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання адзінага рынку тавараў, паслуг, капіталаў, а таксама ўзаемная падтрымка — зоны нашых агульных інтарэсаў, падкрэсліў беларускі лідар.

На пасяджэнні абмяркоўвалася таксама выкананне намечаных прыярытэтных кірункаў і задач развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву.

— Вызначыўшы іх год таму, мы павінны выразна разумець, дзе прасунуліся наперад, а дзе прабуксоўваем, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што вядучыя дзяржавы свету, краіны-суседзі ўдзяляюць пільную ўвагу знешнепалітычнай актыўнасці Беларусі і Расіі, ваенным аспектам супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў.

— Разгляд і зацвярджэнне праграм узгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў-удзельніц Саюзнай дзяржавы на 2016-2017 гады яшчэ адно з самых актуальных пытанняў на парадку дня, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. — Нам неабходна ў поўнай меры ўлічыць вопыт эфектыўнай работы ў рамках выканання мінулага аналагічнага дакумента. Ваенна-палітычныя крызісы, вяртанне шэрагу краін да «блокавага» мыслення, паўсюднае выкарыстанне санкцый як інструмента палітычнага ціску прымушае нас «трымаць порах сухім».

Менавіта з гэтых прычын асаблівая ўвага на ўчарашнім пасяджэнні была ўдзелена абароннаму будаўніцтву.

— У цэлым галоўная задача — максімальна задзейнічаць усе пляцоўкі і фарматы нашай працы для далейшага развіцця супрацоўніцтва і прыняць эфектыўныя рашэнні, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін адзначыў, што Расія настроена і далей паслядоўна рухацца па шляху ўзаемавыгаднай раўнапраўнай інтэграцыі з Беларуссю ў агульнай Саюзнай дзяржаве. «Паспяховы беларуска-расійскі вопыт спрыяў і спрыяе развіццю інтэграцыйных працэсаў на ўсёй прасторы СНД. Наяўныя напрацоўкі актыўна выкарыстоўваліся пры стварэнні Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы і, нарэшце, Еўразійскага эканамічнага саюза», — нагадаў расійскі Прэзідэнт. Ён лічыць, што больш высокую аддачу для развіцця гаспадарчых сувязей можа прыносіць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. У 2015 го-дзе Беларусь наведалі больш за 40 дэлегацый расійскіх рэгіёнаў. Уладзімір Пуцін падзякаваў беларускаму калегу за тое, што ён надае гэтаму напрамку супрацоўніцтва вялікую ўвагу, і пацвердзіў свае планы прыняць удзел у ІІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Мінску ў чэрвені.

Бюджэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на гэты год быў зацверджаны ў памеры больш чым 6 мільярдаў расійскіх рублёў, паведаміў Прэзідэнт нашай краіны ў выніковай заяве пасля пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета. Аляксандр Лукашэнка лічыць гэта важным рашэннем у сённяшняй складанай эканамічнай сітуацыі. Гэтыя грошы ў асноўным пойдуць на выкананне саюзных праектаў і праграм.

— Час, гісторыя ўсё расстаўляюць на свае месцы, і мы яшчэ мацней усведамляем каштоўнасць беларуска-расійскага сяброўства, — адзначыў беларускі лідар. — Мы мелі рацыю, калі захавалі праект Саюзнай дзяржавы, на якой мы адпрацоўваем многія пытанні, што могуць быць карыснымі любой інтэграцыі — у тым ліку і нашай у ЕАЭС.

Па словах кіраўніка нашай краіны, падчас пасяджэння былі разгледжаны ўсе актуальныя пытанні, што тычацца розных кірункаў саюзнага супрацоўніцтва.

— Найважнейшае пытанне — вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі за мінулы год. Сапраўды, мы знаходзімся пад уплывам знешніх пагроз нашым эканомікам. Пра прычыны тут няма сэнсу казаць — яны ўсе вядомыя, але мы прыйшлі да агульнага разумення, што сёння павінны сумесна, яшчэ ў больш шчыльнай звязцы ўдзяляць як мага больш увагі пытанням эканомікі і прыкладаць максімум намаганняў для нарошчвання ўзаемнага тавараабароту, умацавання кааперацыйных сувязей, фарміравання адзінай прамысловай палітыкі, ліквідацыі бар’ераў і выключэнняў на адзіным рынку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На пасяджэнні ВДС разгледжаны таксама ход выканання Прыярытэтных кірункаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014-2017 гады). Паводле слоў беларускага лідара, вызначаны дакладныя арыенціры для далейшых крокаў, накіраваных на захаванне станоўчай дынамікі саюзнага будаўніцтва.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *