В горах под Кандагаром

Актуально Память

Усё далей адыходзяць ад нас падзеі, якія засталіся ў народнай памяці пад назвай афганская вайна. 15 лютага 2016 года  адзначаецца 27-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Менавіта ў гэты дзень, у 1989 годзе, апошняя калона савецкіх войскаў пакінула тэрыторыю гэтай краіны. Па афіцыйных даных вайна ў Афганістане пачалася 25 снежня 1979 года. Мэтай савецкай ваеннай прысутнасці ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан было абвешчана ажыццяўленне міратворчай аперацыі для аказання дапамогі афганскаму народу ў стабілізацыі становішча і адлюстраванні магчымай агрэсіі звонку.

Уладзімір Трыгубовіч нарадзіўся ў в. Харытонаўка. Скончыў Слабадакучынскую СШ. Пасля году навучання ў ПТВ № 38 г. Мінска быў прызваны ў рады Савецкай Арміі ў маі 1985 года. Хутка пачалася падрыхтоўка да службы ў Афганістане. Бацькі, Зоя Паўлаўна і Уладзімір Мацвеевіч, разумелі, дзе будзе служыць іх сын. Таму перад самай яго адпраўкай у Афганістан у ліпені 1985 года прыляцелі ў г. Чырчык, каб даць наказ сыну.

У музеі Слабадакучынскай СШ Уладзімір Трыгубовіч  са старшынёй мясцовай ветэранскай арганізацыі Святланай Астрэйка
У музеі Слабадакучынскай СШ Уладзімір Трыгубовіч са старшынёй мясцовай ветэранскай арганізацыі Святланай Астрэйка

У жніўні 1985 года маладое папаўненне перакінулі ў Афганістан. Знайшліся і землякі. Прадоўжылася служба ў 173-м асобным батальёне (600 чалавек) спецыяльнага прызначэння КДБ СССР, 1-я рота і 1-ы ўзвод, г. Кандагар. Пасля адаптацыі пачаліся баявыя выхады. Дэсантнікаў закідвалі за 50–100 км у «духаўскую» зону верталётамі Мі-8, на брані БТР і БМП. Затым да месца дыслакацыі праходзілі ноччу да 20 км. Трыгубовіч нёс кулямёт ПКМ (з прыцэлам начнога бачання), каробку з кулямётнай лентай (3 кілаграмы), у РД (рукзак дэсантніка) — 1000 патронаў у лентах ці россыпам, тры флягі вады па 1,5 літра (адна на суткі). Усяго — да 60 кг грузу. У гарах дэсантнікі рабілі засады на караваны, якія рухаліся ў Афганістан з Пакістана і Ірана са зброяй, а ў зваротным напрамку ішлі з наркотыкамі.

Ворагі заўсёды з’яўляліся без папярэджання, і пачынаўся бязлітасны бой. Кулі траплялі ў флягу з вадой або збівалі шапкі. Але Трыгубовіч заўсёды выбіраў месца, прыкрытае прыроднай перашкодай. Аднаго разу куля ўсё ж зачапіла салдата: спачатку трапіла ў валун, а затым рыкашэтам прабіла левае вуха і засела ў патыліцы. Ранены і кантужаны, сцякаючы крывёю, дэсантнік Трыгубовіч прадаўжаў біць ворагаў. Была і кантузія пасля падрыву мінай БМП, калі група вярталася з задання. Далей — шпіталь у Кандагары.

Зразумела, Уладзімір не змог паведаміць аб раненні ні маці, ні каханай Наталлі.  Уладзімір, калі паправіўся, пабываў у гарах Аргастана, пустыні Рэгістан. Асабліва дакучваў вецер-афганец. А ноччу замярзалі. На дапамогу прыходзілі сябры. Сярод іх з Капыля Аляксандр Макаранка — лепшы сябар і брат, які дзяліўся з Уладзімірам сваім запасам вады. Побач быў і Уладзімір Кандрукевіч з Кудзінавіч.

У час баявых аперацый гінулі сябры. На вачах Уладзіміра ў красавіку 1986 года душманы збілі два верталёты. Падзенне машын ён назіраў у прыцэл зенітнага кулямёта. Адзін Мі-8, у якім загінулі 12 дэсантнікаў, упаў адразу. А з другога 8 чалавек паспелі выскачыць у паветры, атрымаўшы пераломы канечнасцей і пазваночніка. Засталіся ўжывых толькі чатыры байцы.

Уладзімір не ведае, як аднойчы падхапіў невядомую інфекцыю. Тэмпература цела ўзнялася да 41 градуса. Пяць дзён урачы Кандагарскага шпіталя змагаліся за яго жыццё, ставілі кропельніцы. Крыху парушыўся рытм сэрца. У Кабуле прапаноўвалі падлячыцца. Адмовіўся.

Загад аб звальненні першым у роту прынёс камсорг  батальёна з цікавым прозвішчам Сулыга. Усім паказваў газеты. Але быў яшчэ апошні баявы выхад у красавіку 1987 года. Звольніўся Уладзімір Трыгубовіч у запас 12 мая таго ж года. У дзень свайго 20-годдзя (14 мая) ступіў салдат на родную зямлю Беларусі. У форме дэсантніка, з медалямі і кветкамі прыйшоў Уладзімір у інтэрнат педінстытута да Наталлі. А вечарам маладыя паехалі да Валодзіных бацькоў. Сабраліся госці. Усе хацелі як мага больш даведацца аб вайне.

Уладзімір і Наталля доўга не чакалі: восенню згулялі вяселле. Засталіся на працу ў г. Уздзе, бліжэй да бацькоў. Склалася шчаслівае сямейнае жыццё. Нарадзіліся двое сыноў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю і маюць ужо свае сем’і. Жонка Наталля ва ўсіх справах падтрымлівае мужа. Працаваў ён вадзіцелем аўтобуса ў аўтабазе, затым вадзіцелем у МНС. У 1996 годзе Уладзімір узначаліў Уздзенскую раённую арганізацыю ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». З 2012 года ён ужо ваенны пенсіянер.

За баявыя подзвігі Уладзімір Трыгубовіч узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа», юбілейнымі ўзнагародамі.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *